Tribuna/Футбол/Блогі/Краіны, куды масава з’язджалі беларусы, разам выйшлі на Еўра: у Грузіі – народнае свята, Мілеўскі нездарма чакаў гол украінца ў Польшчы

Краіны, куды масава з’язджалі беларусы, разам выйшлі на Еўра: у Грузіі – народнае свята, Мілеўскі нездарма чакаў гол украінца ў Польшчы

Будзе за каго заўзець.

Аўтар — bytribuna com
27 сакавіка, 04:37
Краіны, куды масава з’язджалі беларусы, разам выйшлі на Еўра: у Грузіі – народнае свята, Мілеўскі нездарма чакаў гол украінца ў Польшчы

Праз рэпрэсіі рэжыму ў 2020-х з Беларусі з’ехалі сотні тысяч чалавек. Самымі папулярнымі кірункамі сталі чатыры краіны: Польшча, Літва, Украіна (суседзі з рэальнай легалізацыяй) і Грузія (можна жыць без легалізацыі, раз на год выязджаючы з краіны на малы час). Так што для многіх беларусаў аказалася не чужым футбольнае свята, якое для гэтых краін наступіла ў ноч з 26 на 27 сакавіка. Праўда, у Літвы яно было зусім лакальнае – каманда выйграла ў Гібралтара і захавала месца ў дывізіёне C Лігі нацый. А вось зборныя астатніх трох краін радаваліся – яны з дапамогай шляху ЛН выйшлі на Еўра-2024!

Асаблівая радасць была ў Грузіі, бо яе каманда трапіла на вялікі футбольны турнір упершыню ў гісторыі. Самы рэальны шанц да таго быў чатыры гады таму – таксама праз Лігу нацый: тады Грузія ў першым матчы плэй-оф дома выйграла ў Беларусі ў нашу пару пратэстаў і дзіўных рашэнняў у зборнай, але затым саступіла Паўночнай Македоніі, і на Еўра паехала апошняя.

Цяпер жа, з удалай жараб’ёўкай на дамашнія матчы і заўзятарамi на трыбунах, якіх у 2020-м не было з-за пандэміі, усё атрымалася: спачатку Грузія выйграла ў Люксембурга (2:0), а потым выстаяла супраць грэкаў (0:0 за 120 хвілін). Усё вырашалася ў серыі пенальці – каманды па разе прамахнуліся, але яшчэ быў сэйв грузінскага брамніка Гіоргі Мамардашвілі. У выніку ўдар гульца польскага «Леха» Нікі Квеквескіры прынёс Грузіі перамогу і прывёў у экстаз, здаецца, усю краіну. Тысячы заўзятараў выбеглі на поле стадыёна ў Тбілісі.

Весялосць была ля вялікіх экранаў, дзе глядзелі матч яшчэ тысячы чалавек па ўсёй краіне. Яшчэ пару гадзін яе гарады сапраўды не спалі з-за бесперапынных гудкоў машын. Людзі выходзілі з іх проста пасярод дарог, даставалі сцягі сваёй краіны, усё цешыліся – карацей, народны трыумф.

Кадры з Тбілісі (злева) і Батумі пасля перамогі

А гульцы зборнай пасля радасці ў раздзявальні, дзе танчылі лезгінку, прыехалі на самую вялікую фан-зону Тбілісі і зараджалі крычалкі.

Украіна згуляе на чацвёртым запар для сябе Еўра, але гэта будзе першы вялікі турнір для зборнай пасля пачатку вайны, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расiя ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Фармальна хатні вырашальны матч украінцы гулялі ў польскім Вроцлаве супраць Ісландыі, прайгравалі, але зраўнялі лік, а затым выйгралі. Вырашальны мяч забіў Міхаіл Мудрык – гулец «Чэлсі», ад якога гола перад матчам чакаў Арцём Мілеўскі.

А вось і гол – выдатны ўдар з лініі штрафной.

Матч глядзелі і беларусы Міхаіл Залеўскі і Аляксандр Хацкевіч, якія працуюць у «Заглембе» з Сасноўца – за 200 км ад Вроцлава.

Польшча ж аформіла выхад на ЧЕ ва Уэльсе – там было 0:0 і серыя пенальці, першыя дзевяць удараў забілі, а дзясяты адбіў Войцэх Шчэнсны. Для палякаў гэта будзе пятае Еўра запар.

Беларусь жа тым вечарам гуляла безаблічны «таварняк» на Мальце – не такой шэрай рэальнасці ў нас пакуль няма.

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты