Усе навіны

Максім Касараб: «Вядома, гэтая гульня супраць Грэцыі будзе цяжэйшай, бо ў нас новая каманда і было не так шмат часу на падрыхтоўку»

21 сакавіка, 14:02

Абаронца моладзевай зборнай Беларусі Максім Касараб падзяліўся чаканнямі ад надыходзячага матчу супраць зборнай Грэцыі.

– Раскажы, як праходзіць працэс падрыхтоўкі да заўтрашняга матчу?

– У нас сабралася, можна сказаць, абсалютна новая каманда і новы трэнерскі штаб. На падрыхтоўку да гульні было ўсяго чатыры дні, але я лічу, што з гэтага мы выціснулі максімум магчымага – два дні з чатырох працавалі ў двухразовым рэжыме, а трэнерскі штаб данёс да гульцоў свае патрабаванні да будучай гульні – ужо заўтра мы пастараемся іх выканаць.

Каманда падыходзіць да гульні ў добрым, баявым настроі і з нецярпеннем чакае заўтрашні матч. Не варта забываць, што для многіх гэтая гульня стане дэбютнай у складзе моладзевай зборнай і можа стаць шанцам праявіць сябе на міжнародным узроўні.

– Прайшоў ужо практычна год з той гульні ў першым крузе, але якой табе запомнілася моладзевая зборная Грэцыі па папярэдняй сустрэчы?

– Грэкі – добрая зборная, але я памятаю, што пасля леташняй гульні мы былі незадаволеныя вынікам, таму што я лічу, што мы былі вартыя перамогі больш, чым супернік.

Вядома, гэтая гульня будзе цяжэй, бо ў нас новая каманда і было не так шмат часу на падрыхтоўку, але я думаю, што гуляць і дамагацца станоўчага выніку можна ў матчы з любой камандай.

– У леташняй гульні з грэкамі ты забіў свой дэбютны мяч за «моладзеўку». Ці памятаеш ты той момант? Якія эмоцыі адчуваў тады?

– Вядома, я памятаю. Завяршыў тады добрую падачу Кірыла Зіновіча ўдарам галавой. Адчуваў у той момант толькі станоўчыя эмоцыі :)

– Што б ты хацеў сказаць нашым заўзятарам перад заўтрашняй гульнёй?

– На жаль, мы ўсё яшчэ вымушаныя гуляць хатнія матчы не ў Беларусі, а ў Арменіі, але я хачу папрасіць заўзятараў верыць і падтрымліваць нашу каманду. Разам мы сіла! – сказаў Касараб.