Tribuna/Футбол/Блогі/Падняць арэнду стадыёна з 2 тысяч да 15? Лёгка! Падобна, у Віцебску прыбіраюць прыватніка – канкурэнта дзяржклуба

Падняць арэнду стадыёна з 2 тысяч да 15? Лёгка! Падобна, у Віцебску прыбіраюць прыватніка – канкурэнта дзяржклуба

Чарговая блізкая смерць «Макслайна».

Аўтар — bytribuna com
16 лютага, 15:02
Падняць арэнду стадыёна з 2 тысяч да 15? Лёгка! Падобна, у Віцебску прыбіраюць прыватніка – канкурэнта дзяржклуба

«Макслайн» – адзін з нямногіх недзяржаўных клубаў у Беларусі. А яшчэ адзін з самых гучных – за не такі доўгі час існавання паспеў патрапіць у шэраг скандалаў. Вынік – другое міжсезонне запар ходзяць чуткі пра расфармаванне клуба. Успомнім, што да гэтага прыводзіла.

У канцы 2022-га размовы аб расфармаванні «Макслайна» пачаліся пасля нядопуску клуба ў Д1. Сітуацыя тады была дзіўная: АБФФ афіцыйна тлумачыла ўсё правілам, па якім клуб не менш за два гады да «вышкі» павінен быць сябрам федэрацыі («Макслайн» стаў толькі вясной 2022-га), але пры гэтым спачатку дапусціла тады яшчэ рагачоўскую каманду да пераходных матчаў, у якіх яна і заваявала права на павышэнне. Як пры ўсіх вядомых акалічнасцях АБФФ дазволіла «Макслайну» гуляць у стыках – гэтае пытанне ўзнікла нават у падкантрольнага федэрацыі «Прэсбола».

Пасля гэтага АБФФ пачала казаць, што ў «Макслайна» няма каманд ліцэнзавання, а таксама «трывалых каранёў у Рагачове». Іх сапраўды не было – гульцы жылі ў Мінску, трэнаваліся ў Смалявічах, а ў Гомельскую вобласць прыязджалі толькі на матчы. Гэта не перашкаджала збіраць на трыбунах пад 1,5 тысячы чалавек у сярэднім, але АБФФ не была ўражаная – у клубе яшчэ і паведамілі, што федэрацыя больш не хоча дараваць недахопы інфраструктуры стадыёна ў Рагачове нават на ўзроўні Д2.

У выніку каманда не выйшла з адпачынку па плане і збірала заснавальнікаў «для вызначэння далейшых перспектыў». У студзені ў клубе яшчэ ні ў чым не былі ўпэўненыя. І ўсё ж «Макслайн» не расфармавалі, а перавезлі ў іншы горад – былі чуткі пра Мінск, але адправіліся ў Віцебск. Калі Рагачоў быў родным для заснавальніка і дырэктара клуба Андрэя Іваненкі, то Віцебск – для кіраўніка тытульнага фундатара «Макслайна» Арцёма Лявонава. Планы на новы для каманды горад былі вялікія – нават заяўлялі пра пабудову трэнавальнага комплексу пад патрэбы будучай ДзЮСШ. Пры гэтым схема з базаваннем асновы ў Мінску засталася ранейшай.

Для гульняў у Д2-2023 «Макслайн» заключыў дамову з канкурэнтамі па лізе з «Віцебску» – яму належыць адзіны прыдатны стадыён у аблцэнтры. Як заяўляецца цяпер, арэнда запаснога поля з невялікімі трыбунамі каштавала дзве з невялікім тысячы рублёў за матч. Сезон у «Макслайна» прайшоў даволі шумна – напрыклад, пасярод яго вярнулі трэнера Юрыя Пунтуса і на яго карысць прыбралі Іваненку. Таксама клуб паспеў паказаць Віцебску метад прыцягнення на трыбуны бясплатнай ежай, змяшчаў на афішы закрэсленую назву Рагачова і з трэскам прайграў «хатняе» дэрбі.

