Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Дэталі беспераможнага рэкорду футбольнай Беларусі: большасць сустрэч з нулём гледачоў, у самым невыразным матчы зачапілі ачко, аднойчы нават не адбіваліся

Дэталі беспераможнага рэкорду футбольнай Беларусі: большасць сустрэч з нулём гледачоў, у самым невыразным матчы зачапілі ачко, аднойчы нават не адбіваліся

У Кандрацьева серыя яшчэ больш магутная.

Аўтар — bytribuna com
17 чэрвеня, 13:00
Дэталі беспераможнага рэкорду футбольнай Беларусі: большасць сустрэч з нулём гледачоў, у самым невыразным матчы зачапілі ачко, аднойчы нават не адбіваліся

16 чэрвеня зборная Беларусі прайграла Ізраілю (1:2) у чарговым матчы адбору ЧЕ-2024. Гэтая сустрэча стала гістарычнай – беларуская каманда паўтарыла рэкорд па колькасці афіцыйных матчаў без перамог запар, устаноўлены ў канцы мінулага стагоддзя.

Пра ўклад канкрэтных гульцоў у сёлетнюю серыю мы яшчэ пагаворым асобна. А пакуль – статыстычныя факты.

Ніводны з матчаў серыі не прайшоў у Беларусі. Зборнай даводзілася прымаць супернікаў у іншых краінах – спачатку з-за прымусовай пасадкі самалёта з Раманам Пратасевічам, а затым з-за санкцый у адказ на вайну ва Украіне. Тры фармальна «хатніх» матчы Беларусь правяла ў расійскай Казані, чатыры – у сербскім Нові-Садзе і яшчэ адзін – у венгерскім Будапешце. На нейтральным полі прайшоў і адзін выязны матч беларускай каманды – славакі не захацелі прымаць яе дома і перанеслі сустрэчу ў сербскую Бачку-Таполу.

9 з 16 матчаў серыі прайшлі без гледачоў на стадыёне. Восем разоў гэта адбылося па правілах УЕФА пра дамашні матч на нейтральнай тэрыторыі, а самая першая сустрэча з серыі, разгром у Бельгіі, была закрытая для наведвальнікаў з-за каранавірусных абмежаванняў.

За 16 гульняў тры беларускай камандзе ўдалося звесці да нічыіх. Упершыню гэта ўдалося толькі ў дзевятай сустрэчы серыі – 0:0 з Азербайджанам у Лізе нацый. Там жа былі па 1:1 з Казахстанам і Славакіяй. Усе 10 матчаў адбораў да ЧС і ЧЕ Беларусь прайграла. Так што ўжо можна казаць, што цяперашняя зборная горшая за тую, што не выйгравала 16 разоў запар у 1990-х – там былі толькі матчы адбору да ЧС і ЧЕ, запар было максімум шэсць паражэнняў, а нічыіх здарылася чатыры: з Латвіяй, Даніяй і двойчы самой Італіяй.

Толькі раз за цяперашнюю серыю беларускія зборнікі забілі два мячы – у трэцім яе матчы ў вароты Уэльса, якому прайгралі 2:3. Яшчэ шэсць разоў атрымлiвалася адзначацца адным голам з тым жа Уэльсам, Казахстанам (двойчы), Славакіяй, Румыніяй і Ізраілем. У астатніх дзевяці выпадках Беларусь не забівала ўвогуле.

Гол Макса Эбонга Ізраілю на 16-й хвіліне – самы хуткі беларускі ў серыі. Да таго распячатваць чужыя вароты ўдавалася мінімум на 29-й хвіліне – Віталь Лісаковіч забіў Уэльсу, а потым Павел Сядзько на 30-й адразу ж вызначыўся яшчэ раз. Яшчэ пяць мячоў, якія ўдалося забіць беларускай камандзе, былі праведзеныя на 45-й, 45+3-й, 85-й, 86-й і 87-й хвілінах.

«Сухімі» атрымалася пакінуць вароты зборнай толькі аднойчы – 6 чэрвеня 2022-га ў ЛН не здолеў забіць Азербайджан. Але двойчы зрабіў гэта ў другой гульні супернікаў – так што засцерагчыся ад галоў Беларусь за час серыі не змагла ні з адным праціўнiкам. Больш, чым адзiн мяч за матч, так і не змаглі забіць беларускай камандзе толькі славакі (у ЛН выйгралі 1:0 і згулялі ўнічыю 1:1). Толькі адным прапушчаным у канкрэтнай сустрэчы Беларусь абмяжоўвалася яшчэ тройчы – супраць Чэхіі, Бельгіі і Казахстана.

З Ізраілем Беларусь нетыпова доўга не прапускала. Хоць у серыі было і лепш – Азербайджан змог забіць толькі праз 166 хвілін (выніковыя 0:0 у першым матчы і да 76-й хвіліны другога). Ну а самыя хуткія галы ў беларускія вароты афармлялі Уэльс (у першым матчы Гарэт Бэйл забіў на 5-й хвіліне, у другім – Ааран Рэмсі ўжо на 3-й) і Швейцарыя (Рэната Штэфен на 4-й хвіліне).

