Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Трэнер зборнай Беларусі не бачыць, як выйсці на топ-турнір з пятага кошыка – вось 7 прыкладаў тых, хто зрабіў гэта (з пашырэннем Еўра іх усё больш)

Трэнер зборнай Беларусі не бачыць, як выйсці на топ-турнір з пятага кошыка – вось 7 прыкладаў тых, хто зрабіў гэта (з пашырэннем Еўра іх усё больш)

Пакуль ДзмIтрый Раўнейка кажа «немагчыма».

Аўтар — bytribuna com
24 сакавіка 2023, 21:46
Трэнер зборнай Беларусі не бачыць, як выйсці на топ-турнір з пятага кошыка – вось 7 прыкладаў тых, хто зрабіў гэта (з пашырэннем Еўра іх усё больш)

У суботу матчам супраць Швейцарыі зборная Беларусі стартуе ў кваліфікацыі ЧЕ-2024. Каманда Георгія Кандрацьева пры лёсаванні была ў пятым кошыку і апынулася ў групе разам са Швейцарыяй, Ізраілем, Румыніяй, Косава і Андорай.

Кандрацьеў акуратна заявіў, што зборная пастараецца «парадаваць заўзятараў» і «здзейсніць спартыўны подзвіг», пад якім разумеецца выхад на ЧЕ, для чаго неабходна займаць адно з двух верхніх месцаў у секстэце. А вось адзін з памочнікаў галоўнага трэнера, як аказалася, прытрымліваецца іншай пазіцыі. Дзмітрыю Раўнейку не падабаецца, што вакол гавораць, што зборная Беларусі павінна выйсці на топ-турнір.

«Потым хвалюемся і крытыкуем сябе, што мы не трапілі. Але на дадзены момант мы адбіраемся з пятага кошыка. Немагчыма, што ты зараз у пятым – і раптам чамусьці павінен быць мацнейшым за каманду, якая з другога», – заявіў асістэнт Кандрацьева.

Аднак у гісторыі еўрапейскага футбола хапае прыкладаў, калі каманды з пятых кошыкаў адбіраліся ў фінальную частку вялікага турніру – і нават даходзілі да чвэрцьфіналу ЧЕ. Вось якім зборным такое ўдавалася амаль за 30 гадоў, пакуль зборная Беларусі ўдзельнічае ў кваліфікацыях.

Турцыя, ЧЕ-1996

1980-я і першая палова 1990-х для турэцкага футбола былі не найлепшым часам. Зборная не паднімалася вышэй за чацвёртае месца ў адборачных групах, а на ЧЕ-1996 туркі сеяліся з пятага кошыка. Перад той кваліфікацыяй зборную прыняў Фаціх Тэрым, які да гэтага на клубным узроўні нічога не выйграваў.

Прызначэнне аказалася паспяховым: коучу ўдалося вывесці Турцыю ў фінальную частку буйнога турніру ўпершыню з 1954 года. У сваёй групе туркі прайгралі ўсяго толькі адзін матч – Швейцарыі (1:2). Ключавымі сталі паспяховыя паядынкі з сапернікамі з больш гучнымі складамі – Швецыяй (2:1, 2:2) і Венгрыяй (2:2, 2:0). Па выніку Турцыя, укамплектаваная толькі футбалістамі з унутранага чэмпіянату, заняла другое месца ў групе і атрымала білет на Еўра ў Англію. У працэсе падрыхтоўкі да ЧЕ ў лютым 1996-га туркі дома правялі спарынг са зборнай Беларусі Сяргея Бароўскага – выйгралі 3:2 (беларускія галы на рахунку Валянціна Бялькевіча і Сяргея Штанюка).

На самім Еўра Турцыі пашумець не ўдалося: прайгралі ўсе тры матчы Харватыі (0:1), Партугаліі (0:1) і Даніі (0:3). Тым не менш працу Тэрыма ў цыкле прызналі паспяховай, але трэнер вырашыў не заставацца ў зборнай, узначаліўшы «Галатасарай».

Славенiя, ЧЕ-2000

Кваліфікацыя ЧЕ-2000 стала да славенскай зборнай трэцяй у суверэннай гісторыі спробай адабрацца на буйны турнір. Дзве папярэднія заканчваліся пятымі месцамі ў сваіх групах. Перад адборам пасаду галоўнага трэнера заняў малады спецыяліст Срэчка Катанец, які таксама да гэтай працы не паспеў сябе нідзе толкам праявіць. Аднак коўчу ўдалося аб“яднаць каманду, дзе галоўнай зоркай стаў паўабаронца «Порту» Златка Захавіч. Падчас адборачных матчаў хаўбек забіў восем мячоў, уступіўшы ва ўсёй кваліфікацыі па колькасці галоў толькі Раулю (11).

