Усе навіны

Экс-кіраўнік берасцейскіх «Дынама» і «Руху» Зайцаў стаў рыцарам папскага ордэна Святога Рыгора Вялікага

27 снежня 2022, 17:11
2

Экс-кіраўнік берасцейскіх «Дынама» і «Руху» Аляксандр Зайцаў атрымаў тытул рыцара папскага ордэна Святога Рыгора Вялікага.

Ордэн Святога Рыгора Вялікага – гэта папскі рыцарскі ордэн, чацвёрты па рангу ордэн Святога Прастола і вышэйшая папская ўзнагарода, якой могуць быць удастоены свецкія асобы. Ён быў заснаваны ў 1831 і даецца за «ваенныя або грамадзянскія заслугі ў падтрымцы пачынанняў Святога Прастола».

Як паведамляе «Хрысціянская візія» ініцыятарамі прысваення звання рыцара ордэна Св. Рыгора Вялікага звычайна з'яўляюцца мясцовыя біскупы або Апостальскі Нунцый. Разглядаюцца гэтыя справы пераважна ў дзяржаўным сакратарыяце Святога Прастолу.

Цырымонію прывядзення новага кавалера да прысягі праводзіў арцыбіскуп Іосіф Станеўскі ў прысутнасці ксяндза Ігара Лашука са Стоўбцаў і ксяндза Юрыя Жэгарына з Навагрудка.

«Хрысціянская візія» паведамляе, што імя Зайцава не згадваецца ў каталіцкіх СМІ і шырокаму колу вернікаў не знаёма. Канал мяркуе, што бізнэсмэн дапамагаў Касцёлу грашыма на будаўніцтва. З гэтым можа быць звязана прысутнасць на цырымоніі ксяндза Лашука, архіепіскапскага вікарыя па справах будаўніцтва і рамонту сакральных будынкаў Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі.

Нагадаем, што Зайцаў знаходзіцца пад санкцыямі ЗША ў адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расеяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.