Шматгадовы брамнік «Віцебска» Дзмітрый Гушчанка казаў, што ў горадзе будуць заўзець за тых, хто перамагае, нават калі для гэтага давядзецца апранаць іншыя шалікі. А вось дырэктар клуба Мікалай Вайцюхоўскі падчас сезона мяняў рыторыку адносна канкурэнта. Спачатку называў проста новай крыніцай даходу. У сярэдзіне разважаў, што «Віцебск» сваімі не лепшымі вынікамі, «напэўна, сам даў людзям нагоду сумнявацца, хто «нашы», а хто «не нашы». А да канца звінаваціў «Макслайн» у спробе ў абыход «Віцебска» перацягнуць яго маладых гульцоў «павелічэннем зарплаты ў тры-чатыры разы».

«Макслайн» завяршыў сезон на пятым месцы ў Д2, але ў міжсезонне з клуба ішлі пазітыўныя навіны. Пунтус расказваў, што цяперашні кіраўнік АБФФ Мікалай Шарснёў падтрымлівае ініцыятыўнасць клуба, плюс, маўляў, ёсць дамоўленасць на выдзяленне зямельнага ўчастка для развіцця інфраструктуры клуба. А Лявонаў заявіў, што згуляць у «вышцы»-2023 перашкодзіла толькі «сяброўскае» правіла АБФФ (як быццам забыўся на астатнія прэтэнзіі федэрацыі), але цяпер каманда замацоўваецца ў Віцебску, плануе будаваць уласны стадыён і збіраецца ўжо ў 2024-м выйсці ў «вышку» – больш за тое, разлічвае на запрашэнне ў Д1 ужо сёння, «калі хто-небудзь адмовіцца ад удзелу ў вышэйшай лізе праз фінансавыя цяжкасці або іншыя прычыны».

Аднак ужо 14 лютага дырэктар «Макслайна» Віктар Фаўстовіч (раней чалавек з такім імем быў «спецыялістам» па спартыўных пытаннях у выканкаме Лукашэнкі па Савецкім раёне Мінска) заявіў пра магчымае расфармаванне клуба. Прычына банальная – маўляў, поле «Віцебску» стала занадта дарагім. Калі верыць Фаўстовічу, Вайцюхоўскі «затаіў крыўду», называў прычынай адмовы ў арэндзе трансляцыі матчаў «Макслайна» на дзяржТБ, а калі дырэктару «Віцебска» паабяцалі адмовіцца ад паказаў і не лезці да гульцоў яго клуба, ён запатрабаваў «маральную кампенсацыю» ў мільён рублёў.

Калі ў «Макслайне» сказалі, што гэта немагчыма, клубу выставілі новы цэннік на арэнду – 15 тысяч рублёў за матч (не мільён, вядома, але з магчымым удзелам у Д2 20 каманд сума за сезон усё роўна сурʼёзная). Як заявіў Фаўстовіч, пераязджаць праз гэта «Віцебск» больш не хоча, а ў выканкаме Лукашэнкі па Віцебску і АБФФ «Макслайну» дапамагаць адмовіліся – сказалі вырашаць усё з Вайцюхоўскім самім. Вынік – у выпадку «негатыўнага рэзультата» перамоваў па арэндзе будуць «падаваць дакументы на ліквідацыю клуба».

Вайцюхоўскі ў каментары ў адказ пацвердзіў суму ў 15 тысяч, астатнія заявы каментаваць адмовіўся. Аднак звярнуў увагу на тое, што Фаўстовіч выказаўся на наступны дзень пасля пацверджання ў АБФФ допуску да вышэйшай лігі ўсіх 16 удзельнікаў. З гэтым дырэктар «Віцебска» звязаў сваё меркаванне, што «камусьці спатрэбілася прычына для магчымага закрыцця праекта».

Аднак 15 тысяч рублёў за матч – гэта сапраўды завоблачная для белфутбола сума арэнды. Так што цалкам магчымы і іншы варыянт – помста «Макслайну» ад рэжыму. Падстава відавочная – сістэма не можа кіраваць праектам: клуб Лявонава, сярод іншага, дазваляў сабе падпісваць гульцоў з «чорнага спісу» «мінспорту». Прыклад падобнай «кары» ёсць: два гады таму непажаданыя «Крумкачы» сутыкнуліся з масавай адмовай у арэндзе палёў у Мінску – з тых часоў гуляюць у Д3 і не рызыкуюць вяртацца ў першую лігу, хаця выходзяць туды па спартовым прынцыпе.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты