Усе навіны

Гулец «Энергетыка-БДУ» Міхаленка аб зняцці 20 ачкоў: «Мы больш загарэліся. Будзем аддаваць усе сілы, каб не вылецець у Д2»

14 траўня 2023, 21:04

Абаронца «Энергетыка-БДУ» Аляксандр Міхаленка пракаментаваў рашэнне КДК АБФФ пра зняцце ў гэтым сезоне 20 ачкоў з каманды.

– Вы завяршылі папярэдні сезон на 2-м месцы. Ні для каго не сакрэт, што «Энергетык-БДУ» дрэнна пачаў гэты год. Што здарылася?

– Многія чакалі такога ж выніку і ў гэтым сезоне, але нас пакінула вялікая колькасць футбалістаў. На змену ім прыйшлі новыя, а яны маладыя. Аднак трэба адзначыць, што ўсе ўважліва слухаюць трэнера. Дзесьці з-за недахопу досведу няма выніку і стрыманасці ў абароне, а часам канцэнтрацыі ў завяршальнай фазе, таму пакуль не ўсё так гладка. Але нас гэта не задавальняе, і мы будзем дужацца за перамогу далей.

– Якая атмасфера ў камандзе пасля рашэння АБФФ? Ці губляеце матывацыю, калі так, то як плануеце з гэтым дужацца?

– Матывацыю мы ні ў якім разе не губляем. Наадварот, мы больш загарэліся, бо сітуацыя складаная. Будзем аддаваць усе сілы, каб не вылецець у першую лігу. У нас толькі адзін шлях – перамагаць у кожнай гульні.

– Як лічыце, ці справядлівае рашэнне прынялі ў дачыненні да вашай каманды? Можа, у вас змяніліся мэты на сезон?

– Мэты не змяніліся. Паўтаруся, што наша асноўная задача - перамагаць у кожным матчы. Рашэнне АБФФ пракаментаваць адмоўлюся, – сказаў Міхаленка.

Нагадаем, КДК АБФФ разгледзеў інфармацыю, што ў ЧБ-2022 кіраўніцтва «Шахцёра» арганізавала дагаворныя матчы і фінансава стымулявала клубы вышэйшай лігі. У выніку «Шахцёр» быў пазбаўлены залатых медалёў, «Энергетык-БДУ» – сярэбраных. У гэтых клубаў і «Белшыны» таксама знялі ачкі на сезоны 2023 і 2024 гадоў. 30 чалавек атрымалі розныя дыскваліфікацыі і штрафы, але 25 з іх не будуць забаненыя, калі выплацяць прызначаныя сумы. Падрабязней пра справу «Шахцёра» можна даведацца па спасылцы ніжэй.