У адборы Славенія страціла ачкі з Грузіяй (1:1), а таксама двойчы саступіла Нарвегіі (1:2, 0:4) – аднак фінішавала на другім месцы і трапіла ў плэй-оф на Украіну. Эксперты прадракалі няўдачу з-за моцнай звязкі украінцаў Шаўчэнка-Раброў. Абодва нападаючыя забілі ў вароты славенцаў па мячы, аднак тыя адказалі трыма галамі. Вырашальны балканцы аформілі за 12 хвілін да фінальнага свістка ў кіеўскім паядынку ў адказ.

На Еўра дэбютанты не ўдарылі ў бруд тварам. У стартавай гульні Славенія згуляла ўнічыю з Югаславіяй (3:3) і годна саступіла Іспаніі (1:2). Перад заключнай гульнёй у падапечных Катанеца заставаліся шанцы на чвэрцьфінал, аднак для выхаду з групы безгалявой нічыі з нарвежцамі не хапіла.

Славенiя, ЧС-2010

Наступныя адборы для славенцаў праходзілі па-рознаму. Каманда то выходзіла на ЧС-2002, то гуляла ў плей-оф кваліфікацыі, то займала шостае месца ў групе. Няўдачы адкінулі славенцаў адразу ў пяты кошык перад лёсаваннем еўраадбору ЧС-2010. Першыя шэсць матчаў зборная правяла няўдала, набраўшы ўсяго восем ачкоў. Але выправілі становішча чатыры заключныя паядынкі, у якіх Славенія ўзяла максімум балаў і абыйшла Чэхію, Паўночную Ірландыю і Польшчу.

На гэтым кваліфікацыя не скончылася – славенцы патрапілі ў плэй-оф на Расію, прайграўшы першы матч у гасцях з лікам 1:2. Паядынак у адказ атрымаў скандальную вядомасць. Падчас гульні славенскія заўзятары актыўна закідвалі расійскага варатара Ігара Акінфеева іншымі прадметамі, аднак нарвежскі суддзя Тэр“е Хаўге рэагаваць на гэта не стаў. А затым выдаліў дваіх расійскіх футбалістаў – Аляксандра Кержакова (памылкова) і Юрыя Жыркова. Славенцы перамаглі 1:0 і за кошт гола на выездзе другі раз у гісторыі адправіліся на ЧС.

У групе на мундыялi Славенія аказалася мацнейшай за Алжыр (1:0), а затым страціла перамогу над ЗША (2:2). Усё вырашыла гульня супраць Англіі: славенцаў задавольвала нічыя, аднак англiчане перамаглі 1:0 і адправіліся ў 1/8 фіналу, пакінуўшы сапернікаў без плэй-оф.

Албанiя, ЧЕ-2016

Пяць папярэдніх адбораў перад стартам кваліфікацыі ЧЕ-2016 «горныя арлы» станавіліся пятымі ў сваіх групах. Нічога добрага не абяцала і новае лёсаванне – у супернікі дасталіся зборныя Партугаліі, Даніі, Сербіі і Арменіі. Але з-за пашырэння колькасці ўдзельнікаў Еўра да 24 з групы наўпрост атрымлівалі пуцёўкі на ЧЕ дзве каманды, а трэцяя адпраўлялася ў плэй-оф.

Албанская кампанія стала адной з самых яркіх у апошніх еўраадборах. Каманда пачала з сенсацыйнай вікторыі над Партугаліяй (1:0). Затым здарыўся скандальны матч у Бялградзе, спынены на 42-й хвіліне з-за дрона са сцягам «Вялікай Албаніі» над полем. Усё завяршылася бойкай футбалістаў, пасля чаго арбітр павёў каманды з поля. Ва УЕФА Албаніі прысудзілі тэхнічную паразу, а Сербіі не налічылі ачкоў. Рашэнне апратэставалі абодва бакі, але не дабіліся выніку. Неўзабаве пайшла скарга ў Спартыўны арбітражны суд у Лазане, і 10 ліпеня 2015-га той вырашыў ужо залічыць тэхнічную перамогу Албаніі 3:0, а сербаў за албанскі дрон над стадыёнам дадаткова пазбавіць трох ачкоў.

Важкі ўклад у выхад на Еўра ўнеслі дзве нічыi з датчанамі (1:1, 0:0). Зборная магла стварыць сенсацыю і ў матчы ў адказ з Партугаліяй, аднак тая вырвала перамогу на 90+2-й хвіліне (1:0). Сціплых 14 ачкоў у васьмі матчах Албаніі хапіла на другое месца ў групе.

На ЧЕ албанцы прайгралі два стартавыя паядынкі Швейцарыі (0:1) і Францыі (0:2). Пры гэтым два мячы ад гаспадароў турніру былі прапушчаныя на апошніх хвілінах матчу. Заключная гульня групы, якая для Албаніі ўжо нічога не вырашала, скончылася перамогай над Румыніяй (1:0).

Iсландыя, ЧЕ-2016

Пашырэннем колькасці ўдзельнікаў Еўра скарысталіся і ісландцы, якія раней у кваліфікацыі ЧЕ толькі раз займалі трэцяе месца. У адборы 370-тысячная дзяржава ўчыніла сапраўдны фурор, двойчы абыграўшы бронзавых прызёраў ЧС-2014 Нідэрланды (2:0, 1:0). Усе тры мячы ў вароты «аранжавых» на свой рахунак запісаў форвард «Суонсі» Гільфі Сігурдсан. Таксама па ходзе кваліфікацыі «астравіцяне» абыгрывалі Турцыю (3:0), Латвію (3:0), Казахстан (3:0) і Чэхію (2:1). Пуцёўку на першы ў сваёй гісторыі буйны турнір Ісландыя гарантавала яшчэ за два матчы да заканчэння адбору, заняўшы другое месца ў сваім секстэце і пакінуўшы Нідэрланды без ЧЕ.

Поспех зборнай звязвалі з агульным футбольным бумам на востраве. Раней там было ўсяго два штучныя палі. У 2000-х улады пачалі паўсюдна класці сінтэтыку і будаваць футбольныя манежы. Гэта дазволіла не толькі здзейсніць рэзкі скачок у папулярнасці футбола, але і скараціць спажыванне алкаголю і тытуню сярод падлеткаў.

Здзіўляць Еўропу ісландцы працягнулі ў фінальнай частцы ЧЕ. Пад памятнае «ху» сваіх фанатаў каманда не прайграла ніводнага матча ў групе – нічыi з Партугаліяй (1:1) і Венгрыяй (1:1) плюс перамога над Аўстрыяй (2:1). Так Ісландыя выйшла ў 1/8 фіналу – а там сенсацыйна аформіла валявую перамогу над англічанамі (2:1). Спыніць дэбютантаў здолела толькі гаспадыня турніру Францыя, якая абыграла Ісландыю ў чвэрцьфінале з лікам 5:2.

Паўночная Ірландыя, ЧЕ-2016

Мала хто ставіў перад стартам кваліфікацыі на «зялёна-белую армію», якая раней не адбіралася на Еўра. Апынуўшыся ў адной групе з Грэцыяй, Венгрыяй, Румыніяй, Фінляндыяй і Фарэрскімі астравамі, паўночнаірландцы прайгралі толькі адзін паядынак, уступіўшы румынам 0:2. Каманда стала адной з першых, якія атрымалі пуцёўку ў фінальную частку ЧЕ. Першае месца ў секстэце брытанцы гарантавалі сабе яшчэ перад заключным матчам, калі перамаглi Грэцыю (3:1). Героем зборнай тады стаў нападаючы «Рызеспора» Кайл Лаферці, які забіў за цыкл шэсць мячоў з гульні.

У працэсе падрыхтоўкі да фінальнай часткі Еўра паўночнаірландцы дома ў перадапошнім спарынгу прынялі Беларусь – і разграмілі яе 3:0. Гэта была першая буйная параза пры Аляксандры Хацкевічы.

На ЧЕ Паўночная Ірландыя ў сваёй групе прайграла два матчы Польшчы (0:1) і Германіі (0:1). Паміж паражэннямі камандзе ўдалося даволі нечакана абыграць Украіну (2:0). Гэта дазволіла заняць трэцяе месца, з якога паўночнаірландцы па дадатковых паказчыках прабіліся ў 1/8 фіналу. Там каманда з-за аўтагола на 75-й хвіліне зноў прайграла 0:1 – суседзям з Уэльса.

Паўночная Македонія, ЧЕ-2020

2020-ы стаў знакавым у гісторыі футбола Паўночнай Македоніі – «чырвоныя львы» ўпершыню выйшлі ў фінальную стадыю буйнога турніру. Спачатку каманда спрабавала гэта зрабіць праз класічную кваліфікацыю, дзе сеялася з пятага кошыка. Па выніку македонцы занялі рэкорднае для сябе трэцяе месца ў адборачнай групе, прапусціўшы наперад Польшчу і Аўстрыю і пакінуўшы ззаду Славенію, Ізраіль і Латвію.

Але быў яшчэ адзін шанц – зборная з легендай Горанам Пандзевым стала першай у сваёй групе дывізіёна D Лігі нацый, апярэдзіўшы Арменію, Гібралтар і Ліхтэнштэйн. У паўфінале плей-оф за адзінае месца на ЧЕ Паўночная Македонія дома выбіла Косава (2:1) – у паралельным паўфінале Беларусь гуляла з Грузіяй, і, як вядома, прайграла 0:1. У фінале гаспадарамі былі грузіны – але македонцы здолелі выйграць (1:0) і аформіла гістарычны выхад на Еўра.

На турніры, які з-за пандэміі каранавіруса прайшоў у 2021-м, Паўночнай Македоніі не ўдалося стварыць сенсацыю. Пандзеў і кампанія прайгралі ўсе тры матчы ў групе – Аўстрыі (1:3), Украіне (1:2) і Нідэрландам (0:3). Затое моцна пашумелі ў адборы ЧС-2022 – туды патрапілі ўжо з чацвёртага кошыка, але вышлі ў плэй-оф адбору і выбілі Італію, пасля чаго, праўда, саступілі Партугаліі і на мундыяль так і не паехалі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты