Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Выпівакі з Расіі ў белхакеі – ужо звыкла, але яшчэ ладна. Прыязджаў і форвард, які сядзеў на наркотыках

Выпівакі з Расіі ў белхакеі – ужо звыкла, але яшчэ ладна. Прыязджаў і форвард, які сядзеў на наркотыках

Ён ужо памёр.

Аўтар — Алесь Коваль
16 студзеня, 09:00
Выпівакі з Расіі ў белхакеі – ужо звыкла, але яшчэ ладна. Прыязджаў і форвард, які сядзеў на наркотыках

У пачатку студзеня «Брэст» аб'явіў пра падпісанне 30-гадовага расійскага нападаючага Яраслава Косава. Ён лічыўся перспектыўным нават на ўзроўні НХЛ, правёў больш за 500 матчаў у КХЛ, выйграўшы тры Кубкі Гагарына, але ў Расіі не гуляў апошнія паўтара года – клубы занадта напружваліся з-за алкагольных гісторый гульца.

Косаў ужо закінуў за «Брэст» дэбютную шайбу, але абодва матчы з расіянінам на лёдзе каманда прайграла з агульным лікам 2:9. Гэта не перашкаджае Косаву ставіць мэту выйграць плэй-оф, а агенту хакеіста Аляксандру Чарных – верыць, што гулец зможа вярнуцца ў КХЛ.

А наогул Косаў – чарговы праблемны расiянiн, якога за апошнія пару гадоў падабралі ў экстралізе. Але ёсць і больш даўняя гісторыя, якая была горай за алкагольную.

Мікалай Жэрдзеў

У ліпені 2022-га мінскае «Дынама» здзівіла падпісаннем пробнага кантракта з узроставым Жэрдзевым, які паспеў правесці больш за 400 гульняў у НХЛ, але алкаголем загубіў кар'еру. З чатырох сезонаў да «Дынама» хакеіст гуляў толькі ў двух – то дзясятак матчаў у ВХЛ (расійскім Д2), то чэмпіянаты Славакіі і Італіі. Плюс казалі, што за прыяцеля Жэрдзева хадайнічаў тады дынамаўскі трэнер, рэжымнік Міхаiл Грабоўскі.

Форвард нібыта спадабаўся Крэйгу Вудкрафту, але клуб рабіў стаўку на беларускую моладзь і паўнавартаснага кантракту Жэрдзеву не прапанаваў. Зрэшты, той не з'ехаў з Мінска, а падпісаўся з «Юнацтвам». Там расiянiн правёў 14 матчаў, у якіх набраў усяго 4 (3+1) балы – і ў кастрычніку 2022-га пакінуў каманду.

Зрэшты, ужо праз два тыдні хакеіст знайшоў чарговы беларускі клуб – «Дынама-Маладзечна», з якім дамовіўся да канца сезона. Каманда вылецела ў першым раўндзе плэй-оф, а расіянін за 33 матчы набраў 17 (5+12) ачкоў і, як і планавалася, пакінуў клуб, атрымаўшы свае грошы.

Ураджэнец Украіны, які ў раннім юнацтве пераехаў у Расію і стаў выступаць за мясцовыя зборныя, у канцы лета 2023-га заключыў дамову з «Алеге» з Д2 Італіі. Да гэтага моманту на рахунку 39-гадовага хакеіста 32 (17+15) бала ў 22 матчах за клуб, які ідзе на пятым месцы з 11.

Міхаіл Анісін

У 2022-м жлобінскі «Металург» падпісаў расіяніна, у якога не раз узнікалі праблемы з-за выпіўкі. Да 30 гадоў Анісін паспеў правесці больш за 300 матчаў у КХЛ і выйграць Кубак Гагарына-2012, але зарабіць вельмі адмоўную рэпутацыю – і да Беларусі чатыры гады матаўся па камандах у Д2 Расіі (там ездзіў нават у «Хумо» з Узбекістана), а таксама наведваў Румынію і нават Д2 Славакіі. Да моманту падпісання з «Металургам» Анісін таксама паспеў выразна выступіць за вайну ва Украіне, але гэта жлабінчан не збянтэжыла.

