Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Падобна, «Шахцёр» перадумаў банкруціцца: закрывае даўгі, амаль знайшоў галоўнага трэнера, але са складам усё цяжка

Падобна, «Шахцёр» перадумаў банкруціцца: закрывае даўгі, амаль знайшоў галоўнага трэнера, але са складам усё цяжка

Салігорск хоча і далей гуляць у вышэйшай лізе.

Аўтар — bytribuna com
13 снежня, 07:00
2
Падобна, «Шахцёр» перадумаў банкруціцца: закрывае даўгі, амаль знайшоў галоўнага трэнера, але са складам усё цяжка

За свае махінацыі «Шахцёр» будзе расплачвацца і далей. Хоць нядаўна там разважалі пра тое, што прасцей усё пачаць з чыстай старонкі: абвясціць пра банкруцтва, забыцца пра абавязкi, выстраіць новы праект з нуля. Падаецца, ад гэтай ідэі адмовіліся, але гэта не значыць, што Салігорску будзе проста. Ён ужо застаўся без галоўнага трэнера, некаторыя статусныя гульцы таксама рыхтуюцца да сыходу. У многіх выканаўцаў на руках актуальныя кантракты, але ім прапануюць абрэзаць заробак. «Трыбуна» расказвае пра тое, што адбываецца ў клубе.

Як «Шахцёр» правёў сезон-2023

Гэта зусім свежая гісторыя. У студзені 2023-га былі затрыманыя былы спартыўны дырэктар «Шахцёра» Уладзімір Нідэргаус і тагачасны дырэктар ФК Аляксандр Марчанка. Аказалася, што «гарнякі» замяшаныя ў дзіўных матчах (і подкуп, і стымуляванне), і сваё чэмпіёнства ў сезоне-2022 яны ўзялі несумленным шляхам. Махінацыі прывялі да штрафу ў 370 тысяч рублёў, зняцця 55 ачкоў (35 у чэмпіянаце-2023 і 20 – у чэмпіянаце-2024), пазбаўлення звання чэмпіёна і пуцёўкі ў еўракубкі. У выніку каманда, якую ў другі раз у кар'еры ўзначаліў Аляксей Бага, пераследавала прызямлёныя мэты – пакрывала мінус у балах і імкнулася захаваць месца ў эліце.

Пакаранне было абвешчана толькі ў траўні. Да таго каманда ўзяла Суперкубак, мінімальна абгуляўшы «Гомель», і выйграла ў чэмпіянаце чатыры матчы з пяці пры адной нічыёй.

У выніку «Шахцёр» усё ж здолеў абысці іншых штрафнікоў, «Энергетык-БДУ» i «Белшыну», і застацца ў Д1. У чэмпіянаце салігорская каманда атрымала 13 перамог. Больш толькі ў БАТЭ і «Іслачы» (па 14), «Нёмана» (19) і мінскага «Дынама» (22). Плюс пяць балаў удалося здабыць нічыімі. Па віртуальна набраных ачках (44) «Шахцёр» у выніковай табліцы шосты.

З будучых прызёраў удалося абыграць «Нёман» (1:0) і адабраць ачкі ў «Тарпеда-БелАЗ» (1:1). А вось мінскае «Дынама» забрала максімум (0:1, 0:4). Скончыў «Шахцёр» чэмпіянат упэўненай перамогай над БАТЭ (3:0), не дазволіўшы Барысаву забраць бронзавыя ўзнагароды, з няўдач можна вылучыць дзве паразы ад «Славіі» (1:3, 0:1), разгром ад Гродна (2:5), пройгрыш традыцыйна зручнаму «Слуцку» (2:3).

У складзе салігарчан шыкоўна праявіў сябе малады нападаючы Ягор Карпіцкі. 20-гадовы форвард за першы круг набіў 12 мячоў (у тым ліку вызначыўся дублем і хет-трыкам), а ў чэрвені ў статусе лідара снайперскай гонкі ЧБ перабраўся ў «Крылы Саветаў», дзе дагэтуль не замацаваўся ў старце. У другім крузе Карпіцкага ў гонцы бамбардзіраў абышлі, але разам з Міхаілам Гардзяйчуком той мае чацвёрты паказчык.

