Tribuna/Футбол/Блогі/Чаму Кубкі Азіі і Афрыкі праходзяць у студзені, а не ўлетку – і з «2023» у назве

Чаму Кубкі Азіі і Афрыкі праходзяць у студзені, а не ўлетку – і з «2023» у назве

Гэта норма?

12 студзеня, 02:26
Чаму Кубкі Азіі і Афрыкі праходзяць у студзені, а не ўлетку – і з «2023» у назве

Ужо 12 студзеня стартуе Кубак Азіі ў Катары, на наступны дзень – Кубак Афрыкі ў Кот-д'Івуары. Гэта не самыя прыемныя навіны для шматлікіх еўрапейскіх клубаў – іх гульцы выпадуць ад некалькіх тыдняў да месяца з каманднага жыцця пасярод сезону.

Пры гэтым абодва турніры называюцца Кубак Азіі-2023 і Кубак Афрыкі-2023.

Што адбываецца? Чаму ў студзені?

Прычына простая – кліматычныя ўмовы. Але не ўсё так проста

Галоўны чыннік правядзення турніраў у студзені – кліматычныя ўмовы краін-гаспадынь. Але і тут ёсць свае нюансы – бо абодва турніры першапачаткова павінны былі прайсці яшчэ мінулым летам!

Што тычыцца Кубка Азіі, то ад самага пачатку ён мусіў увогуле прайсці ў Кітаі – дзе праблем з правядзеннем яго з 16 чэрвеня па 16 ліпеня 2023-га не было б. Але ў траўні-2022 Кітай адмовіўся прымаць турнір праз ўнутраную антыкаранавірусную палітыку – і АФК прыйшлося выбіраць новага гаспадара.

Заяўку выйграў Катар,які правядзе турнір у асноўным на стадыёнах ЧС-2022. А, як мы ведаем яшчэ адтуль, варыянт гуляць у футбол у краіне летам проста самазабойны – так што канфедэрацыя і перанесла яго на студзень 2024-га.

Што да Кубка Афрыкі, то яго Кот-д'Івуар, якога абралі гаспадаром яшчэ ў 2014-м (спачатку як гаспадара турніру 2021-га, потым тэрміны зрушылі) таксама мусіў прымаць летам 2023-га. Але ў ліпені 2022-га прэзідэнт КАФ Патрыс Матсэпэ абвясціў, што гэта немагчыма – праз тое, што ў краіне з чэрвеня па кастрычнік працягваецца дажджлівы сезон, які б ставіў пад рызыку перанясення некаторыя матчы турніру.

«Мы шмат раіліся, і вырашылі, што не можам рызыкаваць. Мы не хочам рызыкаваць тым, што наш галоўны турнір змые. Студзень – не ідэальны час праз еўрапейскія клубы, але гэта адзіны варыянт, які ў нас ёсць», – заявіў Матсэпэ.

А калі Кубкі Азіі і Афрыкі наогул адбываліся часцей – улетку ці ўзімку? Палічылі

Што да Кубка Азіі, то ад яго заснавання ў 1956 годзе не было вызначанай сістэмнасці ў месяцах правядзення. Першыя два турніры правялі восенню, пасля чаго пачалі праводзіць у траўні-чэрвені, далей была кастрычніцка-снежаньская порцыя. У 2004 і 2007 годах турнір правялі ў ліпені, а з 2011-га, калі яго прымаў, дарэчы, Катар, ужо чацвёрты раз запар будуць праводзіць у студзені (у 2015-м яго прымала Аўстралія, дзе ў гэты час кліматычнае лета, у 2019-м – ААЭ).

Што да Кубка Афрыкі, то ў спякотны сезон Паўночнага паўшар'я яго амаль не праводзілі. За выключэннем травеньскага турніру 1959-га, амаль усе турніры ў ХХ стагоддзі праходзілі ў больш халодны сезон, у асноўным – у сакавіку. З 1996-га Кубак Афрыкі канчаткова перамясціўся на студзень-люты як стабільны варыянт, і праіснаваў там да 2019-га.

З таго года КАФ планаваў праводзіць турніры ўлетку Паўночнага паўшар'я – але пакуль змог гэта зрабіць, уласна, толькі ў 2019-м у Егіпце. Кубак Афрыкі-2021 у Камеруне таксама прыйшлося пераносіць на студзень-2022 – і таксама праз клімат.

Кубак Афрыкі-2025 пройдзе ў Марока. Яго цяпер таксама плануюць на лета – ці не перанясуць на студзень 2026-га, пытанне адкрытае.

Фота: Laurent Idibouo/Global Look Press, КАФ

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты