Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Драгун і ка не прабіліся да расiйскіх аматараў – на шляху ўстаў беларус, які некалі зладзіў «карагандзец» для БАТЭ

Драгун і ка не прабіліся да расiйскіх аматараў – на шляху ўстаў беларус, які некалі зладзіў «карагандзец» для БАТЭ

Не дапамог і дзейны брамнік з мiнскага «Дынама».

Аўтар — Сабiна Алiева
27 жніўня, 14:00
Драгун і ка не прабіліся да расiйскіх аматараў – на шляху ўстаў беларус, які некалі зладзіў «карагандзец» для БАТЭ

Мы ўжо расказвалі пра тое, як беларуская каманда DMedia рвалася ў расійскую аматарскую медыялігу. Калектыў быў створаны на базе мінскага «Дынама» пад апекай рэжымнага «міністра спорту» Сяргея Кавальчука, а канкурэнтаў за турнірнае месца ўнутры краіны адсунулі, кiнуўшы за краты іх лідара.

Але адразу ў асноўны, групавы этап лігі расійскія арганізатары DMedia не пусцілі – трэба было выйграць стыкавыя матчы супраць казахстанскага «Уральца». У абедзвюх сустрэчах DMedia наогул не думала пра «медыйныя» паказчыкi – у складзе былі запар вядомыя нядаўнія футбалісты, а вароты абараняў наогул дзеючы кіпер дубля «Дынама» Андрэй Сіненка.

У першым матчы (праходзіў у Маскве) каманда з Казахстана «гарэла» спачатку 0:2, а пазней 1:3, але змагла выцягнуць нічыю – трэці мяч забіў беларускі форвард «Уральца» Ігар Зяньковіч. Перад матчам у адказ у Мiнску гулец DMedia Філіп Рудзік зазываў на матч тым, што абяцаў дзіцячай аўдыторыі прывезці іх расійскіх улюбёнцаў – з улікам гісторыі з заключэннем канкурэнта словы «толькі мы» гучалі злавесна.

Але ў мiнскай сустрэчы «Уралец» абламаў беларускую каманду – выйграў 1:0. А адзіны гол аформіў усё той жа Зяньковіч.

У кар'еры Зяньковіча, які шмат пагуляў у Казахстане як прафесіянал, ёсць і больш вядомы момант, калі ён стаў на шляху каманды з Радзімы. У 2013 годзе футбаліст зладзіў, як празвалі заўзятары, «карагандзец» у другім адборачным раундзе Лігі чэмпіёнаў для БАТЭ (дзе ў свой час пачынаў кар'еру). Дзесяць гадоў таму Зяньковіч выступаў за «Шахцёр» з Караганды, стаў аўтарам адзінага гола ў матчы ў адказ з барысаўчанамі і выкінуў з еўракубкаў каманду, якая да таго пяць гадоў запар даходзіла да еўравосені.

Загадка, што зараз будзе з DMedia. Бюджэтнае фінансаванне камандзе Кавальчук абяцаў толькі ў выпадку выхаду ў групу, якога не здарылася. Пакуль што каманду фінансуе Станіслаў Драгун, які «пакаяўся», а потым стаў адным з кіраўнікоў каманды. Ён яшчэ да матча ў адказ з «Уральцам» паспеў сказаць, што ў выпадку пралёта міма групы расійскага турніру DMedia будзе гуляць таварыскія матчы. Але ці хопіць на гэта грошай?

Іншыя пасты блога

Усе пасты