Tribuna/Футбол/Блогі/Як змяняліся заробкі ў белфутболе: «Дынама» спынілі з 400 доларамі, шык быў у пачатку 2010-х, Глеб – рэкардсмен, Мілеўскі – серадняк

Як змяняліся заробкі ў белфутболе: «Дынама» спынілі з 400 доларамі, шык быў у пачатку 2010-х, Глеб – рэкардсмен, Мілеўскі – серадняк

Сёння рухаемся ў бок 90-х.

Аўтар — bytribuna com
23 студзеня, 14:00
Як змяняліся заробкі ў белфутболе: «Дынама» спынілі з 400 доларамі, шык быў у пачатку 2010-х, Глеб – рэкардсмен, Мілеўскі – серадняк

У ЧБ перад сезонам-2024 зноў апусцілі столь заробкаў.

Мы ж вырашылі распавесці, як змяняліся заробкі ў белфутболе ў цэлым за ўсю гісторыю – былі і горшыя перыяды, чым цяпер, і значна больш «тлустыя».

Першы чэмпіянат Беларусі прайшоў у 1992 годзе. У краіне яшчэ працягвалі хадзіць савецкія рублі нараўне з толькі народжанымі беларускімі «зайчыкамі», а долараў большасць людзей не бачыла ў прынцыпе. Гулец БелАЗ Міхаіл Хлус узгадваў, што атрымліваў 180-200 савецкіх рублёў – тады гэта было ў раёне 35-40 долараў. Толькі вось сярэдні заробак звычайнага чалавека быў роўны прыкладна 10 доларам у эквіваленце.

Далей гісторыя працягвалася ў тым жа духу – футбалісты атрымлівалі сумы па цяперашніх часах недарэчныя, але іншыя прафесіі лёгка абганялі. У сярэдзіне 1990-х прыстойны футбаліст у камандзе пры грошах зарабляў у раёне 300 долараў – напрыклад, як Павел Раднёнак у «Атацы-Аўры». Столькі ж зараблялі ў тады гегемоне – мінскім «Дынама». Калі бізнесовец Мікалай Яшчанка захацеў пацягацца са сталічным клубам, ён давёў заробкі ў цяперашняй «Славіі» да 400 долараў і зверху паклаў прэміі за вынік, з якімі можна было атрымаць у 3-4 разы больш. Вынік – чэмпіёнства клуба пад назвай МПКЦ у 1996 годзе. Сярэдні заробак у Беларусі тады складаў каля 130 долараў (гэта паводле афіцыйных звестак – у рэальнасці і такія грошы многія не бачылі).

У 1996-м пачаўся і шлях БАТЭ – з Д3. Каб хутка павысіцца ў класе, Анатоль Капскі адразу прапаноўваў футбалістам заробкі ў 200-300 долараў, супастаўныя з «вышкай».

У бігбоса мінскага «Дынама» 1990-х Яўгена Хвастовіча захаваліся зарплатныя ведамасці за 1997-ы і 1998-ы – і там ужо фігуравалі сумы ў тысячы долараў у месяц. Але Сяргея Ясковіча, героя другога дакумента, Хвастовіч называў самым высокааплатным гульцом «Дынама», а яшчэ прызнаваўся, што спецыяльна выплачваў футбалістам часам больш звычайнага, каб больш выгадна прадаць (тады дзейнічала рэкамендацыя УЕФА, па якой сума трансферу залежала ў тым ліку ад заробку гульца).

А вось Уладзіслаў Дукса ў 1998-м толькі пачынаў у роднай «Смаргоні» і першы заробак атрымаў у памеры 50-60 долараў. Гэтага хапіла, каб абагнаць маці, якая працавала ў школе. А яшчэ ў 1998-м інфляцыя ў Беларусі склала жахлівыя 298% – але да гэтага кошты ў рублях раслі, бывала, нават мацней.

У 2000-я эканоміка Беларусі стала паднімацца дзякуючы выгаднай перапрацоўцы расійскай нафты – курс долара стабілізаваўся, інфляцыя значна паменшылася, пачалі расці заробкі. У футболе таксама – хоць у пачатку 2000-х Павел Яўсеенка лічыў выдатнымі грашыма 150 долараў у слонімскім «Камунальніку», а ў 2001-м, па ўспамінах удзельнікаў падзей, «Белшыне» для чэмпіёнства яшчэ хапіла заробкаў па 500 долараў.

У 2004-м у белфутбол уварваўся літоўскі бізнесовец Уладзімір Раманаў, узяўшы пад кантроль МТЗ-РІПА – неўзабаве туды з БАТЭ перабраўся галоўны трэнер Юрый Пунтус на заробак у 5200 долараў у месяц. «Калі ў некаторых камандах гульцы атрымлівалі 600-800, ну 1000 даляраў, то Раманаў мог плаціць 10-15 тысяч», – успамінаў дырэктар таго МТЗ-РІПА Людас Румбуціс.

Ну а да канца 2000-х у беларускім футболе настаў залаты час – цана на нафту расла, а разам з ёй і магчымасці беларускіх прадпрыемстваў і лукашэнкаўскіх выканкамаў. І нават рост курсу долара з 2,2 тысячы рублёў (цяперашнія 22 капейкі) у канцы 2008-га да 8,5 тысячы да канца 2011-га на дабрабыт футбалістаў не асабліва паўплываў. У канцы 2000-х сярэдні заробак ЧБ быў роўны 4-5 тысячам долараў (у звычайных людзей быў у раёне 400 долараў). Раман Васілюк з 2008-га па 2010-ы атрымліваў каля 10 тысяч долараў у брэсцкім «Дынама», роўна як і лідар «Гомеля» Ігар Стасевіч. У БАТЭ, мінскім «Дынама» і «Шахцёры» стала магчыма зарабіць небывалыя 20 тысяч долараў. Меншыя клубы прыцягвалі падʼёмнымі ў тым жа раёне. Увогуле футбалісты маглі сабе дазволіць не глядзець на цэннікі ў магазінах.

У 2011-м Юрый Чыж перахапіў Бруна Мбанангоя ў «Шахцёра» кантрактам у мінскім «Дынама» на 30 тысяч долараў за месяц, а БАТЭ паклікаў Мацею Кежмана на 50 тысяч. У 2012-м у топ-25 заробкаў ЧБ траплялі гульцы з прыбыткам ад 10 тысяч долараў у месяц – і гэта яшчэ фінансавы крызіс прымусіў Чыжа тады ўрэзаць выплаты сваім гульцам. А пасля сезона-2013 «Трыбуна» апублікавала чарговы рэйтынг заробкаў (да даходаў дадаваліся падʼёмныя, падзеленыя на колькасць месяцаў у кантракце) – і выявіла, здаецца, рэкордную ў гісторыі ЧБ: за чарговае вяртанне ў БАТЭ Аляксандру Глебу паклалі 130 тысяч долараў у месяц! Ну а топ-80 заканчваўся на адзнацы ў 5 тысяч – і гэта, як мы пісалі, «навочна паказвала, чаму беларускія футбалісты не імкнуцца зʼязджаць за мяжу».

Але ў 2014-м на фоне санкцый да Расіі за акупацыю ўкраінскага Крыму і падзення коштаў на нафту Беларусь дзёўбнула чарговым крызісам – да канца 2015-га долар вырас да 18,7 тысячы рублёў, імкліва расла колькасць стратных прадпрыемстваў, і дзяржмашыне стала не да футбола – напрыклад, гульцы гучна скардзіліся на нявыкананыя абавязанні ў «Гомелі». Клубы па-за вялікай тройкай апусцілі заробкі нават у лідараў да 3 тысяч долараў.

Неўзабаве новай сілай стала брэсцкае »Дынама«, атрымаўшы падтрымку «гаманца Лукашэнкі» Аляксандра Зайцава. Там заробкі асноўных гульцоў пачыналіся ад 7-8 тысяч долараў у месяц – Арцём Мілеўскі атрымліваў 10 тысяч, Павел Савіцкі – 15, а Яўгена Хачэрыдзі няўдала паклікалі на 25. Акрамя Брэста 25 тысяч на канец 2010-х быў здольны плаціць толькі салігорскі «Шахцёр », дзе шэраг лідараў атрымліваў па 20 тысяч. Максімум у БАТЭ складаў 15 тысяч, а ў мінскім «Дынама» пасля Чыжа – толькі 10. Астатнія клубы праселі яшчэ больш (пазітыўных тэндэнцый у беларускай эканоміцы не зʼявілася) – ужо і тры тысячы долараў сталі даступныя далёка не ўсюды, за шчасце было і 1,5-2.

У 2021-м яшчэ шыкануў «Шахцёр» – перацягнуў з БАТЭ Ягора Філіпенку (22+ тысячы долараў у месяц), Ігара Стасевіча і Максіма Скавыша (па 18,5 тысячы). Але ў тым жа годзе быў уведзены заробкавы ліміт ад рэжымнага «кабміну». У 2022-м нават «гарнякам» давялося пайсці на ўразанне заробкаў, хаця некалькі лідараў па старых кантрактах усё роўна атрымлівалі па 15 тысяч долараў. У астатніх клубах усё стала яшчэ менш прыемна для гульцоў. Максімум БАТЭ сціснуўся да 8 тысяч, мінскае «Дынама» плаціла ў сярэднім 2-4 тысячы, ну а ў некаторых клубах лік ішоў ужо не на тысячы, а на сотні.

У 2023-м белфутбол за ўжо адзінкавымі выключэннямі канчаткова «упісаўся» ў зніжаныя ліміты – у 2024-м няма перадумоў да змены сітуацыі. А столь заробкаў апусцілі яшчэ раз. Цяпер «зборнікам» і чатыром прывілеяваным футбалістам можна плаціць у раёне пяці тысяч долараў, усім астатнім – каля 1,7 тысячы. Але і да апошняй планкі ў большасці каманд ЧБ не дацягнуты па натуральных фінансавых прычынах.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты