Tribuna/Футбол/Блогі/Пинта-Шминта/Гульца «Мяшкова» нечакана «атакавала» чырлідарка. З сітуацыі ён выйшаў не так спрытна, як калісьці капітан БАТЭ

Гульца «Мяшкова» нечакана «атакавала» чырлідарка. З сітуацыі ён выйшаў не так спрытна, як калісьці капітан БАТЭ

Помніце, як Дзмітрый Ліхтаровіч сабраў дзясяткі тысяч праглядаў?

Аўтар — KentYara98
20 снежня, 12:08
Гульца «Мяшкова» нечакана «атакавала» чырлідарка. З сітуацыі ён выйшаў не так спрытна, як калісьці капітан БАТЭ

Сезон-2023/24 ва ўмовах міжнароднай ізаляцыі адносна нядрэнна складваецца для гандбольнага клуба «Мяшкоў Брэст». У газпромаўскай «SEHA-лізе» з чатырма перамогамі і дзвюма нічыімі берасцейцы ўзначальваюць сваю групу А. Такая ж сітуацыя і ў чэмпіянаце Беларусі, дзе «мяшкоўцы» ўвогуле яшчэ не страчвалі пунктаў.

У матчы нацыянальнага першынства супраць СКА, які адбыўся 17 снежня, Брэст ледзь не застаўся без свайго гульца Эдуарда Яраша ў вельмі недарэчнай сітуацыі.

Дзяўчаты з групы падтрымкі хутчэй за гульцоў на пляцоўцы зрэагавалі на паўзу ў матчы і рынуліся на паркет. 23-гадовы летні кутні відавочна не чакаў такога павароту падзей – ён літаральна спатыкнуўся аб адну з дзяўчат. Апошняя нават не паказала віду, што нешта адбылося, а вось Яраш, які мае 192 см росту і 86 кг вагі, нязграбна паваліўся і праляжаў нейкі час на паркеце, быццам дэманструючы, што яму нешта баліць.

На шчасце берасцейцаў, абышлося наступстваў. Гулец здолеў прадоўжыць матч, а «Мяшкоў Брэст» перамог 28:23.

Гэта не першы выпадак, калі чырлідаркі «атакуюць» беларускіх спартоўцаў. У красавіку 2015 года ў аналагічную сітуацыю патрапіла легенда БАТЭ Дзмітрый Ліхтаровіч. Пасля перадматчавых рытуалаў з капітанам супернікаў і з суддзямі пад яго падкацілася танцорка са сцягам. Дзяўчына паслізнулася і выканала прыём, які цягнуў як мінімум на жоўтую картку, але і Ліхтаровіч не разгубіўся - спрытна зрабіў кулёк ды пабег да сваіх.

Тады відэаролік з гэтым момантам сабраў на YouTube сотні тысяч праглядаў і прыцягнуў увагу амерыканскага медыягіганта ESPN.

- Пасмяяліся. Дзіма таксама. Ён чалавек з гумарам. Таму добра адрэагаваў на тое, што адбылося, - рэагаваў тады на інцыдэнт лідар БАТЭ Віталь Радзівонаў.

Барысаў атрымаў перамогу ў той гульні 2:0, Ліхтаровіч выйшаў у старце і правёў на полі ўсе 90 хвілін.

Іншыя пасты блога

Усе пасты