Tribuna/Хакей/Блогі/Хоккейная площадка/Протасу далі доўгі кантракт у «Вашынгтоне» – для НХЛ вельмі сярэдні, затое для беларусаў топавы (абгоніць і Шаранговіча)

Протасу далі доўгі кантракт у «Вашынгтоне» – для НХЛ вельмі сярэдні, затое для беларусаў топавы (абгоніць і Шаранговіча)

Больш атрымліваў адзiн Грабоўскі – сiламi адначасова двух клубаў.

Аўтар — KentYara98
20 студзеня, 23:59
Протасу далі доўгі кантракт у «Вашынгтоне» – для НХЛ вельмі сярэдні, затое для беларусаў топавы (абгоніць і Шаранговіча)

У пачатку 2024-га з беларускіх хакеістаў НХЛ прымушаў пра сябе гаварыць Ягор Шаранговіч. У дзевяці першых матчах года форвард «Калгары» закінуў восем шайб пры двух асістах і выйшаў на трэцяе месца па галах у «рэгулярках» сярод усіх суайчыннікаў у гісторыі.

Тым часам у беларускага нападаючага Аляксея Протаса, які ў гэтым сезоне набраў 18 (3+15) ачкоў у 42 сустрэчах за «Вашынгтон», дзевяць першых матчаў 2024-га склаліся ўвогуле без выніковых дзеянняў. Але ўвечары 19 студзеня па часе сталіцы ЗША Протас перацягнуў усю ўвагу аматараў белхакея на сябе – «Вашынгтон», які пакуль ідзе на 9-м радку Усходняй канферэнцыі, абвясцiў, што падпісаў новы кантракт з 23-гадовым гульцом.

Дамову з Протасам заключылі адразу на пяць наступных сезонаў – як адзначыў генеральны менеджар «Вашынгтона» Браян Маклелан, у камандзе чакаюць, што ў будучым форвард будзе граць ключавую ролю ў камандзе. Сам жа гулец заявіў, што ён ганарыцца і шчаслівы падпісаць кантракт з камандай, якая ў яго паверыла і дазволіла ажыццявіць мару гуляць у НХЛ.

Агульная сума кантракта склала 16,875 мільёна долараў – сярэднi заробак за сезон складзе, адпаведна, 3,375 мiльёна, у чатыры з лiшнiм разы вышэй, чым у бягучым пагадненнi. Але выплаты Протасу, як часта бывае ў НХЛ, будуць ад самай вялiкай змяншацца па сезонах. Размеркаванне будзе такiм:

• сезон-2024/25: 4 мільёны долараў;

• сезон-2025/26: 3,75 мiльёна долараў;

• сезон-2026/27: 3,5 мiльёна долараў;

• сезон-2027/28: 3,125 мiльёна долараў;

• сезон-2028/29: 2,5 мiльёна долараў.

Па мерках НХЛ кантракт Протаса цяжка назваць нават вялiкiм – дамовы з большым сярэднiм памерам сезоннага заробку проста цяпер ёсць больш чым у 300 хакеiстаў лiгi. Але для беларускага прадстаўніцтва ў НХЛ гэта сапраўды вялікая здзелка – такiх добрых кантрактаў не было нават у большасцi зорак мiнулага.

Руслан Салей самыя паспяховыя гады ў лізе правёў пры зарплаце менш чым у 2 мільёны долараў за сезон. Самы буйны кантракт ён заключыў у 31 год – «Фларыда» падпісала абаронцу на чатыры сезоны з сярэдняй выплатай крыху больш за 3 мільёны долараў. Але ў «Пантэрс» Салей правёў менш за два сезоны – клуб абмяняў гульца ў «Каларада» (фінансавыя ўмовы пры такім дзеянні захоўваюцца), дзе хакеiст i выступаў да канца дамовы.

Браты Касціцыны таксама крыху не дасягалі протасаўскай сумы кантрактаў. Максімум Сяргея – заключаны ў 25-гадовым узросце двухгадовы кантракт з «Нэшвілам» на 6 мільёнаў. І тое форвард адпрацаваў толькі адзін сезон-2012/13, скарочаны з-за лакаўту, за палову названай сумы, пасля чаго з'ехаў у расійскі «Авангард». Андрэй у 23 гады падпісаў, а потым падоўжыў дамову з «Манрэалем», дзякуючы чаму з 2008-га чатыры сезоны ў клубе атрымліваў па 3,25 мільёна долараў. У 2012-м Касціцына-старэйшага абмянялі ў «Нэшвіл», але неўзабаве цяперашні рэжымнік з'ехаў у расiйскі «Трактар».

Кантракты лепш, чым у Протаса, меў толькі Міхаiл Грабоўскі. Рэжымнік у 28 гадоў атрымаў за поспехі ў «Таронта» дамову на пяць гадоў і цэлых 27,5 мільёна долараў ад клуба. Праўда, ужо пасля першага сезона за 6 мільёнаў канадцы расчараваліся ў сваім рашэнні і летам 2013-га выкупілі кантракт – гэта азначала, што большую частку грошай яны засталіся Грабоўскаму вінныя, але ў «растэрміноўку» на восем гадоў. На атрыманне штогадовага «бонуса» ў амаль 1,8 мільёна не ўплывала і тое, што хакеіст перазагрузіўся ў «Вашынгтоне» і ў 2014-м падпісаў новы вялікі кантракт – на чатыры гады і 20 мільёнаў долараў з «Нью-Ёрк Айлендэрс». Але і гэтая здзелка для клуба аказалася няўдалай – пад канец Грабоўскі не гуляў, а лячыўся, апошні сезон кантракту толькі лічыўшыся ўжо ў «Вегасе» за ўсё тыя ж грошы.

Пра астатнія беларускія кантракты мінулага НХЛ можна пачытаць у нашым архіўным матэрыяле.

Што тычыцца дзеючых гульцоў, то Ягор Шаранговіч мае на руках двухгадовую дамову з «Калгары» на суму 6,2 мільёна долараў – пакуль абганяе Протаса па заробку, з наступнага сезона будзе саступаць.

3-гадовы кантракт яшчэ аднаго беларускага гульца «Калгары» Іллі Салаўёва пацягнуў на 2,485 мільёна долараў. Аднак гулец выступае ў асноўным у АХЛ – а гэта па ўмовах знiжае яго заробак да ўсяго 80 тысяч.

Кантракт Уладзіслава Калячонка з «Фларыдай», які разлічаны на тры гады, быў заключаны на суму 2,9 мільёна долараў. Аднак ён таксама гуляе амаль толькi ў АХЛ – таму атрымлiвае 70 тысяч у год.

Іншыя пасты блога

Усе пасты