Усе навіны

Ягор Карцоў: «Шалёна рады, што гуляю ў брэсцкім «Дынама». Тут найлепшыя заўзятары»

31 кастрычніка, 17:45

Расійскі паўабаронца Ягор Карцоў, які гуляе за брэсцкае «Дынама», распавёў пра пераход у клуб вышэйшай лігі.

– У адным з інтэрв'ю твой дырэктар казаў, што першапачаткова ўмовы ў Брэсце ў цябе былі не самыя лепшыя, дык чаму ты на гэта так лёгка вырашыўся і згадзіўся?

– Па-першае, гэта вышэйшая ліга. Пры пераходзе чуў, што «Дынама» было чэмпіёнам, гэта было павабна. Пагаварыў з людзьмі, паслухаў парады... Не быў супраць любых умоў. Мяне добра прынялі, прычым я ж з жонкай прыехаў адразу. Хутка знайшоў кватэру, і мы ў ёй размясціліся. Ды і з адаптацыяй, як аказалася, у мяне таксама праблем не ўзнікла.

– Ты ж праходзіў прагляд у «Славіі» ў Івана Біёнчыка перад стартам сезона, чаму не падышоў? Што там за патрабаванні былі такія, што ты падышоў Брэсту, але не «Славіі»?

– Калі шчыра, сам да канца не зразумеў Івана Сяргеевіча. Можа, праз гэта ў нас і адбылося непаразуменне. Магчыма, ён мяне не да канца, як гэта сказаць правільна, раскрыў. Але цяжка так меркаваць, бо ў мяне на праглядах увогуле мала што атрымліваецца. Вечна нейкія праблемы. Лічу, за тыдзень нельга зразумець нешта пра гульца, які прыехаў, можа, па гульнях варта было б ацэньваць, патрэбны футбаліст ці не?! У «Славіі», напрыклад, правёў дзесяць дзён і не падышоў... У любым выпадку гэтае рашэнне трэнера, і я з ім не спрачаюся.

– Але рады, што так атрымалася?

– Што я ў Брэсце зараз? Шалёна рады! Не паверыце, я на сёмым небе ад шчасця. Шмат што тут падабаецца, асабліва заўзятары. Як яны хвалююцца і падтрымліваюць... Нават прыехалі ў Гарадзею падтрымаць нас. Думаю, гэта лепшы клуб у Беларусі ў гэтым плане, – сказаў Карцоў.