Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Хто запальвае ў «Іслачы» на старце сезона: новы афрыканец, расійскі аналаг зоркі АПЛ, аўтар топ-гола ў юбілей

Хто запальвае ў «Іслачы» на старце сезона: новы афрыканец, расійскі аналаг зоркі АПЛ, аўтар топ-гола ў юбілей

Пад кіраўніцтвам трэнера без ліцэнзіі.

Аўтар — bytribuna com
12 красавіка 2023, 12:32
Хто запальвае ў «Іслачы» на старце сезона: новы афрыканец, расійскі аналаг зоркі АПЛ, аўтар топ-гола ў юбілей

«Іслач» разам з «Энергетыкам-БДУ» – каманды ЧБ з самымі значнымі пераменамі ў мінулым міжсезонні. Стан «ваўкоў», якія занялі пяты радок па выніках сезона-2022, зімой пакінулі дзевяць гульцоў асноўнай абоймы: Сяргей Ігнатовіч («Шахцёр»), Мікіта Сцяпанаў («Атырау», Казахстан), Руслан Лісаковіч («Дынама» Махачкала, Д2 Расіі) , Уладзіслаў Марозаў і Алег Нікіфарэнка (абодва – мінскае «Дынама»), Дзмітрый Лісаковіч i расiянiн Кірыл Глушчанкаў (абодва – «Тарпеда-БелАЗ»), Герман Баркоўскі («Энергетык-БДУ») і нігерац Даніэль Созах («Крыўбас», Украіна). Пайшоў і галоўны трэнер Арцём Радзькоў, прызнаны па выніках 2022 года найлепшым у вышэйшай лізе.

Дэ-факта новым галоўным трэнерам «Iслачы» стаў Дзмітрый Камароўскі, які год уваходзіў у штаб Радзькова пасля завяршэння гульнявой кар“еры. Дэ-юрэ каманду ўзначальвае Сяргей Бароўскі – таму што ў Камароўскага наогул няма трэнерскай ліцэнзіі. 36-гадовы экс-гулец толькі пачаў навучанне на катэгорыю «Б» – гэта адна з трох прыступак, якія трэба паступова прайсці для атрымання па рэгламенце права ўзначальваць каманду ЧБ. Цікава, што адным з выкладчыкаў Дзмiтрыя на курсах з“яўляецца яго фактычны асістэнт.

Увогуле, з улікам такіх глабальных змен «Іслач» не выглядала як магчымы прэтэндэнт на высокія месцы ў новым чэмпіянаце. І першы тур толькі ўмацоўваў уражанне – клуб без шанцаў саступіў мінскаму «Дынама» (0:3).

Але ў двух наступных турах падапечныя Камароўскага ўчынілі два разгромы – у пацярпелых брэсцкае «Дынама» (3:0) і «Смаргонь» (4:0). «Іслач» ідзе на другім месцы па колькасці галоў (7, больш толькі ў сталічнага «Дынама» – 8) і колькасці небяспечных атак (166, наперадзе ўсё тое ж «Дынама» – 176), а таксама лідзіруе па чаканых галах (xG) – 6,35.

Вось хто цягне маладую каманду сёлета: афрыканец са спісу найлепшых праспектаў свету, двайнік ван Дэйка і выхаванец «Шахцёра» без аніводнага матча за аснову салігарчан.

Прынс Аду, 19 гадоў

Старт сезона паказвае, што ў клубе ў чарговы раз трапна падпісалi новага афрыканскага гульца – ганскага форварда, які па выніках 2020-га трапіў у спіс самых перспектыўных футбалістаў свету 2003 года нараджэння.

Прынамсі, на ўзроўні ЧБ Прынс Аду ў парадку. Ён ужо двойчы забіў і зрабіў асіст, але галявых дзеянняў магло быць куды больш. Матч супраць Брэста ён пачаў з вынiковай перадачы на Уладзіслава Жураўлёва: афрыканец без вялікіх намаганняў абыграў на флангу Ігара Тыманюка і зрабіў падачу на далёкую штангу.

Праз хвіліну Аду ўжо мог забіваць сам, але пасля прастрэлу Дзяніса Мітрафанава прамахнуўся з выгаднай пазіцыі. Форвард з Казахстана яшчэ двойчы дарыў забойныя моманты партнёру – у першым тайме выводзіў Прынса на рандэву з галкіперам, але ў ганца не атрымаўся ўдар, а ў другім выкаціў пад удар ва ўпор, але брамнік «Дынама» Міхаіл Казакевіч зрэагаваў вельмі добра (адзнака 7:32).

Адарваўся ганец у Астраўцы супраць «Смаргоні», дзе аформіў дубль. У першым тайме ў барацьбе з абаронцам саперніка ў чужой варатарскай Аду замкнуў прастрэл з флангу. У канцы 45-хвілінкі афрыканец сам стварыў сабе момант, уцёкшы і нафiнцiўшы супраць абаронцаў, але закручаны ўдар у далёкі кут адбіў галкіпер «Смаргоні» Павел Ахрамчук. А вось у другім тайме Аду давяршыў разгром, адгукнуўшыся на пас з уласнай штрафной – абаронца Ілля Жукаў згубіўся пад напорам ганца і ўжо валіў таго на газон, але форвард не стаў падаць, а змог усё ж дабрацца да мяча і добра прабіць у кут.

Па выніках матчу са «Смаргонню» Аду патрапіў у сімвалічную зборную тура лігі.

Ілля Калачоў, 23 гады

Аўтар згаданай перадачы на Аду са сваёй штрафной – цэнтральны абаронца, абраны капітанам «Іслачы» на сезон-2023. Ураджэнец расійскай Самары і выхаванец маскоўскага «Дынама» Калачоў на Радзіме на дарослым узроўні выступаў выключна ў Д2: пасля сыходу з структуры «Дынама» па паўгода правёў у «Томі», «Нафтахіміку» і «Алімпе-Даўгапрудным», адкуль і пераехаў летам мінулага гады ў Беларусь.

Ілля правёў за другую частку мінулага года ў клубе 13 матчаў і вызначыўся адным асістам. Сёлета ў матчы супраць брэсцкага «Дынама» зрабіў яшчэ адзін – удала скінуў на Глеба Роўду пасля вуглавога. А потым і вызначыўся першым голам на дарослым узроўні – давяршыў разгром «заходнікаў», выдатна згуляўшы на апярэджанні таксама пры падачы ад сцяжка. Расiйскі абаронца пасля гэтага трапіў у зборную тура «вышкі».

Па важнасці для каманды напрошваецца параўнанне Калачова з капітанам «Ліверпуля» і зборнай Нідэрландаў Вірджылам ван Дэйкам – расiянiн носіць аналагічную прычоску, ды і антрапаметрыяй, і крыху тварам нагадвае зорку АПЛ.

Валерый Сянько, 25 гадоў

Паўабаронца прыйшоў у «Іслач» з дзяржынскага «Арсенала», дзе правёў два з паловай гады (81 матч ва ўсіх турнірах, 15+22). Да гэтага выхаванец «Шахцёра» згуляў па 8 матчаў у вышэйшай лізе за мінскі «Луч» і «Славію», а вось за першую каманду салігарчан не правёў ні хвіліны, хаця некалькі разоў у заяўку ў сезоне-2017 трапляў. Таксама на рахунку Сянько 6 матчаў за маладзёжку «гарнякоў» у юнацкай ЛЧ, дзе яго аднаклубнікамі былі Макс Эбонг і Віталь Лісаковіч.

У «Іслачы» плэймэйкеру аддадзены ўсе стандартныя палажэнні – менавіта ён рабіў абедзве падачы з кута поля, якія скончыліся галамі ў вароты брэсцкага «Дынама». А матч супраць «Смаргоні» праходзіў у 25-ы дзень нараджэння Сянько – і той ужо ў пачатку гульні за хвіліну аформіў гол і асіст. Прычым забіты ад перакладзіны далёкім стрэлам з лёту мяч атрымаўся вельмі прыгожым.

Па выніках тура Сянько, як і Аду, патрапіў у сімвалічную зборную лігі.

Глеб Роўда, 20 гадоў

Малады вінгер увесь мінулы сезон выступаў за «Іслач» на правах арэнды з мінскага «Дынама». Гэтай жа зiмой стаў паўнавартасным гульцом ваўкоў і за стартавую частку чэмпіянату-2023 забіў ужо больш, чым за 20 матчаў мінулага розыгрышу. У матчы супраць берасцейцаў Роўда, як ужо згадвалася, вызначыўся з перадачы Калачова, а супраць «Смаргоні» выбіў 1+1: спачатку забiў сам пасля згаданага асіста Сянько, а праз шэсць хвілін аддаў галявую на Аду.

Каго яшчэ можна адзначыць?

Галкіпер Аляксандр Свірскі (24 гады) атрымаў шанц праявіць сябе ў асноўным складзе пасля не самай удалай гульні Ягора Генералава ў першым туры. Матч супраць брэсцкага «Дынама» стаў першым для выхаванца БАТЭ ў вышэйшай лізе. За 180 дэбютных хвілін у элітным дывізіёне Свірскі не прапусціў.

Крайні абаронца Вадзім Пігас (21 год) зімой мог апынуцца ў БАТЭ (ён таксама выхаванец барысаўскага клуба), але па выніку застаўся ў «Іслачы». На старце Пігас без вынiковых дзеянняў, але ўжо з трапленнем у сімвалічную зборную тура – супраць Брэста ён быў вельмі актыўны, шэсць разоў біў па варотах і мог стаць аўтарам асіста.

За першую каманду «ваўкоў» 18-гадовы вінгер Уладзіслаў Жураўлёў дэбютаваў у канцы мінулага сезона, выйшаўшы ў канцоўках сустрэч супраць «Віцебска» і «Тарпеда-БелАЗ», зрабіўшы асіст з жодзінцамі. А ўжо ў гэтым сезоне вызначыўся дэбютным голам на дарослым узроўні ў матчы супраць брэсцкага «Дынама» – гэта і першы гол у гісторыі «Іслачы» ў выкананні іх выхаванца.

Нельга не адзначыць і ўжо згаданага форварда з Казахстана Дзяніса Мітрафанава (21 год), які перайшоў зімой з казахстанскага «Атырау» былога трэнера «Iслачы» Вiталiя Жукоўскага. Калі б не рэалізацыя партнёраў, асабліва Аду, легіянер мог бы быць на вяршыні спісу найлепшых асістэнтаў лігі.

Іншыя пасты блога

Усе пасты