Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Як былы галоўны трэнер БАТЭ апынуўся ў Польшчы і чым ён там займаецца за невялікія грошы

Як былы галоўны трэнер БАТЭ апынуўся ў Польшчы і чым ён там займаецца за невялікія грошы

Аляксандр Міхайлаў адпачывае ад Мінска, але не толькі.

Аўтар — bytribuna com
23 снежня, 18:30
4
Як былы галоўны трэнер БАТЭ апынуўся ў Польшчы і чым ён там займаецца за невялікія грошы

У 2022 годзе Аляксандр Міхайлаў дэбютаваў у ролі галоўнага трэнера каманды вышэйшай лігі – узначаліў БАТЭ, дублем якога кіраваў да таго. Паспеў выйграць 1з камандай Суперкубак, але пасля правалу ў еўракубках у жніўні таго ж года падаў у адстаўку. Праз год спецыяліст абʼявіўся ў польскім футболе – увайшоў у трэнерскі штаб «Віслы II», па сутнасці, дубля кракаўскай каманды. Калектыў выступае ў пятым дывізіёне Польшчы.

Міхайлаў традыцыйна пазбягае публічнасці, і нават пра тое, як ён апынуўся ў структуры 13-разовага чэмпіёна Польшчы, вядома няшмат. Telegram-канал «О, спорт! Ты – свет!» даведаўся некаторыя падрабязнасці пра жыццё 39-гадовага спецыяліста. «Трыбуна» пераказвае матэрыял.

Сувязі, паніжэнне заробку і жыццё ў ціхім горадзе

Пасля расстання з БАТЭ некаторы час Міхайлаў яшчэ ўваходзіў у структуру клуба – вярнуўся ў дубль, дзе стаў адным з трэнераў, праўда, зусім ненадоўга. 23 жніўня 2022-га, праз тыдзень пасля сыходу з галоўнай каманды, трэнер канчаткова пакінуў БАТЭ. Тлумачыў гэта жаданнем узяць паўзу ў карʼеры.

Пазней была інфармацыя, што на пачатку 2023 года Міхайлаў увайшоў у трэнерскі штаб зборнай Беларусі U-19. Аднак, як нам удалося высветліць, гэта няпраўда. Спецыяліст проста дапамагаў на некаторых трэнаваннях калектыву ў межах навучання на катэгорыю Pro. Дыплом аб адпаведнай адукацыі ён атрымаў у жніўні 2023-га.

Але яшчэ да гэтага Міхайлаў пераехаў у Польшчу, дзе стаў трэнерам у структуры аднаго з топавых клубаў Польшчы – 13-разовага чэмпіёна краіны «Віслы» Кракаў. Праўда, у апошнія гады калектыў выступае ў першай лізе і пакуль беспаспяхова змагаецца за вяртанне ў эліту. Зрэшты, да першай каманды Міхайлаў усё роўна дачынення не мае. У пачатку ліпеня польская прэса абвясціла, што беларус увойдзе ў трэнерскі штаб Марыюша Йопа, які ўзначальвае рэзервовы склад «Віслы» – па факце, дубль каманды. Сам жа Міхайлаў толькі праз некалькі месяцаў расказаў, як трапіў на працу ў польскі калектыў.

– У мяне было дзве прапановы, у тым ліку адна з «Віслы». Быў яшчэ варыянт, дзе мяне разглядалі на пасаду галоўнага трэнера, але ў выніку я вырашыўся на пераезд у Кракаў, – даў спецыяліст у кастрычніку гэтага года інтэрвʼю клубнай прэс-службе.

Спробы высветліць, які ж клуб прапанаваў беларусу пасаду галоўнага трэнера, поспеху не мелі. Сам Міхайлаў на прапанову пагутарыць і расказаць пра сваю сённяшнюю карʼеру не адрэагаваў. Спецыялісты, якія так ці інакш у курсе спраў трэнера, нават не ўяўляюць, які іншы клуб прапаноўваў яму месца. І больш схіляюцца да таго, што ніякай прапановы і не было.

У дубль «Віслы» Міхайлаў патрапіў на пазіцыю галоўнага аналітыка, а з часам на яго ляглі і абавязкі асістэнта галоўнага трэнера. Як распавядаў сам Міхайлаў, у калектыве ён адказвае за атаку, а іншы асістэн, Барташ Бонк, – за абарону.

Пры гэтым цікавая сама гісторыя зʼяўлення беларуса ў кракаўскім клубе. Па аповедах некалькіх крыніц, у Міхайлава ў Польшчы ёсць сябар-журналіст. У пошуках працы за мяжой трэнер звярнуўся да гэтага сябра, а той звёў яго з нейкім мясцовым футбольным агентам. І вось якраз агент, маючы сувязі ў «Вісле», парэкамендаваў кіраўніцтву спецыяліста. Месца ў трэнерскім штабе дубля яму даверылі ў тым ліку праз багаты досведу працы з моладдзю ў Беларусі.

