Tribuna/Футзал/Блогі/Беларусский футбол/Цяпер Драгун не толькі ў медыяфутболе, але і ў міні: падпісаўся з медалістам, можа дэбютаваць з чэмпіёнам

Цяпер Драгун не толькі ў медыяфутболе, але і ў міні: падпісаўся з медалістам, можа дэбютаваць з чэмпіёнам

Перазапуск карʼеры, што завяршылася зусім нядаўна.

Аўтар — bytribuna com
2 кастрычніка, 12:32
Цяпер Драгун не толькі ў медыяфутболе, але і ў міні: падпісаўся з медалістам, можа дэбютаваць з чэмпіёнам

Галоўным трансферам белфутбола на мінулых выходных стала падпісанне міні-футбольным «Мінскам» экс-гульца зборнай Беларусі Станіслава Драгуна. У пачатку чэрвеня, у дзень свайго 35-годдзя, футбаліст абʼявіў пра сканчэнне прафесійнай карʼеры. Тады Драгун знаходзіўся ў чорным спісе лукашэнкаўскага міністэрства па спорце, а кіраўнік ведамства Сяргей Кавальчук быў супраць таго, каб футбаліст хоць у нейкай ролі прысутнічаў у белспорце. Неўзабаве Драгун даў пакаяннае інтэрвʼю і стаў адным з арганізатараў каманды DMedia, якая праваліла спробу адабрацца ў расійскую медыялігу.

І вось Драгун мае намер паспрабаваць сябе ў новым відзе спорту. Да мінулых выхадных ягоны «Мінск» правёў два матчы ў чэмпіянаце Беларусі-2023/24 па міні-футболе – абыграў «Дарожнік» (4:2) і БЧ (4:1). Дэбют экс-гульца нацыянальнай зборнай, які ўжо ўключаны ў заяўку на сезон, мог адбыцца ў нядзелю 1 кастрычніка, калі «гараджане» сустракаліся ў Гродне з клубам мясцовых сілавікоў-лукашыстаў «УУС-Дынама». Аднак высветлілася, што Драгун яшчэ не прыступіў да трэнаванняў са сталічным клубам. Тым не менш «Мінск» дзякуючы дублю Андрэя Семянюка перамог і без навабранца – 2:0.

Пасля трох тураў «гараджане» з максімумам пунктам дзеляць першае месца са «Сталіцай». Менавіта з гэтай камандай «Мінску» сустракацца ў наступным матчы ў чэмпіянаце. Гульня запланаваная на вечар 15 кастрычніка. У Драгуна два тыдні на падрыхтоўку.

«Мінск» – адносна новая сіла ў беларускім міні-футболе. Каманду стварылі на базе футбольнага клуба «Мінск» у 2019 годзе. Першыя два сезоны «гараджане» завяршалі рэгулярку на дзявятым месцы, максімум праходзячы адзін раўнд плэй-оф. Куды больш удалым атрымаўся чэмпіянат-2021/22. Гладкі сезон «Мінск» скончыў пятым, а ў плэй-оф узяў бронзу. Мінулы сезон прынёс аналагічны вынік – пятае месца ў рэгулярцы і трэцяе ў плэй-оф.

Кожны год «Мінск» дае новыя імёны для беларускага міні-футбола. Аднак утрымаць наймацнейшых удаецца далёка не заўсёды. Галоўная прычына – сціплыя фінансавыя магчымасці клуба. Адзначым, што не першы сезон цяжкасці з грашыма мае ўся структура «Мінска», дзе затрымка зарплаты на некалькі месяцаў – звычайная справа.

З моманту стварэння МФК «Мінск» ягоным галоўным трэнерам зʼяўляецца Аляксандр Чэрнік – легенда беларускага міні-футбола. Ён адзіным у краіне правёў больш за сотню матчаў за зборную (102). Першыя сезоны Чэрнік быў трэнерам «Мінска», а затым цалкам перайшоў на трэнаванне. З канца 2022-га коўч паралельна ўзначальвае зборную Беларусі, якая няхай і не знаходзіцца пад міжнародным банам, але мае цяжкасці з пошукам спарынг-партнёраў. Чэрнік казаў, што не ад добрага жыцця яго падапечным даводзіцца гуляць таварнякі з Узбекістанам і Таджыкістанам.

Сярод памочнікаў галоўнага трэнера «Мінска» можна знайсці падпісанта праўладнага ліста – Ігар Бурэль адказвае за фізічную падрыхтоўку «гараджанаў». Сярод міні-футбалістаў таксама ёсць падпісант – брамнік Аляксандр Антонаў, першы нумар «Мінска».

Чэрнік хваліць сваю каманду, у якой сабраныя гульцы рознага ўзросту, за выдатны мікраклімат. Бывае, што футбалісты запрашаюць трэнерскі штаб «пасядзець, пагаварыць», аднак атрымлівалі адмову. «Разумелі: ім [футбалістам] трэба разняволіцца», – казаў Чэрнік.

«Навошта мы будзем сваёй прысутнасцю іх абмяжоўваць? Вядома, пачатак сезону, закрыццё, Новы год – мы збіраліся разам павячэраць. А калі пасля гульняў хлопцы хацелі расслабіцца – навошта перашкаджаць? Тым больш мы ўсім давяраем, і другі сезон бачым вынік», – тлумачыў свой падыход трэнер.

МФК «Мінск» – адзін з нямногіх клубаў, які вядзе свае сацсеткі на беларускай мове. Гэта датычыцца і сайта «гараджанаў».

На гарызонце ў МФК «Мінск» нібыта новы праект. Намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі міні-футбола Іван Гаравец нядаўна заявіў, што на базе клуба збіраюцца стварыць першую ў краіне міні-футбольную акадэмію. Там плануюць сабраць чатыры-пяць спецкласаў розных узростаў, дзе будуць вучыцца дзеці з 11-12 год.

Праўда, сёння ў гэта верыцца з цяжкасцю. Пасля заканчэння мінулага сезону Чэрнік распавёў, што як такой у «гараджанаў» юнацкай каманды практычна не было. Кіраўніцтва «Мінска» ўвогуле не выдзеліла на яе фінансавання. Даходзіла да таго, што на матч каманда дабіралася на трэнерскіх машынах, а адзін раз на тыдзень коўчам даводзілася за ўласныя грошы арандаваць залу для трэнаванняў.

Тым не менш нават абмежаваныя фінансавыя ўмовы не перашкаджаюць «гараджанам» адрознівацца ад астатніх клубаў. Каманда нават можа дазволіць сабе прэзентацыю формы, якая адбылася ў сярэдзіне верасня.

Як відаць па лагатыпах па форме, «Мінск» працягнуў супрацу са сваім тытульным партнёрам – дылерам Audi, а на рукаве зʼявілася эмблема мабільнага аператара А1.

Іншыя пасты блога

Усе пасты