Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/19-гадовы беларус пачаў у КХЛ званнем найлепшага – у «Юнацтве» пакідалі без экіпіявання, дзяўчына падтрымлівае не яго клуб

19-гадовы беларус пачаў у КХЛ званнем найлепшага – у «Юнацтве» пакідалі без экіпіявання, дзяўчына падтрымлівае не яго клуб

Гуляў у камандзе Чыжа.

Аўтар — KentYara98
27 кастрычніка, 08:35
1
19-гадовы беларус пачаў у КХЛ званнем найлепшага – у «Юнацтве» пакідалі без экіпіявання, дзяўчына падтрымлівае не яго клуб

25 кастрычніка 19-гадовы беларускі брамнік Павел Майсевіч дэбютаваў за СКА (Санкт-Пецярбург, Расія) ў матчы супраць «Куньлуня». Малады галкіпер выйшаў на лёд на 13-й хвіліне, калі піцерцы нечакана саступалі аўтсайдарам 1:3. Потым СКА сабраўся і ў выніку перамог 6:3 – Майсевіч у сваім першым матчы ў КХЛ не прапусціў, для чаго здзейсніў усяго 12 сэйваў (відавочна, партнёры за яго хваляваліся). Аднак у раздзявальні расійскай каманды брамніка прызналі найлепшым гульцом сустрэчы.

«Здорава згуляў наш навічок у браме. Першы кідок для яго наогул стаў выхадам у нуль – і ён справіўся. Зрабіў найважнейшыя сэйвы пры ліку 4:3. Прыйшоў, убачыў, перамог! Гэта дорага каштуе. Велізарная яму падзяка», – хваліў Майсевіча пасля матчу трэнер СКА Раман Ратэнберг.

Сваю хакейную карʼеру Майсевіч пачынаў у СДзЮШАР пры выканкаме Лукашэнкі па Мінску, дзе ўжо год трэнаваўся старэйшы брат Аляксей. Ён быў абаронцам, а вось Павел хутка вызначыўся з месцам у браме.

У тыя гады браты хадзілі на матчы мінскага «Дынама», дзе неяк сфатаграфаваліся з тагачасным галоўным трэнерам зборнай Беларусі Гленам Хэнланам.

А ў 2012 годзе маленькі Паша асабіста павіншаваў з днём нараджэння дынамаўскага варатара Кевіна Лаланда.

Неўзабаве пасля пачатку трэнаванняў Майсевіч зайграў у юнацкім чэмпіянаце Беларусі ў камандзе «Алімпік-2011» з Маладзечна, прычым складалася яна з хлопцаў на два гады старэйшых. Затым брамнік перайшоў у сістэму «Юнацтва». У сезоне-2017/18, як фіксаваў бацька Паўла, варатар выйграў усе 11 давераных яму матчаў у ЧБ па свайму ўзросту, а таксама стаў найлепшым кіперам міжнароднага турніру разам з камандай, дзе партнёры былі на год старэйшымі. Аднак пасля гэтага трэнер Майсевіча «абʼявіў пра тое, што праводзіць «селекцыйную працу» і больш не разлічвае» на брамніка. У выніку той на сталай аснове перайшоў у каманду на год старэйшую, але тамака яму не далі экіпіяванне – сямʼя набыла яго ў Расіі на свае грошы.

Павел не пераставаў трэнавацца і летам – заняткі праходзілі і ўдома, і ў кэмпах для брамнікаў.

У сезоне-2020/21 годзе Павал разам з братам дэбютавалі ў беларускім Д2 – уліліся ў склад «Собаля» з Бярозы, які стварыў на сваёй «малой Радзіме» экс-уласнік футбольнага мінскага «Дынама» Юры Чыж. І спачатку ён асабіста кіраваў справамі ХК.

Сезон-2021/22 Майсевіч правёў у той жа лізе, але ўжо ў складзе зборнай Беларусі U-18 (гуляла нібы асобны клуб). А ўлетку-2022 беларускі трэнер Леанід Грышукевіч запрасіў Майсевіча на прагляд у «Капітан», фарм-клуб «Сочы» ў МХЛ. І брамнік так уразіў, што яго ўзялі з «Сочы» на таварыскі турнір. Што цікава, там кіпера выпусцілі толькі ў матчы супраць СКА 22 жніўня – ён ужо скончыўся перамогай піцерцаў 5:1, але каманды дзеля цікавасці згулялі авертайм 3х3, дзе Майсевічу і далі час, а ён прапусціў ужо на другой хвіліне. Затое адбіў тры з пяці булітаў у серыі (яе таксама гулялі проста так і зафіксавалі нічыю 2:2).

Наўрад ці гэтым можна было моцна ўразіць прадстаўнікоў СКА, аднак ужо ў сярэдзіне лістапада Майсевіч быў абмяняны менавіта ў піцерскі клуб, паспеўшы правесці толькі пяць матчаў у МХЛ за «Капітан», прапусціўшы 14 шайбаў пры 92,3% адбітых кідкоў і двух шатаўтах.

У сістэме СКА ў мінулым сезоне кіпер гуляў зусім няшмат – чатыры матчы за «СКА-Няву» у ВХЛ і дзевяць у суме за «СКА-1946» і «СКА-Варагі» у МХЛ. Аднак сезон-2023/24 Майсевіч пачаў ужо асноўным брамнікам каманды ВХЛ, за якую паспеў правесці 12 матчаў, апошні з якіх – 24 кастрычніка супраць «Тамбова» (7:1). А ўжо на наступны дзень пасля тэрміновага пераводу ў СКА адбыўся паспяховы дэбют у КХЛ. Праўда, трэба сказаць, у варотах каманды Ратэнберга ў гэтым сезоне чахарда – у 21 матчы клуба Майсевіч стаў ужо пятым запатрабаваным брамнікам, прычым у сваіх першых матчах усе пяцёра атрымалі перамогі.

У Майсевіча ёсць дзяўчына, якая таксама звязаная са спортам. Але падтрымлівае не ягоную каманду – Лізавета Казак уваходзіць у склад чырлідынгавай групы Time Out, якая працуе ў Мінску: выступае на матчах футбольнага мінскага «Дынама», хакейнага «Юнацтва», гандбольнага СКА, розных зборных Беларусі і гэтак далей. Гэтым летам Казак патрапіла ў лік фіналістак рэжымнага рэспубліканскага конкурсу прыгажосці, але ніякіх званняў не атрымала.

Фота/відэа: @tm_hockey88, @elkazaak в Instagram

Іншыя пасты блога

Усе пасты