Пры гэтым, паводле нашай інфармацыі, умовы ў Міхайлава ў «Вісле II» не самыя сурʼёзныя. Заробак асістэнта галоўнага трэнера дубля знаходзіцца ў раёне тысячы-паўтары долараў, што па польскіх мерках даволі сціпла (у кастрычніку 2023-га сярэдні заробак па краіне да выплаты падаткаў складаў крыху менш за дзве тысячы долараў – заўв.). Працуючы галоўным у БАТЭ, Міхайлаў, паводле нашай інфармацыі, атрымліваў каля трох тысяч долараў да выліку падаткаў.

Але, здаецца, такі фінансавы ўзровень задавальняе спецыяліста. Як мяркуюць нашыя суразмоўцы, Міхайлаў «працуе на перспектыву і ўсё яшчэ ўнікае ў тонкасці польскага футбола, у працу з юнакамі ў новай краіне, таму асабліва пра грошы не клапоціцца». Да таго ж, паводле нашай інфармацыі, сямʼі ў трэнера няма, а для жыцця ў адзіночку, калі ўвесь час сыходзіць на футбол і самаадукацыю, ягонага даходу дастаткова.

Плюс трэба сказаць, што база першай і другой каманд «Віслы» знаходзіцца ў мястэчку Мысленіцэ, што ў 35 кіламетрах ад Кракава. Тамака ж сваіх супернікаў прымае дубль. Менавіта ў 20-тысячным Мысленіцэ і пасяліўся Міхайлаў.

- Кожны вечар я праводжу за праглядам відэаролікаў на YouTube з выказваннямі польскіх трэнераў. Я запісваю ўсе словы, значэння якіх не ведаю, і перакладаю іх у перакладчыку. Вось чаму я вырашыў жыць у Мысленіцэ, каб не марнаваць занадта шмат часу на дарогу і засяродзіцца на вучобе. Прызнаюся таксама, што пасля жыцця ў Мінску мне захацелася адпачыць у меншым гарадку. Мне хацелася, каб было крыху спакайней, – адзначаў Міхайлаў у сваім рэдкім інтэрвʼю.

Па словах некаторых нашых суразмоўцаў, Міхайлаў за паўгода працы не стаў для калектыва «Віслы II» сваім. Як і ў часы БАТЭ, асістэнт часта трымаецца наводдаль ад гульцоў, сам па сабе, пры гэтым абавязкі выконвае якасна і напоўніцы. Проста ў Міхайлава такі характар.

Як выступае каманда?

«Вісла II» гуляе ў пятым дывізіёне і змагаецца за павышэнне ў класе. Пры гэтым галоўная мэта каманды – падрыхтоўка рэзерву для асновы. На сёння па дыстанцыі калектыў ідзе вельмі нядрэнна – пасля першага круга ўпэўнена размяшчаецца на першым месцы ў групе «Малапольска», якое якраз і дае пуцёўку ў трэцюю лігу. Пасля 18 тураў у «Віслы II» 45 балаў: 14 перамог, тры нічыі і адна параза. У найбліжэйшага праследавацеля – «Арла» з горада Рычуў – 39 балаў.

Ну і калі Міхайлаў адказвае ў «Вісле II» за атаку, звернем увагу на выніковасць каманды – і яна ўражвае. Па забітых мячах «Вісле II» у групе няма роўных – 53 галы (у сярэднім 2,9 за матч). Далей па выніковасці ідуць «Арол» і «Тэрмаліка II» з вёскі Няцэча, у якіх па 43 галы. Пры гэтым па прапушчаных мячах «Вісла II» таксама ў топе – на другім месцы з 19 галамі (менш толькі ў «Арла», 18).

Зрэшты, трэба рабіць папраўку на ўзровень турніру. У трох матчах гэтага сезона «Вісла II» забіла сем і больш мячоў, а ў адным – 10! Так былі разгромлены аўтсайдары чэмпіянату.

У атацы ў камандзе дзейнічаюць чатыры намінальныя нападнікі-палякі: траім па 19 гадоў, аднаму – 18. Наогул, сярэдні ўзрост калектыву – 20 гадоў. 19-гадовы Караль Такарчык з сямю галамі зʼяўляецца найлепшым бамбардзірам «Віслы II». У спісе галеадораў групы ён займае пятае месца.

Фота: wislakrakow.com

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты блога

Усе пасты