Tribuna/Футбол/Блогі/Вось як цяпер жыве Дзяніс Шунто – чалавек, які ствараў фантастычныя «Крумкачы»

Вось як цяпер жыве Дзяніс Шунто – чалавек, які ствараў фантастычныя «Крумкачы»

Паспеў пажыць у некалькіх краінах.

Аўтар — bytribuna com
20 лютага, 15:20
2
Вось як цяпер жыве Дзяніс Шунто – чалавек, які ствараў фантастычныя «Крумкачы»

Дзяніс Шунто – адзін з заснавальнікаў тых самых «Крумкачоў», якія з аматараў прабіліся ў вышэйшую лігу, дзе таксама здолелі пашумець. Той поспех шмат у чым звязвалі з талентам старэйшага з братоў Шунто. Ён умеў угледзець патэнцыял у футбалістах, якія да гэтага слаба сябе выяўлялі. Як прыклад тут ідэальна пасуе форвард Яўген Шыкаўка, які сёння выступае ў топ-дывізіёне Польшчы – да «Крумкачоў» ён мала каму быў патрэбны.

Яшчэ Шунто ўкладваў у праект свае грошы. Не зусім зразумела, адкуль ён іх браў (хадзілі размовы пра гульню на стаўках), але факт у тым, што неяк знаходзіў. Пры неабходнасці – залазіў у даўгі. Калі старую юрыдычную асобу «Крумкачоў» ліквідавалі летам 2020-га, то высветлілася, што клуб вінен каля 200 тысяч долараў. Па нашых звестках, Шунто здолеў у выніку з усімі расплаціцца.

Увесну 2019-га ён адышоў ад справаў клуба, які патрапіў у няласку да АБФФ і на той момант насіў назву НФК. У праекта было новае кіраўніцтва, пры якім былы бос нейкі час заставаўся стратэгічным дарадцам.

Пасля ён проста глядзеў футбол, набіраўся сіл, на некалькі месяцаў зʼяжджаў з Беларусі да сяброў. У беларускім футболе Шунто часам прасілі аб кансультацыі «сярэдненькія каманды першай і вышэйшай ліг», але гэта не было сурʼёзнай супрацай.

Апошнія пару гадоў пра Дзяніса Шунто нічога не было чуваць. Тэлеграм-канал «О, спорт! Ты – сусвет!» паспрабаваў даведацца, чым цяпер ён займаецца.

Мы паразмаўлялі з многімі прадстаўнікамі беларускага футбола. І практычна ніхто не ў курсе, дзе стваральнік яркага футбольнага праекта жыве і чым сёння займаецца. Інфармацыя калі ў кагосьці і была, то ўрыўкавая. Нібыта некалькі гадоў таму Дзяніс Шунто паехаў у Грэцыю, дзе пражыў паўгода, пасля перасяліўся ў Таджыкістан. На сёння ўжо больш за паўгода жыве ў Казахстане.

Нам удалося звязацца з Шунто-старэйшым. Ён кажа, што зʼехаў з Беларусі ў канцы жніўня 2020-га і цяпер нічым не займаецца.

– Жыву ў сваё задавальненне, шмат вандрую. Вось, мабыць, і ўсё. Краіну пражывання мяняў некалькі разоў за тры з паловай гады, дзе цяпер – казаць не хачу. Увогуле, нічога цікавага для чытачоў :) – быў лаканічным футбольны менеджар.

Шунто адмовіўся ўдакладняць геаграфію перасоўванняў, якую яму прыпісваюць, а таксама казаць пра тое, чым займаецца. Што да «Крумкачоў», то за імі ён нібыта даўно не сочыць.

– Не сачу зусім. Сёння другая ліга нецікавая, як быццам у АЛФ гуляеш. А ў прафесійны футбол гэты брэнд ужо не пусцяць пры бягучым становішчы спраў. Таму адпусціў для сябе гэтую сітуацыю, – кажа Дзяніс Шунто.

На сёння ў беларускім футболе застаецца ўсяго адзін Шунто – Антон, малодшы брат Дзяніса. 35-гадовы брамнік у мінулым сезоне выступаў за каманду «Жодзіна-Паўднёвае» ў першай лізе, дзе быў, па сутнасці, трэнерам (правёў дзевяць матчаў ва ўсіх турнірах, прапусціў 12 мячоў, тройчы згуляў на нуль). Праўда, нядаўна клуб абʼявіў пра расфармаванне, таму Антон Шунто стаў свабодным агентам. Цяпер, паводле нашай інфармацыі, брамнік разважае пра атрыманне трэнерскай катэгорыі і пра магчымы працяг карʼеры ў другой лізе.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты