Tribuna/Футбол/Блогі/«Сандэрленд» адгуляўся з 0:5 у матчы з «МЮ» – неверагодны матч моладзевых складаў англійскіх каманд

«Сандэрленд» адгуляўся з 0:5 у матчы з «МЮ» – неверагодны матч моладзевых складаў англійскіх каманд

Вось гэта камбэк!

Аўтар — Замір Закіеў
5 верасня, 11:11
«Сандэрленд» адгуляўся з 0:5 у матчы з «МЮ» – неверагодны матч моладзевых складаў англійскіх каманд

У мінулым туры АПЛ галоўнай падзеяй была сустрэча «Арсенала» з «Манчэстэр Юнайтэд». Пасля абмена галамі ў сярэдзіне першага тайма ўсё ішло да нічыі. Аднак у канцоўцы Манчэстэр чакала расчараванне: на 88-й хвіліне быў адменены гол Гарнача (праз афсайд), а на 90+6-й і 90+11-й хвілінах «Арсенал» двойчы забіў.

Няўдачы асноўнага складу перайшлі і да каманды «МЮ» U-21. У Лізе прафесійнага развіцця (яна ж Прэм'ер-ліга 2) «чырвоныя д'яблы» сустракаліся з «Сандэрлендам». Старт у чэмпіянаце для манкуніанцаў быў не самым лепшым: паразы ад «Крыстал Пэласа» (2:3) і «Лідса» (1:2). Але пасля здарыўся пазітыўны момант – «Юнайтэд» разграміў «Сток Сіці» (10:1) і падняўся ў сярэдзіну турнірнай табліцы.

Гульня з «Сандэрлендам» таксама некаторы час ішла па «разгромным сцэнары». «МЮ» адкрыў лік ужо на першай хвіліне, а да канца тайма паспеў забіць яшчэ тры мячы. Пяты гол «Ман Юнайтэд» сдарыўся на другой хвіліне другой паловы. Манчэстэр рознымі спосабамі ўзламваў абарону саперніка, а варатар ніяк не мог дапамагчы сваёй камандзе (нуль сэйваў за матч). Пры гэтым «Сандэрленд» (у адрозненні ад «Сток Сіці») ствараў небяспеку каля варот «Юнайтэд». І канвертацыя гэтых момантаў у галы пачалася толькі на 53-й хвіліне. Тры мячы «чорныя каты» забілі ўсяго за 5 хвілін. Чацвёрты гол заўзятары пабачылі на 72-й хвіліне.

«МЮ» меў шанс захаваць перамогу і нават павялічыць адрыў. У дадатковы час «Сандэрленд» зарабіў вуглавы, у штрафную пайшлі ўсе, уключаючы варатара. Падача скончылася перахопам Манчэстэра і праходам да варот саперніка. Але амаль 100-адсоткавы момант каманда не рэалізавала. А вось «Сандэрленд» не здаваўся, і на 90+8-й хвіліне кастарыканец Джуісан Бенэт зрабіў лік 5:5.

Проста паглядзіце, як гэта было!

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты