Усе навіны

Фаўстовіч пра перамовы з «Віцебскам» па арэндзе поля: «Пры негатыўным выніку пададзім на ліквідацыю «Макслайна»

14 лютага, 10:59

Дырэктар «Макслайна» (Д2) Віктар Фаўстовіч распавёў, што клуб можа быць ліквідаваны.

– Ці не разглядаеце вы варыянт пераезду ў іншы горад пры самым негатыўным зыходзе (маецца на ўвазе немагчымасць арандаваць поле ў «Віцебска» – Tribuna.com)?

– Гэты варыянт катэгарычна адкідаем. Мы ўжо шмат зрабілі ў Віцебску і для Віцебска, і разглядаць арэнду ў іншым горадзе лічым немэтазгодным. Нам ніхто не дасць гарантыю, што і ў любым іншым месцы ў нас таксама будуць бачыць не надзейнага партнёра і інвестара, а вялікі кашалёк, які перыядычна можна трыбушыць.

У выпадку негатыўнага выніку мы будзем змушаныя змірыцца і зрабіць свае высновы. Будзем падаваць дакументы на ліквідацыю клуба, распусцім футбалістаў, трэнераў і іншых працаўнікоў.

Цяпер на коне пытанне існавання клуба. Клуба, які спраўна плаціць падаткі, дапамагае дзіцячым спартовым школам, плануе развіваць спартовую інфраструктуру рэгіёна.

Як гэта ні парадаксальна, пры такім зыходзе сярод пацярпелых апынецца і футбольны клуб «Віцебск», які за пазіцыю свайго дырэктара недаатрымае сродкі ад арэнды поля. У выніку важна і тое, што пацерпіць і просты заўзятар, у якога проста не застанецца выбару.

Надзея памірае апошняй. Мы спадзяемся, што ўсё ж такі зможам уладзіць гэтую сітуацыю. І ўжо ў сакавіку будзем на полі радаваць сваёй гульнёй віцебскіх балельшчыкаў. А яны нас – цёплым прыёмам на трыбунах.

– Ці звярталіся вы куды-небудзь па дапамогу ў вырашэнні гэтай праблемы?

– Канешне, прычым неаднаразова. Я агучваў гэтую праблему ў выканкаме (рэжыму Лукашэнкi па Вiцебску – Tribuna.com). Не аднойчы мы былі на прыёме ў кіраўніцтва АБФФ з гэтым пытаннем. Але, на жаль, пачулі адзін падобны адказ: «Вы станоўчы і амбіцыйны клуб. Але гэтую праблему з дырэктарам «Віцебска» вы павінныя вырашыць самі», – сказаў Фаўстовіч.