У офісе клуба былі свае справы. За апошнія гады «Шахцёр» назапасіў шматмільённыя даўгі ў доларавым эквіваленце (па некаторай інфармацыі, лічба даходзіла да 8 млн). Былі запазычанасці перад былымі і цяперашнімі гульцамі каманды, стадыёнам «Будаўнік», гасцініцамі. На гэтым фоне прапрацоўвалася магчымасць аб'яўлення клуба банкрутам, каб пазбавіцца ад фінансавых абавязацельстваў. У клубе перапісвалі маёмасць на даччынае прадпрыемства «Беларуськалія», пераразмяркоўвалі працаўнікоў СДзЮШАР у арганізацыю «Калійспецтранс». Увогуле, у нейкі момант будучыня «Шахцёра» была максімальна імглістай. Але зараз сітуацыя выглядае не так драматычна.

Даўгi закрываюцца, але ўтрымаць гульцоў цяжка

Як кажуць нашыя крыніцы, кіраўніцтва клуба яшчэ не да канца разумее, як зімаваць і якія будаваць планы. «Шахцёр» жыве сённяшнім днём і імкнецца вырашыць праблемы, якія назапасіліся за мінулыя гады. Пры гэтым ідэя банкруцтва (прынамсі так актыўна, як у канцы лета) не гучыць. Няма і думак пра добраахвотны спуск у нiжэйшую лiгу. Дасведчаныя суразмоўцы сцвярджаюць, што ўвосень у нейкі момант пра гэта ў клубе задумваліся, але ўсё ж прынялі рашэнне зрабіць усё, каб захаваць калектыў у «вышцы». Тым больш, па вялікім рахунку, праблем з атрыманнем ліцэнзіі быць не павінна. Ёсць матэрыяльна-тэхнічная база, ліцэнзійныя ўзросты, інфраструктура. Пакуль галоўная праблема – гэта, канешне, даўгі. Па нашых даных, «Шахцёру» ужо ўдалося пагасіць частку з запазычанасцяў. Якім чынам гэта было зроблена, нашыя крыніцы не паведамляюць.

Клуб у гэтым сезоне жыў не раскошна, што дазволіла зэканоміць на заробках футбалістаў. Як нам удалося даведацца, на працягу сезона казачных выплат спартсмены не атрымлівалі – усё ў межах лімітаў і без дадатковых дагавораў, праз якія раней разбазарвалiся грошы. Мелі месца і затрымкі па заробку (да двух тыдняў), а вось прэміяльныя адсутнічалі.

Пры гэтым каманда была поўнасцю забяспечана: прыбывала ў іншыя гарады за суткі да выязных матчаў, начавала ў гасцініцах, не мела праблем ні з пражываннем на базе, ні з харчаваннем.

З незвычайных дэталяў – паводле нашых звестак, на працягу сезона кіраўніцтва клуба не правяло ніводнай сустрэчы з камандай. Па сутнасці, офіс працаваў сам па сабе, а гульцы – самі па сабе. Зрэшты, наколькі нам вядома, бакі такі стан рэчаў асабліва не хваляваў, і ініцыяваць нейкія сустрэчы ніхто не спрабаваў.

У лістападзе стала вядома, што на «Шахцёр» накладзеная забарона на рэгістрацыю новых футбалістаў да моманту пагашэння запазычанасці ў поўным аб'ёме перад некаторымі дзейнымі гульцамі клуба. У прыватнасці, АБФФ абавязала разлічыцца з нападаючым Максімам Скавышам і паўабаронцам Мікітам Корзунам да 23 снежня. Па нашых даных, гаворка ішла пра грошы за сезон-2022, і «Шахцёр» гэтае пытанне закрыў – футбалісты разлічаныя цалкам. Засталіся даўгі перад Раманам Юзапчуком (трэба пагасіць да 30 снежня), Валонам Ахмедзі і варатаром Раманам Сцяпанавым. Дасведчаныя людзі гавораць, што праблема вось-вось павінна вырашыцца.

