Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Кубак Стэнлі ўзяў «Вегас» – адзін з самых маладых клубаў НХЛ. А мог гэта зрабіць у першы ж год існавання з Грабоўскім (яго падпісанне стала дарагой памылкай)

Кубак Стэнлі ўзяў «Вегас» – адзін з самых маладых клубаў НХЛ. А мог гэта зрабіць у першы ж год існавання з Грабоўскім (яго падпісанне стала дарагой памылкай)

Пралячыўся ўвесь кантракт.

Аўтар — bytribuna com
15 чэрвеня, 12:49
Кубак Стэнлі ўзяў «Вегас» – адзін з самых маладых клубаў НХЛ. А мог гэта зрабіць у першы ж год існавання з Грабоўскім (яго падпісанне стала дарагой памылкай)

У ноч з аўторка на сераду "Вегас" упершыню ў сваёй сціплай гісторыі, якая налічвае ўсяго шэсць гадоў, стаў пераможцам Кубка Стэнлі. У фінальнай серыі "рыцары" абгулялі "Фларыду" 4:1.

Гэта не першы фінал Кубка Стэнлі для "Вегаса". У дэбютным для сябе сезоне - 2017/18 - каманда таксама дабралася да вырашальнай серыі. Тады «рыцары» супрацьстаялі «Вашынгтону». Узяўшы першы матч 6:4, «Вегас» пацярпеў ад сталічнага клуба чатыры паразы запар і саступіў трафей.

У тым сезоне ў шэрагах абсалютнага навічка НХЛ значыўся і беларускі хакеіст. У чэрвені 2017-га нападаючы Міхаіл Грабоўскі падпісаў кантракт з "Вегасам". Праўда, ніякай дапамогі ад яго камандзе не было.

У ліпені 2014-га Грабоўскі падпісаў чатырохгадовы кантракт з «Айлэндрэс» на агульную суму ў 20 мільёнаў долараў. Форвард закінуў ужо ў дэбютным матчы, аднак першы сезон за каманду з Нью-Йорка азмрочылі два страсення мазгоў, з-за чаго хакеіст прапусціў нямала часу.

Траўма галавы не адпускала гульца. У лютым 2016-га ў матчы супраць «Нью-Джэрсі» Міхаіл патрапіў пад чарговы сілавы прыём - на гэты раз ад Лі Стэмпняка. Грабоўскі пасля вінаваціў сябе: "Сам апусціў галаву, няўдала стукнуўся ў борт". Хоць спачатку здавалася, што нічога сур'ёзнага не адбылася - Грабоўскі дагуляў матч, а пра траўму загаварылі толькі перад наступнай сустрэчай.

Беларус разлічваў хутка вярнуцца, але на першай жа трэніроўцы яму стала кепска. Наступны матч Міхаіл правёў праз месяц, прычым адразу паставілі ў першае звяно на матч з "Пітсбургам". Але гэта быў канец.

«Вельмі хацелася гуляць, так што дацярпеў да канца матчу. Але зразумеў, што паспяшаўся з вяртаннем. Ой, непрыемна ўспамінаць... Адчуванні складана перадаць словамі: мяне зразумеюць толькі тыя, хто перажываў страсення», - распавядаў Грабоўскі, які правёў на лёдзе 17 хвілін і не здзейсніў ніякіх выніковых дзеянняў. Для яго гэта апошні матч у прафесійнай кар'еры. Хутка клуб заявіў, што сезон для беларуса датэрмінова завершаны.

Улетку 2016-га Грабоўскі пасля адпачынку прыбыў у клуб, але лекары забаранілі выходзіць на лёд. Так хакеіст, якому дазвалялася толькі працаваць у трэнажорнай зале, прапусціў увесь сезон. Хоць дынаміка нібыта была станоўчай - падстаў звяртацца да лекараў было ўсё менш.

Заплаціўшы Грабоўскаму за год прастою 5 мільёнаў долараў, кіраўніцтва "Айлендэрс" вырашыла пазбавіцца ад хакеіста. Так Міхаіл апынуўся на драфце пашырэння (працэдура, калі новы клуб НХЛ фармуе склад і можа браць гульцоў з астатніх клубаў), дзе яго і падабраў толькі створаны "Вегас".

Перад стартам сезона-2017/18 Грабоўскі ўзяў 84-ы нумар, прыбыў у трэнінг-кэмп "рыцараў" і пачаў праходзіць медычныя тэсты.

«Зусім ужо без эмоцый [пераехаць] не атрымалася б. Тым больш пераязджаю не куды-небудзь, а ў Вегас - гэта ж крута! Праўда, асацыяцыі з гэтым горадам у мяне ў асноўным тыя ж, што і ва ўсіх: перш за ўсё казіно, шыкоўныя гатэлі і гэтак далей. Можа, нешта цікавае, апроч хакея і гэтага, у Невадзе і адшукаецца», – спачатку дзяліўся Грабоўскі.