Рэкорд па прапушчаным у канкрэтным матчы – усё тыя ж 0:8 з Бельгіяй. Яшчэ два разы ў беларускую браму ўлятала па пяць мячоў – з Уэльсам (1:5) і Швейцарыяй (0:5). Па галах аднаго саперніка ў лідарах таксама Бельгія (8:0 і 1:0 – дзевяць забітых) і Уэльс (3:2 і 5:1 – восем). Агульная розніца мячоў Беларусі за 16 матчаў – забойныя 8:38. Для параўнання, у 1990-х пры такой серыі было 7:24.

Бліжэй за ўсё да таго, каб перапыніць серыю, Беларусь была ў самым свежым матчы – вяла ў ліку з 16-й па 85-ю хвіліну. Так доўга трымаць перавагу па ходзе серыі раней не атрымлівалася – ды і весці ўдавалася ўсяго-то два разы: з Уэльсам (рахунак 2:1 трымаўся 39 хвілін) і Славакіяй (1:0 было 20 хвілін).

За 16 матчаў Беларусь толькі раз пераўзышла суперніка па валоданні мячом – у нічыйным (1:1) матчы з Казахстанам набрала 60%. У шасці выпадках працэнт валодання быў ад 40 да 50, у васьмі – ад 30 да 40. Антырэкорд – у нічыйным матчы са Славакіяй (1:1), усяго 25% валодання.

Камбінацыйная гульня – гэта не пра зборную Беларусі. Нават 300 дакладных пасоў за матч – ужо дасягненне. За час серыі так было з Чэхіяй (324 пры выніковых 0:2), Казахстанам (468 пры 1:1) і Румыніяй (336). Уласна, 1:1 з Казахстанам можна лічыць адзіным матчам, дзе Беларусь вяла гульню. А мацней за ўсё ўкаталі яе ў таксама ўжо згаданым матчы пры 1:1 са Славакіяй – беларускія зборнікі зрабілі толькі 85 дакладных перадач (для параўнання, пры 0:8 з Бельгіяй было 273).

Рэкорд Беларусі па ўдарах у створ за матч серыі – шэсць у згаданым матчы з Казахстанам. Па чатыры разы ўдавалася дакладна прабіць па варотах Азербайджана (пры 0:0) і Румыніі (якой прайгралі 1:2). Двойчы было зафіксавана нуль удараў у створ – пры 0:8 з Бельгіяй і 0:2 з Чэхіяй. А часам паказвалі звышэфектыўнасць – Славакіі пры 1:1 і толькі што Ізраілю забівалі адзінымі за матч дакладнымі ўдарамі.

Антырэкорд па ўдарах у створ беларускай брамы – 15 ад Бельгіі, якая забіла восем. Галоў было больш, чым палова ўдараў у створ, яшчэ не раз – Эстонія забіла два пры двух такіх ударах, Азербайджан, Казахстан і Румынія – два пры трох, Уэльс – пяць пры сямі, Швейцарыя – пяць пры шасці. А вось пры нічыёй 0:0 Азербайджан не забіў ні разу, хаця ўдараў у створ нанёс шэсць.

Пачаў серыю як галоўны трэнер зборнай Міхаіл Мархель – але 0:8 з Бельгіяй сталі для яго апошнім матчам. Астатнія 15 на чале каманды правёў Георгій Кандрацьеў – некаторыя крыніцы выключаюць матч у Эстоніі ў 2021-м, куды трэнер не паляцеў з-за лёгкай формы каранавіруса, але такая хвароба ніяк не перашкаджала дыстанцыйна даваць указанні штабу, таму мы запісваем і гэтую гульню на рахунак Кандрацьева. А наогул у яго ўжо 22 запар афіцыйных матча без перамог на чале зборнай – даўно пабіты папярэдні рэкорд Міхаіла Вергеенкi ў 13 такіх паядынкаў. Выйграў Кандрацьеў як галоўны трэнер першай зборнай усяго адзін матч – у 2012-м супраць Грузіі.

За час серыі зборная Беларусі праваліла дзве задачы з «Канцэпцыі развіцця футбола ў Рэспубліцы Беларусь на доўгатэрміновую перспектыву да 2028 года», якую ў 2021-м апублікавала АБФФ. Згодна з «планам-прагнозам» з дакумента, у адборы на ЧС-2022 каманда павінна была выйсці ў плэй-оф, а групу Лігі нацый у 2022-м выйграць – але замест гэтага двойчы заняла апошняе месца. У адборы да ЧЕ-2024 зноў прапісаны плэй-оф – але пасля трох паражэнняў на старце пра яго можна не марыць.

Іншыя пасты блога

Усе пасты