Усе навіны

Мацвей Дукса: «Улетку ніякіх канкрэтных прапановаў не было. Лічу, рана было мне кудысці сыходзіць са «Смаргоні»

26 студзеня, 16:46

Навічок брэсцкага «Дынама» Мацвей Дукса распавёў пра клубы, якія ім цікавіліся. Раней футбаліст выступаў за «Смаргонь».

– Ёсць інфармацыя, што табой прадметна цікавіліся лідары нашага чэмпіянату: мінскае «Дынама» і «Нёман», чаму ты зараз у Брэсце?

– Не сказаў бы, што была прадметная цікавасць, хутчэй, чуткі. Канкрэтней за астатніх на мяне нацэліўся менавіта Брэст. Да таго ж гэта добра знаёмы для мяне горад: я правёў тут год у акадэміі, знаёмы з камандай, базай, усё вельмі падабаецца, таму і прыняў такое рашэнне.

– А ўлетку варыянтаў змяніць клубную прапіску не было?

– Зноў жа, летам ніякіх канкрэтных прапаноў не было. Да таго ж, лічу, занадта рана было мне некуды сыходзіць, гэта быў мой першы год на добрым узроўні. Таму прыняў рашэнне застацца ў «Смаргоні» да канца сезона і ўжо потым шукаць нейкія варыянты.

– З мiнскім «Дынама» і «Нёманам» разабраліся, якія яшчэ клубы табой цікавіліся?

– Клубы канкрэтна называць не буду, лічу гэта непаважлівым. Скажу, што варыянты іншыя былі, але Брэст мне падаўся найбольш прывабным, таму доўга не думаў.

– Добра, гэта каманды нашай вышэйшай лігі?

– Так.

– Верхняй частцы турнірнай табліцы?

– Так, – сказаў Дукса.