Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Гэтыя футбалісты шмат гулялі ў чэмпіянаце Беларусі лімітчыкамі, а пасля нешта пайшло не так. Некаторых вы і не ўспомніце

Гэтыя футбалісты шмат гулялі ў чэмпіянаце Беларусі лімітчыкамі, а пасля нешта пайшло не так. Некаторых вы і не ўспомніце

Няпростая магчымасць.

Аўтар — bytribuna com
18 снежня, 13:27
Гэтыя футбалісты шмат гулялі ў чэмпіянаце Беларусі лімітчыкамі, а пасля нешта пайшло не так. Некаторых вы і не ўспомніце

Беларуская федэрацыя футбола адмяніла ліміт на маладых футбалістаў – і хутка вы забудзецеся на яго, як забыліся на некаторых маладых, якія гулялі дзякуючы ліміту, а потым раптам перасталі, калі яго перараслі (хоць некаторыя апынуліся на лаўцы, яшчэ маючы «ільготны праезд» па вышэйшай лізе).

Раман Давыскіба, паўабаронца

У 2021-м хаўбек быў адным з галоўных лімітчыкаў у мінскім «Дынама». У тым сезоне падпісант ліста за дыктатуру паўдзельнічаў у 26 матчах «вышкі» і забіў тры мячы. Аднак затым у карʼеры Давыскібы пачалася чарада няўдач. У 2022-м, яшчэ лімітчыкам, ён аказаўся не патрэбны Арцёму Чалядзінскаму і быў аддадзены ў арэнду «Шахцёру», дзе таксама не здолеў праявіць сябе – усяго восем матчаў за чэмпіянат-2022 і ў сярэднім 33 хвіліны на полі.

У мінулым сезоне, калі Давыскіба пазбавіўся статусе лімітчыка, у «Дынама» на яго ўвогуле перасталі разлічваць. Вадзім Скрыпчанка нават не стаў заяўляць футбаліста ў чэмпіянат. Разысціся з «бела-блакітнымі» атрымалася толькі ўлетку, калі паўабаронца ў статусе вольнага агента перабраўся ў «Нафтан». У Наваполацку таксама не ідзе – усяго сем матчаў за другі круг. І калі спачатку гулец быў асноўным, то потым пачаў пралятаць міма заяўкі або выходзіць на пару хвілін.

Апошняя навіна пра 22-гадовага Давыскібу – адʼезд на прагляд у казахстанскі «Кайсар».

Павел Прышывалка, брамнік

Выхаванец «Мінска» ў 2021-м, маючы статус лімітчыка, стаў першым нумарам «гараджан», замяніўшы траўмаванага Сяргея Ігнатовіча, які вылецеў практычна на ўвесь сезон. Тады ў чэмпіянаце Прышывалка правёў 26 матчаў і прапусціў 48 мячоў.

У 2022-м кіпер без лімітнага статусу больш знаходзіўся за спінамі Аляксея Казлова і Ягора Геняралава, хаця пад канец чэмпіянату вярнуў месца ў старце і найграў 12 нагуляў (16 мячоў прапусціў).

Мінулай зімой «Мінск» правёў сурʼёзнае амаладжэнне, аднак гэта не закранула брамніцкую пазіцыю – Сяргей Яромка запрасіў дасведчаных Аляксандра Нячаева і Уладзіміра Пяцігорца, а з Прышывалку, якому ў ліпені споўнілася 24, кантракт працягваць не сталі. Той даволі нечакана адправіўся ў самы мінор, падпісаўшыся з «Цэнтрам футбола» з другой лігі. У Д3 гуляў шмат і заняў з камандай трэцяе месца.

Аляксей Шалашнікаў, абаронца

А гэты гулец за тры сезоны, у якіх быў лімітчыкам, пабываў у чатырох клубах. У 2021-м яго з БАТЭ арандавала «Іслач». У наступным годзе Шалашнікава ў сваіх планах не бачыў Аляксандр Міхайлаў – так здарылася арэнда ў «Нёман». За два сезоны цэнтральны абаронца правёў 25 матчаў.

Пры Альшэўскім футбаліста аддалі ў арэнду «Славіі». Там Шалашнікаў згуляў толькі ў першым туры сезона-2023, а затым проста перастаў трапляць у заяўку – галоўным лімітчыкам у Мазыры стаў варатар Арцём Каратай. Летам «Славія» вярнула футбаліста. Хадзілі чуткі, што Шалашнікаў можа зноў зʼехаць у Гродна, аднак застаўся ў Барысаве, дзе не згуляў ніводнага матча за БАТЭ – Альшэўскі тлумачыў ягоную адсутнасць у заяўцы юрыдычнымі цяжкасцямі.