Галоўны трэнер «Металурга» Дзмiтрый Краўчанка заяўляў, што 34-гадовы навiчок любому аднаклубніку дасць фору па гульнявым мысленні, ды і па статыстыцы ўсё было да пары добра – у першых 15 матчах расiянiн набраў 16 (8+8) ачкоў. Аднак у сярэдзіне кастрычніка 2022-га Анісін знік са складу. Краўчанка сказаў, што форвард нібыта атрымаў лёгкую траўму і вернецца за тыдзень. Аднак па факце да новага выхаду на лёд прайшоў месяц – а форвард расказваў, што лятаў у Маскву, але ўсё, маўляў, толькі дзеля працэдур у спортдыспансеры. У сярэдзіне лістапада хакеіст усё ж такі зноў згуляў за «Металург», але за пяць сустрэч вызначыўся ўсяго адной шайбай. Пасля гэтага кантракт Анісіна з «Металургам» скасавалі «па дамове бакоў» без тлумачэння прычын.

У хакей Анісін вярнуўся толькі ў ліпені 2023-га – прайшоў прагляд у «Нарыльску» з ВХЛ і падпісаў кантракт з камандай. Да сярэдзіны лістапада гульнявы час хакеіста скакаў ад дзвюх да пятнаццаці хвілін, а за 21 паядынак ён набраў сціплыя 5 (0+5) ачкоў. З тых часоў Анісін з'явіўся на лёдзе толькі адзін раз – у снежні адыграў 4:39 супраць «Чалмета».

Арцём Чарноў

Выхаванца новакузнецкага хакея ў 15 гадоў узялі ў дубль мясцовага «Металурга», а праз два гады ў аснову Чарнова падняў экс-трэнер зборнай Беларусі Андрэй Сідарэнка. У тым жа сезоне-1999/00 нападаючы прывёз срэбра з ЧС U-18, а ўлетку быў абраны пад 162-м нумарам «Даласам» на драфце НХЛ.

Чарноў з'ездзіў на зборы за акіян, але вярнуўся ў «Кузню», дзе за сезон-2000/01 набраў 32 (15+17) ачкі ў 44 матчах. Далей быў пераход у «Авангард», але там і статыстыка, і сама гульня расiянiна прыкметна прасела. Афіцыйна было прынята казаць, што ў Чарнова праблемы з-за пашкоджанняў. Але ў хакейных колах хадзіла іншая версія – бяда з цяжкімі наркотыкамі.

«Разумеючы, што хакеісты пры грошах, у Новакузнецку каля іх увесь час ашываліся сумнеўныя тыпы. Распаўсюджвалі гэтую дрэнь і падсаджвалі рабят. Быў упэўнены, што хлопца чакае вялікая будучыня. Але і яго павялі не ў той бок», – успамінаў Сідарэнка.

Па ходзе сезона-2004/05 Чарноў аказаўся ўжо ў ЧБ – у «Юнацтве». З iм расіянін выйграў два чэмпіёнскія тытулы і набраў 105 (47+58) ачкоў у 104 матчах за мінчан. Загаварылі пра запрашэнне расіяніна ў зборную Беларусі, якую толькі ўзначаліў Глен Хэнлан, аднак да змены спартыўнага грамадзянства справа не дайшла.

Па ўспамінах Чарнова, менавіта ён заклаў першы камень будучай «Мінск-Арэны», калі вясной 2006-га хакеістаў «Юнацтва» прывялі на прысвечаны пачатку будаўніцтва суботнік з удзелам Аляксандра Лукашэнкі. Заадно расiянiн паспеў ацаніць гульню Лукашэнкі ў хакей – сказаў, што «зразумела, усе на яго гуляюць, каб ён забіў», але «кідок моцны».

Пасля «Юнацтва» Чарноў з'ехаў у расiйскі МВД, за які правёў два сезоны, а затым проста знік на два гады, што журналісты зноў звязвалі з ужываннем наркотыкаў. Тым не менш Чарнову, як казалі ў кулуарах, удалося «завязаць», пасля чаго ён вярнуўся на лёд і нават у 2012-м выйграў Кубак Гагарына ў складзе маскоўскага «Дынама». Затым у кар'еры форварда былі «Тарпеда», «Аўтамабіліст», «Атлант», «Салават Юлаеў», «Віцязь» і родны Новакузнецк, дзе ў верасні 2020-га Чарноў абвясціў пра завяршэнне кар'еры.

Учорашняму хакеісту прапанавалі пасаду дзіцячага трэнера ў школе «Салавата Юлаева», на якую ён быў згодны, але на працу не заступіў, бо ўзніклі праблемы з сэрцам. 11 снежня 2020-га ва ўзросце 38 гадоў Чарнова не стала.

Іншыя пасты блога

Усе пасты