Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/«Нёман» і іншыя ў Д1 прыдумалі, як сябраваць і з АБФФ, і з «мінспорту» – у надзеі атрымаць грошы і згуляць у Еўропе

«Нёман» і іншыя ў Д1 прыдумалі, як сябраваць і з АБФФ, і з «мінспорту» – у надзеі атрымаць грошы і згуляць у Еўропе

Праблемамі пагражаюць абапал.

Аўтар — bytribuna com
25 красавіка, 18:00
«Нёман» і іншыя ў Д1 прыдумалі, як сябраваць і з АБФФ, і з «мінспорту» – у надзеі атрымаць грошы і згуляць у Еўропе

У Беларусі на бліжэйшых выходных павінны стартаваць адразу два чэмпіянаты, якія хочуць называцца «другой лігай»: адзін – ад АБФФ, якая вырашыла памяняць фармат спаборніцтва, іншы – ад «мінспорту» Лукашэнкі, дзе беспаспяхова спрабавалі загадаць федэрацыі пакінуць усё па-ранейшаму.

Праз тое, што амаль усе клубы залежаць ад рэжымных грошай, у АБФФ здарыўся масавы адток удзельнікаў – пасля першага лёсавання на 34 каманды з падзелам на тры зоны прыйшлося праводзіць яшчэ адно, ужо толькі з 22 калектывамі і двума зонамі.

Але і тут застаецца праблема: з пакінутых 22 каманд 12 – гэта дублі клубаў Д1, якім рэжым таксама прыгразіў, таму, паводле інсайду BetNews, абсалютна ўсе яны адклікалі свае заяўкі з Д3 АБФФ на карысць «мінспортаўскага» турніру. Але на новым лёсаванні ў федэрацыі гэтыя каманды пакінулі ў сетцы і нагадалі, што па правілах АБФФ дублі клубаў «вышкі» павінны ўдзельнічаць у спаборніцтвах пад федэрацыйнай эгідай. У выніку, як паведамляе «Беларускі мінор», шмат якія дублі Д1 будуць гуляць у двух турнірах адначасова.

Як клубы «вышкі» і проста каманды Д3 збіраюцца жыць у новых умовах? «Трыбуна» даведалася пра канкрэтныя прыклады.

Гульня дубляў «Іслачы» і «Нёмана» ў 2023-м

Па нашых даных, рэжым раздае клубам указанні выходзіць з федэрацыйнага Д3 праз намеснiкаў Сяргея Кавальчука ці іншых ягоных «давераных асоб». Сам так званы «міністр спорту» з клубамі не камунiкаваў – нашы суразмоўцы, знаёмыя з сітуацыяй, мяркуюць, што так Кавальчук спрабуе зняць з сябе адказнасць. Увесь ціск адбываўся ў вуснай форме. У нас ёсць інфармацыя пра гэта з некалькіх каманд.

Так, «Дняпро» першапачаткова заявіў свой дубль, «Дняпро-Рэзерв», у федэрацыйны Д3. Але пазней у старшынi клуба Сяргея Капытава з «мінспорту» пачалі патрабаваць перавесці дублёраў у свой турнір з лігі АБФФ. Адмовіцца Капытаў не асмеліўся. 25 красавіка ў клуб прыйшло апавяшчэнне, што ўжо 28 красавіка «Дняпро-Рэзерв» павінен згуляць з «Горкамі» у зоне Магілёўскай вобласці турніру ад «мінспорту». Паводле інфармацыі «Беларускага мінора», такія дакументы з датамі гульняў рассылаюць «упраўленнi спорту» выканкамаў Лукашэнкі па абласцях.

Але і дасланы «Дняпром» у АБФФ ліст пра зняцце рэзервістаў застаўся толькі намерам. Асцерагаючыся санкцый ад федэрацыі для асноўнай каманды, у Магілёве вырашылі гуляць на два турніры. Па нашых даных, у Д3 ад АБФФ будзе гуляць рэальны дубль «Дняпра» (27 красавіка прыме «Юні Ікс Лабс»), а ў першынство ад «мінспорту» пашлюць юніёраў старэйшых «ліцэнзійных» узростаў. У Магілёве спадзяюцца, што ў такім выпадку ніякіх санкцый не будзе ні з аднаго боку, ні з другога. Хаця АБФФ за ўдзел прадстаўнікоў любога клуба ў не адобраных ёй спаборніцтвах можа прымяніць пакаранне аж да адклікання ліцэнзіі.

Аналагічна Магілёву маюць намер пасылаць каманды на два турніры ў Гродне. Там пабаяліся, што адмова ад удзелу дубля ў Д3 АБФФ прывядзе да пазбаўлення клуба ўдзелу ў Лізе канферэнцый. Але і адмовіць «мінспорту» не змаглі – усё ж там падпісваюць «план развіцця», без якога клубам не выдзяляюць дзяржпадтрымку. Як нам удалося высветліць, у «ведамстве» такое рашэнне «Нёмана» прынялі, а Кавальчук падпісаў клубу «план развіцця», аднак памер дазволенай дзяржпадтрымкі быў значна скарочаны.

У падобнай сітуацыі апынулася «Іслач». Па нашых звестках, і «ваўкі» захавалі каманду ў Д3 АБФФ, каб згуляць у ЛК. Ці будзе пры гэтым каманда прадстаўлена ў турніры «мінспорту», нам, праўда, даведацца не ўдалося.

Хацелi гуляць у двух турнірах адразу і звычайныя каманды Д3. Нам дакладна вядома, што так збіраліся паступіць «Мёры»: у клубе хацелі, каб пад эгідай АБФФ гулялі наймацнейшыя футбалісты, а ў першынстве «мінспорту» – па сутнасці, аматары. Але калі пра планы даведаліся ва «ўпраўленні спорту» выканкама Лукашэнкі па Віцебскай вобласці, то сталі пагражаць у такім выпадку «максімальна ўскладніць» жыццё клуба і прапаноўваць «падумаць пра наступствы». Рызыкаваць знікненнем каманды ў Мёрах не захацелі, таму ў выніку ад Д3 АБФФ адмовіліся. Па нашых звестках, гэта далёка не адзіны такі выпадак. Каманды аказаліся гатовыя ахвяраваць сувязямі з АБФФ, якая можа, напрыклад, пазбавіць статусу членаў федэрацыі, але не злаваць «мінспорту», ад якога залежаць грашовыя паступленні.

Таксама мы спыталі ў нашых крыніц, ці ёсць у белфутболе думкі пра тое, чаму Кавальчук настолькі ўпёрся ў спрэчцы з АБФФ. Меркаванні аказаліся шмат у чым падобныя.

– Пры Базанаве Кавальчук меў сур’ёзны ўплыў на беларускі футбол, кантраляваў многія працэсы ў ім. А калі кіраўніком АБФФ стаў Шарснёў, Кавальчук страціў кіраванне – новы старшыня федэрацыі рабіў усё, каб адсунуць «міністра» далей. Гэта моцна ўдарыла па самалюбстве Кавальчука. У выніку ўсё перарасло ў, па сутнасці, вайну за ўплыў у футболе, – сказаў адзін з нашых суразмоўцаў.

Іншыя пасты блога

Усе пасты