Усе навіны

Сяргей Пушнякоў: «Калі б я сам усе свае моманты рэалізаваў, канкураваў бы з Савіцкім у табліцы бамбардзіраў»

23 ліпеня, 14:30

Паўабаронца «Слуцка» Сяргей Пушнякоў пракаментаваў перамогу над пінскай «Хваляй» (1:0) у матчы 1/16 Кубка Беларусі і ацаніў, як прайшоў першы круг чэмпіянату.

Нагадаем, Пушнякоў стаў аўтарам адзінага і пераможнага гола ў матчы з «Хваляй» на 88-й хвіліне.

– Чаму, на Вашу думку, матч атрымаўся такім няпростым для «Слуцка»? Справа ў мясцовай сінтэтыцы?

– Я думаю, усе ведаюць і разумеюць, які газон у Пінску. Каманда тут не прайгравала: шэсць перамог і адна нічыя. Я хлопцам адразу казаў, што будзе цяжка. Пачынаючы з нашага сённяшняга сняданку і абеду ў гасцініцы, якія былі так сабе. Як той казаў, прыйшлося прысесці ў нумары, і жывоцік пахварэў... Але мы ведалі, што будзе барацьба, Пінск настроены секчыся. А нам трэба проста аддаць усё і перамагчы. Не зусім важна, якая гульня – добрая ці дрэнная. Галоўнае – перамагчы і прайсці далей.

– У цэлым як ацаніце першы круг чэмпіянату?

– Лічу, што выступілі паспяхова. Але былі гульні, у якіх мы не забралі «свае» ачкі, крыху не пашанцавала. Таму маглі і лепей. Ды і калі б я сам усе свае моманты рэалізаваў, то галоў дзесяць ужо меў на ліку. Канкурыраваў бы з Савіцкім у табліцы бамбардзіраў. У мінулым годзе гуляў у апорнай зоне. Цяпер перабудаваўся на атаку. Асвоюся крыху – у другім крузе будзе яшчэ лепш, – сказаў Пушнякоў.