22 гады гульцу споўніцца толькі ў сакавіку наступнага года.

Яўген Гулецкі, паўабаронца

Значную частку чэмпіянату-2022 гэты крайні хаўбек быў асноўным лімітчыкам «Арсенала: 17 разоў зʼявіўся ў стартавым складзе і сваімі галамі прынёс пункты з БАТЭ (2:1) і «Славіяй» (1:1). Па выніках сезона Дзяржынск пакінуў «вышку», а Гулецкі гуляць у першай лізе не захацеў.

Футбаліста, які перастаў быць лімітчыкам, падпісала «Іслач». Ён правёў 90 хвілін у стартавым матчы чэмпіянату-2023 супраць мінскага «Дынама» (0:3), пасля чаго ўвогуле перастаў трапляць у заяўку. У траўні «ваўкі» па дамове бакоў рассталіся з Гулецкім – той праз пару тыдняў падпісаўся з «Віцебскам». І на новым месцы стаць асноўным не здолеў – усяго два выхады з першых хвілін і сярэдні гульнявы час 29 хвілін.

Даніла Сокал, брамнік

У сезоне-2022 у Мазыры рабілі стаўку на варатара-лімітчыка без вопыту на вышэйшым узроўні. Адгуляць чэмпіянат без памылак не атрымалася, але для дэбютанта Сокал выглядаў нядрэнна, хоць і прапусціў 40 мячоў у 28 матчах.

У 2023-м у Мазыры паўтарылі манеўр. Зрабілі лімітчыка-галкіпера асноўным, вось толькі ўжо не Сокала (таму што той выйшаў з патрэбнага ўзросту), а Арцёма Каратая, якога пазычылі ў мінскага «Дынама». Сокал правёў усяго два матчы – як раз супраць дынамаўцаў, бо Каратай не мог выходзіць супраць сваёй каманды.

Зрэшты, агент Сяргей Новікаў лічыў, што Сокал сядзеў у запасе не праз ліміт, а таму што адмовіўся працягваць кантракт, прапанаваўшы абмеркаваць пытанне пасля сезона. Нядаўна футбаліст і клуб сапраўды падпісалі новую дамову.

Мікіта Някрасаў, паўабаронца

На момант увядзення ліміту хаўбек выступаў за «Гомель» і мог яшчэ два гады карыстацца ўзроставай ільготай. У 2021-м Някрасаў няхай не зʼяўляўся гульцом старту, затое выходзіў на замену амаль у кожным матчы. На рахунку футбаліста ў тым сезоне важныя мячы ў вароты «Тарпеда-БелАЗ» (1:1) і «Славіі» (4:2), а таксама асіст у гульні з БАТЭ (2:2). Менавіта апошні клуб зацікавіўся вінгерам.

У пачатку 2022-га Някрасаў за прыкладна 30 тысяч еўра зʼехаў у Барысаў, аднак стабільна загуляць за БАТЭ не дапамог нават статус лімітчыка ў дэбютным сезоне. Паўабаронца выйшаў на поле толькі сем разоў, у сярэднім праводзячы па 16 хвілін.

У мінулым сезоне Някрасаў ужо не падпадаў пад ліміт, а ягоны час яшчэ больш зменшыўся: усё тыя ж сем матчаў і ў сярэднім 13 хвілін на гульню. Наўрад ці каманда заўважыла адлучку футбаліста на вайсковыя зборы.

Данііл Копач, паўабаронца

Сезон-2021 левы вінгер «Нёмана» пачаў у арэндзе асноўным лімітчыкам у «Смаргоні», якой да гэтага дапамог выйсці ў вышэйшую лігу. Копач стабільна з'яўляўся амаль ва ўсіх матчах першага круга і голам дапамог прынесці перамогу над «Спадарожнікам».

Тыя 13 матчаў – ўсё, што нагуляў футбаліст у вышэйшай лізе. Улетку 2021-га ён нечакана зʼехаў у арэнду да «Слоніма», з якім заняў апошняе месца ў першай лізе. Сезон-2022 Копач правёў у арэндзе ў «Ліды». Калі ў першай палове чэмпіянату футбаліст яшчэ выходзіў на поле, то ў другой амаль не меў гульнявога часу. У снежні мінулага года ў Копача скончыўся кантракт з «Нёманам». Клуб не прапанаваў новай дамовы, і паўабаронца ўвогуле завяршыў карʼеру.

Іншыя пасты блога

Усе пасты