Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Як у белфутболе білі суддзяў: гнеў Кандрацьева ля вады, бег з падсрачнікамі, першыя пажыццёвыя баны

Як у белфутболе білі суддзяў: гнеў Кандрацьева ля вады, бег з падсрачнікамі, першыя пажыццёвыя баны

І год «дысквала» за штуршок у грудзі.

Аўтар — bytribuna com
15 снежня, 07:00
1
Як у белфутболе білі суддзяў: гнеў Кандрацьева ля вады, бег з падсрачнікамі, першыя пажыццёвыя баны

Нядаўна на ўвесь свет разляцелася дзічына з чэмпіянату Турцыі – прэзідэнт «Анкарагюджу» Фарук Каджа выбег на поле і ўдарам у твар паклаў на газон суддзю Халіла Мелера, які не залічыў гол каманды і выдаліў яе гульца ў матчы з «Рызеспорам».

Здараліся напады на арбітраў і ў Беларусі – з боку гульцоў. «Трыбуна» прыгадвае рэзанансныя выпадкі.

Георгій Кандрацьеў і Казімір Знайдзінскі

Калі: вышэйшая ліга-1992/93, матч «Металург» – «Дынама» Мінск

У першым туры другога чэмпіянату Беларусі госці перамаглі ў Маладзечне 3:1, а форвард гаспадароў Кандрацьеў лічыў, што пры адным з галоў «Дынама» суддзя Знайдзінскі не зафіксаваў фол. На «недрукаваныя» прэтэнзіі футбаліста суддзя адрэагаваў, як потым заяўляў гулец, «нядобрымі словамі». Пасля Знайдзінскі пайшоў памыцца ў гаспадарскую раздзявальню (у судзейскай не было душа) – і зноў сустрэў Кандрацьева, і той выпісаў нямiламу суддзі ўдар у сківіцу. Пазней Георгій называў гэта «поўхай», але рэферы зняў пабоі і паведаміў пра напад у АБФФ.

«Мыўся, Кандрацьеў зайшоў апранутым. Ударыў мяне нагой – я ўхiлiўся. Услед рушыў удар кулаком у твар, і Кандрацьеў сышоў. Зняў пабоі – удар сківіцы. Маладзечанцы спрабавалі мяне залагодзіць, прапаноўвалі павячэраць – я адмовіўся. Мужчына ніколі не стане біць цішком», – выкладаў сваю версію падзей Знайдзінскі.

У выніку АБФФ выпісала «Металургу» штраф у 6 тысяч долараў, а Кандрацьева забаніла на 15 матчаў, забараніўшы пакідаць ЧБ да заканчэння дыскваліфікацыі. Зрэшты, група гульцоў «Дынама» 1982-га напісала ў АБФФ з просьбай змякчыць пакаранне. Дапамагло – праз 10 прапушчаных паядынкаў Кандрацьеву дазволілі вярнуцца на поле. Ён потым казаў, што ў сітуацыі «хваліцца няма чым», але, «па сутнасці, зрабіў арбітру рэкламу».

Па словах Знайдзінскага, Кандрацьеў перад ім так і не папрасіў прабачэння – толькі аднойчы прапаноўваў «забыцца» на былое. А сам рэферы пасля судзейскай кар'еры набраў у біяграфію цэлы россып ганебных учынкаў – ад пажыццёвага бана ў белфутболе да дапамогі рэжыму са знiшчэннем непажаданай арганізацыі.

Уладзімір Мігурскі і Віктар Мацюшаў

Калі: вышэйшая ліга-1996, матч «Тарпеда-Кадзіна» – «Белшына»

У тым матчы госці разграмілі магіляўчан 6:1, а самае цікавае 600 заўзятараў убачылі ў сярэдзіне першага тайма. На 23-й хвіліне форвард бабруйчан Андрэй Хлебасолаў вывеў гасцей наперад (2:1), а паўабаронца «Тарпеда-Кадзіна» Мігурскі пачаў абурацца, што суддзя Мацюшаў залічыў мяч. Рэферы дастаў жоўтую картку, пасля чаго гулец стаў абражаць арбітра – і атрымаў чырвоную. Мігурскі не супакоіўся, а пачаў насядаць на рэферы. Як расказвалі відавочцы, Мацюшаў пачаў уцякаць, а футбаліст бегаў следам і паспяваў даваць падсрачнікі. У рэшце рэшт гульца ўсё ж прымусілі пакінуць поле, а Мацюшаў занёс у пратакол, што «Мігурскі накінуўся на суддзю з кулакамі».

У АБФФ дыскваліфікавалі гульца на астатнія 11 матчаў сезона-1996 і ўмоўна на ўвесь наступны ЧБ, у якім гулец вярнуўся на поле.

Уладзімір Сарачынскі і Аляксандр Чабыкін

Калі: вышэйшая ліга-2001, матч «Славія» – БАТЭ

Гэта быў цікавы па афішы матч: мазыране – дзейныя чэмпіёны, барысаўчане – лідары табліцы. Да 78-й хвіліны на табло гарэлі лічбы 1:1, а затым форвард гасцей Арцём Канцавы выйшаў сам-насам і аформіў пераможны мяч (гульня скончылася 3:1 на карысць БАТЭ). Аднак мазырскія футбалісты сталі актыўна абурацца адразу пасля гала Канцавога – яны лічылі, што па дарозе той не па правілах адмахнуўся ад абаронцы «Славіі» Сарачынскага. Арбітр сустрэчы, тады яшчэ і член выканкама АБФФ Чабыкін змяняць сваё рашэнне не збіраўся – яшчэ і даў Сарачынскаму жоўтую. І тут гулец ударыў суддзю кулаком у твар – вынікам сталі выбіты зуб і вялікі фінгал пад вокам, з-за якога рэферы потым некаторы час хадзіў у цёмных акулярах. Але матч дапрацаваў, спачатку выпісаўшы крыўдзіцелю другую жоўтую.

У АБФФ ацанілі ўчынак гульца на 14 матчаў дыскваліфікацыі. Але на адно з паседжанняў выканкама Сарачынскі прыбыў асабіста, пры ўсіх прынёс прабачэнні Чабыкіну, паабяцаў выправіцца – у выніку бан скарацілі да сямі паядынкаў.   

Уладзімір Несцяровіч і Міхаіл Цуканаў

Калі: першая ліга-2002, матч «Дынама-Юні» – «Бяроза»

Мінскі серадняк Д2 у тым матчы без праблем разграміў 5:1 аўтсайдараў-гасцей, а бліжэй да канца паядынку рэферы Цуканаў яшчэ і выдаліў гульца «Бярозы» Несцяровіча. Той сышоў з поля, але, як аказалася, толькі для таго, каб адпомсціць пазней. Калі пасля фінальнага свістка суддзя пайшоў у раздзявальню, футбаліст чакаў у падтрыбунцы – і адразу пачаў біць арбітра, які, паводле сведчанняў, упаў пасля ўдару ў жывот. Дабіваць Цуканава футбалісту перашкодзілі відавочцы.

Рэферы пасля гэтага напісаў заяву «сілавікам», жадаючы рэальнай адказнасці для гульца. Але справу замялі, і да рэжымнага «суда» не дайшло. Затое АБФФ выпісала Несцяровічу першую ў сваёй гісторыі пажыццёвую дыскваліфікацыю.

Сяргей Трунін і Віктар Міронь

Калі: другая ліга-2007, матч «Бяроза» – «Палессе-2»

Матч сераднякоў у канцоўцы сезона Д3 не абяцаў нічога цікавага, у выніку гаспадары будзённа перамаглі гасцей з Казянкоў 1:0. А ў нашу падборку гульня патрапіла з-за выбліску лютасці паўабаронцы «Палесся-2» Труніна – футбаліста з досведам гульні ў вышэйшай лізе за «Бабруйск», «Дарыду» і «Славію». У адным з эпізодаў Трунін аказаўся вельмі незадаволены тым, што суддзя Міронь прызначыў штрафны на карысць «Бярозы», і пачаў распавядаць пра няправату, выкарыстоўваючы мат. Рэферы на такое адказаў чырвонай карткай, пасля чаго футбаліст ударыў арбітра ў жывот – так моцна, што Міронь на некалькі хвілін перапыніў сустрэчу, каб прыйсці ў сябе. Ну а Трунін, пакідаючы поле, яшчэ і паказаў непрыстойны жэст у адрас бярозаўскіх заўзятараў.

Неўзабаве гульца адлічылі з «Палесся-2», а праз тры тыдні пасля матча дысцыплінарны камітэт АБФФ, на паседжанне якога гулец не з'явіўся, зрабіў Труніна другім у гісторыі беларускага футбола чалавекам з пажыццёвай дыскваліфікацыяй. Тая гульня стала апошняй і ў судзейскай кар'еры Міроня – затое ў 2008-м ён ненадоўга аднавіў у «Лідзе» сваю гульнявую практыку, з якой быццам бы завязаў у 2001-м.

Аляксандр Суліма і Сяргей Сахарэвіч

Калі: вышэйшая ліга-2008, матч МТЗ-РІПА – «Нафтан»

Мінчане да 25-га тура ішлі другімі, навапалачане – шостымі, але выйгралі госці: на 69-й хвіліне забіў Міхаіл Гарбачоў, на 79-й хвіліне – Максім Разумаў. І пры другім голе моцна абурыўся кіпер гаспадароў Суліма – ён пайшоў на верхавы мяч, а ўзяцце варот назіраў, лежачы на газоне, з упэўненасцю, што на ім сфалілі. Аднак суддзя Сахарэвіч палічыў, што ніякага парушэння не было. Суліма паспрабаваў пераканаць рэферы, а калі гэта не дапамагло, абразіў арбітра, ды яшчэ і штурхнуў яго рукамі ў грудзі. Услед рушыла выдаленне, а ў выніковы пратакол матча было занесенае тлумачэнне: «За агрэсіўныя паводзіны ў адносiнах да галоўнага суддзі – наўмысны штуршок рукамі ў грудзі».

У АБФФ вынеслі Суліме жорсткае пакаранне – дыскваліфікацыю на год. Кіраўнікі МТЗ-РІПА хадайнічалі пра адтэрміноўку, але да пары дарэмна. Зрэшты, праз паўгода пасля паядынку, 1 красавіка 2009-га, варатару дазволілі вярнуцца на поле, устанавіўшы выпрабавальны тэрмін у 12 месяцаў. 4 красавіка Суліма ўжо гуляў у 1-м туры ЧБ-2009, прапусціўшы, такім чынам, усяго пяць матчаў «вышкі».

Іншыя пасты блога

Усе пасты