Усе навіны

Паўабаронца «Слуцка» Глябко: «Легіянеры, якія раней у Беларусь прыязджалі – больш індывідуальна моцныя футбалісты, чым нашыя. Не скажу, што з іх ад'ездам ЧБ стаў слабейшым»

29 красавіка 2023, 13:55
1

Паўабаронца «Слуцка» Сяргей Глябко пракаментаваў перамогу над «Белшынай» (2:1) у 6-м туры чэмпіянату Беларусі.

– Гульня атрымалася. Кантралявалі ход падзей. Мы былі лепш гатовы, зладжана дзейнічалі. Кожны выконваў сваю працу і ўсё добра скончылася.

– У «Белшыне», напэўна, самая высокая абарона ў лізе. Трэнер «Слуцка» відавочна прадбачліва паставіў мабільных футбалістаў у групе нападу. Гэта і прынесла свой плён. Ваш гол, напрыклад, быў забіты за рахунак найлепшай каардынацыі ў той сітуацыі...

– Так, больш мабільнымі мы былі, паваротлівей дзейнічалі на мячы. Гэта таксама адбілася на выніковым рахунку.

– Як перажылі тыдзень пасля паразы ў Смаргоні? Тады сапернік фактычна адабраў у вас тры ачкі на апошніх хвілінах.

– Застаўся асадак. Так, выгляду не паказвалі, але тая параза на псіхалагічным стане адбілася. Таму настройваліся на «Белшыну» грунтоўна, былі вельмі матываваныя на перамогу.

– Шэсць матчаў ужо згулялі ў вышэйшай лізе. Паспелі прыгледзецца – на што гэты «Слуцк» можа разлічваць у цяперашнім чэмпіянаце?

– Ведаю дакладна, што ў кожным матчы можам браць ачкі. Але ведаеце: новае пакаленне ўліваецца ў чэмпіянат. Маладым складана пакуль абвыкнуць да хуткасцяў, да мабільнасці гульні, да яе разумення. Хоць, я думаю, усе так перабудоўваюцца – і ўсе пакутуюць. Спадзяюся, хлопцы адаптуюцца як мага хутчэй.

– Беларуская вышэйшая ліга стала адчувальна слабейшай, калі большасць легіянераў з'ехала?

Не скажу што стала моцна слабейшай. Проста легіянеры, якія ў Беларусь прыязджалі – больш індывідуальна моцныя футбалісты, чым нашы. Мы гуляем за кошт структураванасці, тактыкі... А замежнікі, як правіла, вылучаліся хуткасцю, антрапаметрыяй. Першым чынам, маю ў выглядзе цемнаскурых рабят. Яны нас у гэтых кампанентах пераўзыходзяць. Вось за кошт гэтага мы сталі слабейшыя. Але не крытычна.

– У Беларусі цяпер нахіл узяты на развіццё маладых. У «Слуцку» шмат перспектыўных, якія жадаюць развівацца ў прафесіі?

– Усё ідзе ад галавы. Трэба слухацца старэйшых і прытрымлівацца іх парад. І тады ўсё атрымаецца.

– А ў вашай каманды моладзь слухаецца старэйшых?

– Мяне слухаецца. Хоць, бывае, што і навучыць ці правучыць даводзіцца. Дзеці з-за ўзросту маюць патрэбу ў «падказе». Так заўсёды было, – сказаў Глябко.