Tribuna/Футбол/Блогі/У палон рэжыму трапіў гурт са знятым на пратэстах кліпам – саліст амаль стаў футбалістам, але да ЧБ усё роўна дакрануўся

У палон рэжыму трапіў гурт са знятым на пратэстах кліпам – саліст амаль стаў футбалістам, але да ЧБ усё роўна дакрануўся

Усе гэтыя гады ўдзельнікі Nizkiz жылі ў Беларусі.

Аўтар — bytribuna com
6 студзеня, 17:00
1
У палон рэжыму трапіў гурт са знятым на пратэстах кліпам – саліст амаль стаў футбалістам, але да ЧБ усё роўна дакрануўся

6 студзеня сіламі дзяржТБ распаўсюдзілі відэа пра тое, як «сілавікі» Лукашэнкі бяруць у свой палон трох з чатырох удзельнікаў папулярнага беларускага гурта Nizkiz. Прапагандысты сцвярджалі, што музыкі нібыта «пакінулі Беларусь пасля падзей 2020 года», і свабоды ім каштавала вяртанне ў краіну, аднак пазней праваабаронцы «Вясны» паведамілі: удзельнікі Nizkiz усе гэтыя гады працягвалі жыць у родным Магілёве, выязджаючы ў Еўропу толькі на канцэртныя туры. Пры гэтым рэжым не раз адпраўляў калег музыкаў за краты на дзікія тэрміны – але вось Nizkiz да 2024-га гэты лёс абыходзіў.

Галоўныя прэтэнзіі да групы зразумелыя – іх прымусілі выкласці на камеру саліста калектыву Аляксандра Ільіна, на якога надзелі кайданкі проста ў ложку. Ільіна прымусілі «каяцца» за зняты «на акцыях пратэсту ў Мінску кліп» (гаворка пра ролік на песню «Правiлы», які набраў сотні тысяч праглядаў, але цяпер недасяжны) і «здымкі ў перадачах на тэлеканале «Белсат», які для рэжыму прызнаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Увогуле, сістэма відавочна настроена запхнуць Nizkiz за краты надоўга – застаецца загадкай, як удзельнікі гурта з такімі рызыкамі заставаліся жыць у Беларусі.

Ільін жа мог увогуле не стаць музыкам. Як ён успамінаў, «гадоў з 12 паўстала пытанне: я вельмі любіў музыку і ствараць, але і футбол таксама вельмі любіў». І юны гулец аддаваў перавагу спорту.

«Гадоў шэсць я быў правым хавам, што мяне пякельна не задавальняла, эмацыйна спусташала. Потым прыехаў новы трэнер і паставіў мяне пад нападаючым. А гэты мой любімы занятак – раздаваць пасы. Вядома, я не Месі, але нейкія даныя былі. Былі прапановы з іншых краін нават – з Казахстана, з Расіі. Я рыхтаваўся да прагляду ў КАМАЗ [з расейскіх Набярэжных Чалноў], на той момант там склад быў прыстойны», – распавядаў Ільін у 2021-м.

Лёс вырашылі траўмы – за тыдзень да пачатку прагляду Ільін пагадзіўся пагуляць з аматарамі, і яму «адарвалі галёнкаступ». Замест замежнай паездкі прыйшлося лячыцца больш за паўгода, але ў адным з першых матчаў пасля вяртання такая ж траўма здарылася на другой назе. Пасля гэтага музыка вырашыў завязаць з футболам, а праз два месяцы быў прызваны ў рэжымную армію, дзе «было не да думак пра тое, як страціў кар'еру». У Расію Ільін паехаў пасля дэмбеля – зарабляць ужо ў якасці будаўніка і мантажніка. А на атрыманыя грошы змог набыць усе неабходныя музычныя інструменты для Nizkiz, створанай у 2008-м.

У 2010-х гурт станавіўся ўсё вядомым у Беларусі і за яго межамі і даваў усё больш канцэртаў, а крытыкі пісалі, што калектыў цэліць «на стадыённы узровень». Але першым выступам на стадыёне для Nizkiz (дзе да таго моманту з першага складу застаўся толькі Ільін) стаў «разагрэў» матчу ЧБ-2017 «Крумкачы» – «Дняпро». Ільін тады жартам казаў, што «цяпер шкада, што заняліся музыкай, а не футболам», а сур'ёзна дадаваў, што працягвае гуляць з мячом на аматарскім узроўні «некалькі разоў на тыдзень, каб так па-мужчынску паштурхацца, выпусціць пар, успацець як мае быць».

У 2018-м Nizkiz выступілі на канцэрце да 100-годдзя БНР, калі, як пісала «Наша Нiва», «многія іншыя не то спалохаліся, не то не захацелі». Нягледзячы на гэта, у 2019-м Ільіна запрасілі, а ён пагадзіўся стаць у родным Магілёве факеланосцам эстафеты агню мінскіх Еўрагульняў. У адным ланцужку з салістам Nizkiz знаходзiлiся спявачка Кацярына Іванчыкава, якая зараз са сваім гуртом IOWA выступае на расійскім ТБ, і цяперашні падпісант за Лукашэнку, трэнер зборнай па веславанні Уладзімір Шантаровіч.

А вось на саміх Еўрагульнях Nizkiz не выступілі – спачатку прапанову пра гэта «расцэньвалі, па сваёй наіўнасці, як дадатковы штуршок», але потым зразумелі, што спаборніцтвы нясуць «шлейф адмоўны ў большасці сваёй у грамадстве». Зрэшты, пакуль музыкі сумняваліся, іх выступ забаніла сама сістэма – не патлумачылі прычыны, але Ільін бачыў іх у «альтэрнатыўных поглядах».

Атрымалася яшчэ раз перасекчыся са спортам Nizkiz у 2021-м – трэк групы «Поўнач» дадалі ў вядомую серыю футбольных сімулятараў ад EA Sports, а менавіта ў разлічаную на азіяцкі рынак бясплатную анлайн-гульню FIFA Online 4. Тады група адзначыла, што «футбол не адпускае» Ільіна, які «сапраўды любіць гуляць у рэальны і віртуальны».

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты