Усе навіны

Абдыхолікаў, Папарыга і яшчэ два футбалісты пакінулі «Энергетык-БДУ»

8 студзеня 2023, 17:22

Як паведамляе прэс-служба «Энергетыка-БДУ», клуб пакінулі 4 футбалісты.

Пасля заканчэння кантрактаў пайшлі нападаючыя Бабур Абдыхолікаў і Раман Папарыга. Абодва прыйшлі да «студэнтаў» у сярэдзіне сезона-2021.

Абдыхолікаў за гэты час правёў у чэмпіянаце 44 матчы і набраў 28+6 ачкоў па сістэме «гол + пас», а таксама 3 матчы ў Кубку Беларусі (1 гол). Нагадаем, што ён летась стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату (26 галоў), а таксама быў прызнаны найлепшым футбалістам чэмпіянату Беларусі.

Папарыга, у сваю чаргу, правёў у вышэйшай лізе 45 матчаў (5+12), а таксама 4 матчы ў Кубку. Акрамя таго нападаючы стаў другім асістэнтам вышэйшай лігі (10 галявых пасаў).

Таксама па ўзаемнай згодзе бакоў скасаваны кантракт з расійскім паўабаронцам Алегам Пліевым. Расіянін прыйшоў да «студэнтаў» у сярэдзіне мінулага сезона і правёў 13 гульняў у чэмпіянаце і 1 гульню ў Кубку.

Акрамя пасля заканчэння тэрміну арэнды ў салігорскага «Шахцёра» пакінуў «Энергетык-БДУ» абаронца Ягор Стралкоўскі. Ён прыйшоў у каманду ў сярэдзіне сезона-2019 і пасля выступлення ў дублі перабраўся ў аснову, у якой правёў 11 матчаў у чэмпіянаце-2021. Аднак мінулы сезон абаронца прапусціў з-за траўмы.