Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Мінскае «Дынама» збірае дзіўныя выдаленні ў сезоне КХЛ – аднойчы гэта ўжо прывяло да паразы
Відэа

Мінскае «Дынама» збірае дзіўныя выдаленні ў сезоне КХЛ – аднойчы гэта ўжо прывяло да паразы

Затрымліваюць гульню, упарта парушаюць колькасны склад.

Аўтар — Alex Zagorski
14 верасня, 15:00
Мінскае «Дынама» збірае дзіўныя выдаленні ў сезоне КХЛ – аднойчы гэта ўжо прывяло да паразы

У аўторак мінскае «Дынама» правяло пяты матч у сезоне КХЛ-2023/24 – у суперніках быў казанскі «АК Барс». Сустрэча скончылася мінімальнай паразай 1:2 у авертайме, і, акрамя адносна нядрэннай гульні «зуброў», запомнілася чарговым недарэчным выдаленнем: на 11-й хвіліне першага перыяду падчас працэдуры ўкідвання «Дынама» атрымала двуххвілінны штраф за затрымку гульні – мінчане занадта доўга мянялі хакеістаў (клікайце па фота каб глядзець відэа).

Няхай «АК Барс» перавагай і не скарыстаўся, але падапечныя Дзмітрыя Квартальнава дораць такія магчымасці супернікам у кожным матчы сезона. Напрыклад, за тую ж затрымку гульні «Дынама» каралі ў матчы супраць «Нафтахіміка» – пасля другога голу ніжнякамцаў Квартальнаў узяў відэапаўтор, дзе нічога крымінальнага не знайшлі, а за такое выпісваецца двуххвілінны камандны штраф). У меншасці дынамаўцы прапусцілі трэці раз, але ў выніку атрымалі перамогу ў сустрэчы (6:4).

А вось сапраўдны мем атрымліваецца ў «Дынама» са зменамі на пляцоўцы: за 5 матчаў рэгуляркі на рахунку мінчукоў шэсць выдаленняў за парушэнне колькаснага складу. Па аднаму разу такое здаралася ў матчах супраць «Віцязя» (7:0) і «Куньлуня» (3:4) і адразу чатыры – у трылеры з «Тарпеда». Першыя два выдаленні «зубры» атрымалі пры ліку 2:2, і супернік перавагай не скарыстаўся, а яшчэ два парушэнні колькасці гульцоў на лёдзе дазволілі тарпедаўцам зраўняць лік з 2:4, а пазней і атрымаць перамогу (6:4).

У тым матчы замест айстайму адбываць каманднае пакаранне тройчы ездзіў малады праспект «Арызоны» Вадзім Мароз, які закінуў другую шайбу «Дынама» у сустрэчы. Ну а эмоцыі Квартальнава даволі відавочныя – так бязглузда страціць перамогу трэба ўмець:

Напрыканцы нагадаем, пасля пяці матчаў бягучага сезона КХЛ «Дынама» займае 7-е месца ў Заходяй канферэнцыі. 14 верасня «зубры» правядуць апошні матч выязной серыі супраць «Трактара», пасля чаго згуляюць першы хатні матч на «Мінск-Арэне» з «Лакаматывам» (20 верасня).

Іншыя пасты блога

Усе пасты