Усе навіны

Мікалай Вайцюхоўскі: «Гульня ў манежы ў такіх умовах надвор'я – самы аптымальны варыянт. Прыношу прабачэнні заўзятарам «Віцебска»

8 снежня, 12:12

Дырэктар «Віцебску» (Д2) Мікалай Вайцюхоўскі патлумачыў рашэнне перанесці пераходны матч у адказ з «Энергетыкам-БДУ» у віцебскі манеж.

– Паважаныя заўзятары «Віцебску», ад імя гульцоў, трэнерскага штаба і адміністрацыі клуба прашу вас паставіцца з разуменнем да рашэння праводзіць матч у адказ супраць «Энергетыка-БДУ» у манежы.

Пры прыняцці рашэння мы ўлічвалі прагноз надвор'я, пажаданні футбалістаў і трэнерскага штаба гуляць пры максімальна магчымай колькасці гледачоў, але ў прымальных умовах для гульні ў футбол.

Гульня ў манежы ў цяперашніх умовах надвор'я – самы аптымальны варыянт. На жаль, наш паветраапорны манеж можа змясціць толькі 300 гледачоў, колькасць абумоўлена пытаннямі бяспекі.

У першую чаргу клуб забяспечыць наведванне гульні заўзятарам, якія ездзілі падтрымаць каманду на першую пераходную гульню ў Мiнск, астатнія гледачы будуць запускацца ў парадку жывой чаргі.

Тым заўзятарам, у якіх не атрымаецца патрапіць у манеж на гульню, клуб прапануе альтэрнатыўны варыянт прагляду трансляцыі матчу на трох экранах у кафэ «Спрынт».

Дзякую заўзятараў за падтрымку ў сезоне і веру ў нас, засталося зрабіць адзін пераможны крок! Яшчэ раз прыношу свае прабачэнні, прабачэнні гульцоў і трэнераў за сітуацыю з абмежаванай колькасцю месцаў, – сказаў Вайцюхоўскі.