Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Беларускі брамнік не патрапіў пакуль у НХЛ, затое ў АХЛ мае топавыя паказнікі і па перамогах, і па адбітых кідках

Беларускі брамнік не патрапіў пакуль у НХЛ, затое ў АХЛ мае топавыя паказнікі і па перамогах, і па адбітых кідках

Пачатак, за які можна парадавацца.

Аўтар — bytribuna com
25 кастрычніка, 14:00
Беларускі брамнік не патрапіў пакуль у НХЛ, затое ў АХЛ мае топавыя паказнікі і па перамогах, і па адбітых кідках

ʼ1 кастрычніка Мікіта Талапіла даведаўся, што дэбютаваць у НХЛ па-хуткаму не зможа. Трэнерскі штаб «Ванкувера» адправіў беларускага брамніка разам з суайчыннікам-нападаючым Данілам Клімовічам у клуб АХЛ «Абатсфард».

І нават дэбют у другой па сіле заакіянскай лізе першапачаткова бачыўся для 23-гадовага галкіпера справай няхуткай. У канкурэнтах у Талапілы ў фарме «Ванкувера» значыліся 25-гадовы канадзец Закары Саўчанка, у якога ёсць няхай і невялікі, але вопыт у НХЛ з «Сан-Хасэ», і 22-гадовы латвіец Артур Шылаў – самы каштоўны гулец чэмпіянату свету-2023. Але ў такой кампаніі беларус атрымаў шанц ужо ў другім матчы рэгуляркі. Талапіла адыграў усю сустрэчу з «Лавалем» (4:3): зрабіў некалькі нядрэнных сэйваў, адбіў 41 кідок з 44 (93,2%).

Выданне Canucks Army, якое асвятляе жыццё «Ванкувера», станоўча ацаніла дэбют беларуса. Там пісалі, што брамнік сваімі дзеяннямі выпраменьваў упэўненасць на працягу ўсёй гульні і выглядаў вельмі спакойным. «У гэтым сезоне Талапіла можа здзівіць многіх. Суботняя гульня стала выдатным пачаткам», – рэзюмавалі ў Canucks Army.

У двух наступных матчах габарытны кіпер (198 см) з запасу назіраў за гульнёй Шылава. З латвійцам у варотах «Абатсфарду» перамагчы не ўдалося – дзве паразы ў спараных матчах супраць «Калгары Рэнглерс» (2:3, 6:7 АД). Усяго ў Шылава тры гульні ў новым сезоне АХЛ пры 85,3 працэнтах адбітых кідкоў і каэфіцыенце надзейнасці 4,73.

Нядзіўна, што ў наступным матчы – супраць «Каларада Іглз» – Талапіла вярнулі на лёд і дапамог у авертайме даціснуць суперніка 2:1. Талапіла адбіў 34 з 35 кідкоў (97,1%), а пазней даведаўся, што стаў першай зоркай матчу. Перамога дазволіла «Абатсфарду» увайсці ў топ-3 Ціхаакіянскага дывізіёна з сямю пунктамі пасля пяці гульняў.

У каментары для прэсы Талапіла назваў матч «выдатнай каманднай перамогай» і наогул радаваўся першаму дамашняму поспеху калектыву ў сезоне. Кажучы пра канкурэнцыю з Шылавым, беларус заявіў, што наладзіў з калегам «даволі добрае» ўзаемадзеянне: «Мы абодва проста выконваем сваю працу. Робім усё магчымае для каманды. Тут даволі ўсё проста».

Цяпер на рахунку беларуса два матчы ў АХЛ – і абодва пераможныя. Ён адбіў 94,9 працэнта кідкоў (6-ы паказнік па лізе) і каэфіцыент надзейнасці 1,92 (11-ы ў лізе).

Што тычыцца Саўчанкі, то канадзец па-ранейшаму не атрымаў шанцу ў «Абатсфардзе» і зʼяўляецца на сёння пятым брамнікам у сістэме «Ванкувера». У першай камандзе «Кэнакс», якая ў НХЛ пасля шасці матчаў мае чатыры перамогі, пакуль робяць стаўку на амерыканцаў – 27-гадовага Тэтчэра Дзямко (4 матчы, 92,3%, 2,42 КН) і 32-гадовага Кейсі ДэСміта (3 матчы, 93,8%, 2,73 КН). Як бачым, вялікай патрэбы ў ратацыі брамнікаў трэнерскі штаб «Ванкувера» не мае, таму Талапіла ў найбліжэйшай перспектыве давядзецца і далей даказваць прафпрыдатнасць у АХЛ.

Іншыя пасты блога

Усе пасты