Форвард прапусціў усе перадсезонныя спарынгі. У першых гульнях рэгуляркі таксама на лёд не выходзіў. У рэшце рэшт з'явілася заява пра тое, што да канца 2017-га хакеіст не згуляе, таму ён быў унесены ў доўгатэрміновы спіс траўміраваных. Грабоўскага нават не ўключылі ў ростар каманды на сезон. Ужо тады клубныя дактары сумняваліся, што беларус здольны вярнуцца на пляцоўку. Кіраўніцтва "рыцараў" падштурхоўвала нападаючага да афіцыйнага завяршэння кар'еры. У такім выпадку кантракт з Міхалам быў бы ануляваны, і "Вегас" разгрузіў бы зарплатную ведамасць на 5 мільёнаў долараў. Але Грабоўскаму адмаўляцца ад грошай не было сэнсу. Да таго ж на словах ён па-ранейшаму верыў, што яшчэ можа аднавіцца.

«Гуляць у НХЛ няпроста, і патрапіць туды няпроста. Павінен быць стрыжань унутры і разуменне: "Не аддам сваё і ўсё". Пакуль я сваю асноўную мэту не выканаў. У мяне яшчэ ёсць на гэты час. Мэта - Кубак Стэнлі. Я - максімаліст», - казаў форвард.

Да канца 2017-га Грабоўскі вярнуўся ў Таронта, дзе займаўся па індывідуальнай праграме. У Канадзе хакеіста чакала прыемная падзея - у снежні 2017-га ён у трэці раз стаў бацькам. Да дачкі Лілі і сына Джагера дадаўся Чарльз-Аляксандр. Тады ж журналісты зноў спыталіся ў Грабоўскага пра будучыню.

«Нават не ведаю, калі вярнуся. Галава яшчэ баліць. Пятае страсенне ў кар'еры. Праз гэта такія наступствы. Паспрабую вярнуцца ў хакей», - адказаў Грабоўскі.

Праблемы са здароўем не вырашыліся. "Вегас" нават дазволіў хакеісту вярнуцца ў Беларусь. Стала зразумела, што ў сезоне-2017/18 Грабоўскі на лёд не выйдзе. Ізноў узніклі пытанні аб будучыні.

«Пакуль пакіну гэтае пытанне без адказу, бо сам яшчэ не ведаю. Вельмі хочацца, але як далей лёс складзецца, будзе залежаць ад майго стану здароўя. Пакуль я не гатовы, здароўе на сёння не дазваляе», - казаў Грабоўскі.

З Грабоўскім у складзе, але не ў ростеры "Вегас" правёў выдатны сезон: выйграў Ціхаакіянскі дывізіён і стаў трэцім у Заходняй канферэнцыі. Падчас рэгуляркі «рыцары» ўсталявалі некалькі рэкордаў для клубаў-дэбютантаў: па колькасці набраных ачкоў (109), па працягласці пераможнай серыі (восем матчаў), па агульнай колькасці перамог (51), а таксама па колькасці дамашніх (29) і выязных перамог (22). На шляху да фіналу Кубка Стэнлі падапечныя Жэрара Галана прайшлі "Лос-Анджэлес" (4:0), "Сан-Хасэ" (4:2) і "Вініпег" (4:1).

«Ці стала нечаканасцю паспяховая гульня «Вегаса»? Гэта для ўсіх нечаканасць, але толькі не для гульцоў "Вегаса", - каментаваў тыя падзеі Грабоўскі.

Тады ж узнікла пытанне, а ці стане гулец першым беларускім уладальнікам Кубка Стэнлі ў выпадку поспеху «Вегаса»? Для гэтага трэба было альбо згуляць 41 матч за рэгуляку (міма), альбо патрапіць у заяўку хаця б на адзін матч фінальнай серыі (клуб уносіць Грабоўскага не стаў, ды і наогул трафей не заваяваў).

Грабоўскі разумеў, што яго кар'ера набліжаецца да завяршэння. Хакеіста хацелі бачыць у КХЛ, але той не лічыў, што гэта добрая ідэя. Ды і матывацыі выступаць у расійскай лізе не меў.

«Зноў хацеў гуляць, а цела не хацела. Я трэніраваўся, але адчуваў сябе дрэнна…» – успамінаў форвард.

Яшчэ сезон Грабоўскі цягнуў з рашэннем і толькі летам 2019-га ўсё ж аб'явіў пра завяршэнне кар'еры. Усяго ў НХЛ беларус выходзіў на лёд у дзесяці сезонах, правёў 544 матчы і набраў 298 (125+173) ачкоў. Увосень таго ж года экс-профі знайшоў матывацыю для гульняў - не ў КХЛ, а за каманду Лукашэнкі. Паралельна ён перайшоў на трэнерскую працу, пачаўшы асіставаць Крэйгу Вудкрафту ў мінскім «Дынама».

Нават завяршыўшы кар'еру, Грабоўскі яшчэ некалькі гадоў працягваў атрымліваць грошы з-за акіяна. У 2012-м нападаючы заключыў новы кантракт з «Таронта» на пяць гадоў і 27,5 мільёнаў долараў. Але ўжо ў наступным годзе хакеіст аказаўся не патрэбны клубу, таму Міхаіла выставілі на драфт адмоваў. У такім выпадку клуб павінен быў выплаціць у растэрміноўку пэўную частку грошай ад кантракту - больш за 14 мільёнаў долараў цягам васьмі гадоў. Гэта значыць 1,7 мільёна за сезон. Гэтыя выплаты прыходзілі хакеісту да лета 2021-га.

Іншыя пасты блога

Усе пасты