Увогуле кіраўніцтва нацэленае на тое, каб клуб і далей выступаў у вышэйшай лізе. Хоць зараз вялікае пытанне ў тым, кім будзе ўкамплектаваная каманда.

Пытанне быццам бы дзіўнае, улічваючы, што практычна ўсе гульцы, якія заканчвалі сезон-2023 з «Шахцёрам», маюць на руках дзейныя кантракты. Нехта да канца наступнага года, а нехта і на ўвесь 2025-ы. Праз пару тыдняў пагадненні сканчаюцца толькі ў нападаючага з Тога Фесу Плакі і беларускага паўабаронцы капітана Мікіты Корзуна. Апошні, паводле нашай інфармацыі, ужо шукае новы клуб.

Аднак ёсць праблема. Кіраўніцтва імкнецца ўрэзаць бюджэт і прапануе футбалістам зменшыць заробкі па актуальных кантрактах. У якасці аргумента прыводзіцца як адсутнасць еўракубкаў, так і адсутнасць высокіх мэт, бо камандзе зноў давядзецца выбірацца з мінусу. Вялікая верагоднасць, што ў выніку такіх перамоваў некаторыя гульцы папросяць адпусціць іх у іншыя клубы. Таксама абмежаванасць па грошах не садзейнічае падпісанню правераных вопытных выканаўцаў.

Як кажуць крыніцы, у сезоне-2024 «гарнякі» маюць намер зрабіць стаўку на маладых футбалістаў, пераважна сваіх выхаванцаў, а таксама на тых, хто выступаў за петрыкаўскі «Шахцёр» (фінішаваў перадапошнім у першай лізе ў гэтым сезоне).

Пытанне з новым галоўным трэнерам амаль вырашанае

12 снежня Аляксей Бага стаў галоўным трэнерам саратаўскага «Сокала». За дзень да гэтага спецыяліст развітаўся з «Шахцёрам». Адпаведна, зараз перад гарнякамі паўстала пытанне, хто зойме месца Багі. Па інфармацыі «Трыбуны», амаль напэўна выбар будзе зроблены на карысць Станіслава Суворава – на сёння гэта асноўны кандыдат.

30-гадовы спецыяліст атрымаў катэгорыю Pro ў жніўні гэтага года і вельмі добра знаёмы салігорскім аматарам футбола. У свой час выступаў за дубль «Шахцёра», у 2014-м стаў трэнерам у структуры «гарнякоў». Да студзеня-2020 працаваў з маладымі гульцамі, пасля на працягу двух гадоў уваходзіў у трэнерскі штаб дубля «Шахцёра». Сезон-2022 правёў галоўным трэнерам петрыкаўскага «Шахцёра» у Д2. Пад яго кіраўніцтвам калектыў у 24 матчах атрымаў 13 перамог, шэсць разоў згуляў унічыю і фінішаваў трэцім з 45 баламі. Фармальна гэта давала права на ўдзел у стыках за павышэнне ў класе, але АБФФ загадзя паведаміла, што ў фарм-клуба «Шахцёра» такой опцыі няма.

Зрэшты, сам Сувораў пайшоў вышэй – стаў адным з памочнiкаў Аляксея Багі. У гэтай якасці і адпрацаваў сезон-2023. Трэнеры, якія ў свой час перасякаліся з Суворавым, характарызуюць яго як па-сапраўднаму граматнага спецыяліста, які ўмее працаваць з маладымі футбалістамі і імкнецца развівацца. У выпадку сур'ёзнага амаладжэння «Шахцёра» Сувораў, на думку нашых суразмоўцаў, наўрад ці будзе адчуваць нейкі дыскамфорт.

Фота: fcshakhter.by

Іншыя пасты блога

Усе пасты