Tribuna/Футбол/Блогі/Пасля скасавання ліміту клубы ў Беларусі забілі на моладзь? У БАТЭ, «Дынама», Мазыра і Жодзіна ўсё па-рознаму

Пасля скасавання ліміту клубы ў Беларусі забілі на моладзь? У БАТЭ, «Дынама», Мазыра і Жодзіна ўсё па-рознаму

Аказваецца, можна жыць і без прымусу.

Аўтар — bytribuna com
25 красавіка, 11:59
Пасля скасавання ліміту клубы ў Беларусі забілі на моладзь? У БАТЭ, «Дынама», Мазыра і Жодзіна ўсё па-рознаму

У сезоне-2024 вышэйшая ліга жыве без ліміту на маладых гульцоў. У мінулым сезоне на полі ў кожнай каманды мусіў знаходзіцца мінімум адзін беларускі футбаліст 2002 года нараджэння ці маладзейшы. У асноўным гэты пункт рэгламенту меў негатыўныя водгукі сярод трэнераў і гульцоў.

А як змянілася колькасць маладых футбалістаў у беларускім Д1 пасля адмены ліміту? Ці можна сцвярджаць, што клубы не даюць шанцы гульцам ва ўзросце да 21 года? Аказваецца, можна абысціся і без грубага прымусу.

Дзе робяць стаўку на моладзь

Праблем з лімітам, не адмяні яго федэрацыя, дакладна не было б у «Мінска». «Гараджане» не першы сезон робяць стаўку на сваіх выхаванцаў у надзеі зарабляць на іх продажы. За зіму Арцём Чалядзінскі страціў амаль палову стартавага складу каманды-2023, а таму прыйшлося нагульваць яшчэ больш маладых футбалістаў. Сёння ў ростары «Мінска» 28 гульцоў, з якіх толькі дзевяць не падпадалі б пад магчымы ліміт. Найстарэйшаму – 25 гадоў, што прымушае Чалядзінскага казаць пра недахоп вопыту.

«Гараджане» маюць самы малады стартавы склад у лізе – 20,4 гадоў. У мінулым туры супраць «Нафтана» (1:1) у старце выйшлі шасцёра гульцоў, якія ўпісваліся б у ліміт-2024.

Роўна на тры гады большы сярэдні ўзрост стартавага складу «Шахцёра». Праз трансферны бан «гарнякам» не ўдалося ўмацавацца дасведчанымі футбалістамі, таму выпадае разлічваць толькі на тых, хто застаўся, ды на ўласных выхаванцаў. Трое з тых, каго Станіслаў Сувораў выпускаў ва ўсіх пяці турах на 90 хвілін, цяпер былі б лімітчыкамі. Гэта абаронца Мікіта Баранок і паўабаронцы Іван Зянько і Вадзім Марцінкевіч. Яшчэ з лімітчыкаў пастаянную гульнявую практыку ў Салігорску маюць хаўбек Андрэй Дзенісюк, а таксама нападнікі Аляксей Гарост і Дзяніс Кавалевіч. Апошні прынёс пакуль адзіную перамогу «Шахцёру» ў чэмпіянаце, у першым туры паразіўшы вароты «Віцебска» (1:0) (адзнака 1:29).

Ужо некалькі сезонаў і ў «Іслачы» спрабуюць паставіць на паток падрыхтоўку моладзі, каб затым яе прадаваць. Праўда, стаўка ў асноўным робіцца на легіянераў. Цяпер у «ваўкоў» два замежнікі лімітнага ўзросту (казахстанец Мірас Кабееў і малдаванін Віку Булмага), аднак «лімітны» рэгламент патрабаваў менавіта беларусаў. І такіх у патрэбным узросце ў складзе «Іслачы» зараз адразу 12 чалавек. Стабільна выходзяць на поле чацвёра. Больш за ўсіх Дзмітрый Камароўскі давярае апорніку Кірылу Гоманаву і вінгеру Уладзіславу Жураўлёву – у іх актыве па чатыры і тры выхады ў старце. У пастаяннай ратацыі знаходзяцца паўабаронцы Іван Хвалько і капітан юнацкай зборнай Беларусі Данііл Галята. Адзначым, што на лаўцы запасных ужо які тур сядзіць форвард Дзмітрый Латыхаў. Ён паспеў згуляць амаль паўсотні матчаў у «вышцы» за мінскае «Дынама» і «Іслач», але пры дэфіцыце нападнікаў у «ваўкоў» апошні раз зʼяўляўся на полі ў першым туры.

З сезона-2024 курс на амаладжэнне ўзялі ў БАТЭ. Сёння ў барысаўцаў пяты па маладосці стартавы склад у лізе (24 гады). З ростара Ігара Крывушэнкі ў 2024-м пад ліміт падпадала б 11 выканаўцаў. Плюс гэтага ж узросту ў камандзе два замежнікі – расіянін Аляксандр Мартынаў і сенегалец Сідзі Банэ, якія стабільна гуляюць у цэнтры абароны.

Калі б ліміт дзейнічаў і ў гэтым сезоне, Крывушэнка не меў бы ніякага галаўнога болю. Пасля завяршэння карʼеры Вячаславам Дзергачовым два астатнія брамнікі БАТЭ – Уладзіслаў Ігнацьеў і Арсеній Скапец – уваходзілі б у спіс лімітчыкаў.

Што да палявых гульцоў, то тут Крывушэнка паступова падводзіць маладых да стартавага складу. Шасцёра правялі ў чэмпіянаце-2024 мінімум тайм гульнявога часу, а чацвёра з іх ужо выходзілі ў старце – абаронца Мацвей Свідзінскі, паўабаронцы Кірыл Чарнаок і Мікіта Нескаромны, нападнік Аляксандр Шведчыкаў.

Тут таксама давяраюць маладым

У адсутнасць Арцёма Макаўчыка (у яго траўма) тры іншыя брамнікі мінскага «Дынама» ў 2024-м падпадалі б пад ліміт – Фёдар Лапавухаў, Арцём Каратай і Іван Шымаковіч.

У пачатку сезона Вадзім Скрыпчанка здзіўляў тым, што выпускаў з першых хвілін 17-19-гадовых выхаванцаў «Дынама», у тым ліку дэбютантаў на дарослым узроўні. Дзякуючы даверу коўча мы даведаліся пра ўчорашніх дублёраў – абаронцу Паўла Апяцёнка, паўабаронцаў Уладзіслава Кроліка і Арцёма Сакалоўскага, нападніка Трафіма Мельнічэнку. Магчыма, трое апошніх гулялі б за «бела-блакітных» і цяпер, аднак усе атрымалі пашкоджанні. Таксама адзін матч у 2024-м за «Дынама» згуляў абаронца Мацвей Міхайрын, які ўзімку прыйшоў з «Цэнтра футбола».

У брэсцкага «Дынама» таксама не было б праблем з лімітам – у стартавым складзе ўжо нікога не здзівіць зʼяўленнем абаронцы Максіма Касараба і паўабаронцаў Мікіты Бурака і капітана юніёрскай зборнай Арцёма Турыча. З лаўкі запасных Аляксандр Бразевіч часта паднімае хаўбекаў Мацвея Дуксу і Кірыла Цэпянкова.

У Вячаслава Герашчанкі ў «Дняпры» з першых хвілін увесь час выходзяць адразу чатыры патэнцыйных лімітчыкі – абаронцы Фёдар Юркевіч, Антон Лукашоў і Аляксей Дунаеў, а таксама паўабаронца Мікіта Красноў. На рахунку Лукашова пераможны мяч у вароты «Слуцка» (1:0).

Няхай за зіму сярэдні ўзрост стартавага складу «Нафтана» падрос роўна на два гады (з 23,6 да 25,6), але моладзі ў Наваполацку хапае. У 2024-м Альберт Рыбак дакладна не адчуваў бы праблем па ліміту. Ад званка да званка ва ўсіх пяці турах згуляў абаронца Арцём Драбатовіч. У кожным матчы з першых хвілін выходзіў хаўбек Ігнат Прановіч – той самы, які аформіў дубль з мінскім «Дынама» (2:2).

І гэта яшчэ не ўсе маладыя. На дваіх дзевяць матчаў у 2024-м адгулялі апорнік Ягор Крэс і форвард Ягор Шадзько.

Дэфіцыт лімітчыкаў, але яны ёсць

2024 год стаў бы апошнім гадоў у якасці лімітчыка для абаронцы «Нёмана» Ягора Пархоменкі. У мінулым сезоне дэф выконваў у Гродне і гэтую ролю. Сёння акрамя яго ў складзе ўсяго два футбалісты патрэбнага ўзросту – паўабаронцы Уладзіслаў Варакса і Аляксей Дайнека. Першы чатыры разы зʼяўляўся на замену, другі – тройчы трапляў у заяўку на матчы «вышкі».

У «Арсенале» сёння давяраюць моладзі, таму каманда трэцяя па маладосці стартавага складу (23,6 года). Праўда, вялікі ўплыў на гэта аказвае чацвёрка 18-20-гадовых расійскіх футбалістаў, якіх арандавалі ў маскоўскага «Лакаматыва». Аднак у Дзяржынску ёсць моладзь такога ж узросту і з беларускімі пашпартамі. Ва ўсіх пяці турах па 90 хвілін правёў абаронца Арсеній Агееў. Тройчы ў старце выходзіў яго калега па амплуа Іван Арашкевіч. У мінулым туры ўпершыню за карʼеру з першых хвілін у вышэйшай лізе зʼявіўся гулец юніёрскай зборнай Беларусі паўабаронца Руслан Мялкоўскі, які ў мінулым сезоне станоўча адгукаўся пра ліміт на маладых.

У «Віцебску» таксама ёсць маладыя. Шасцёра маглі б быць лімітчыкамі плюс тры легіянеры такога ж узросту. Праўда, з беларусаў выходзяць на поле далёка не ўсе. Гульцом старту зʼяўляецца толькі нападнік Карэн Варданян. Пакуль у форварда адзін гол у пяці матчах – у другім туры ён паразіў вароты «Славіі» (адзнака 2:00).

Таксама гульнявы час атрымлівае форвард Уладлен Анікееў, які тройчы зʼяўляўся на замену.

У каго былі б праблемы з лімітам

У «Гомеля» ў «лімітным» узросце знаходзяцца толькі легіянеры – казахстанскі паўабаронца Абінур Нурынбет і габонскі форвард Родзі Эфаге. Самы малады з беларусаў, якія выходзілі ў матчах вышэйшай лігі-2024, – хаўбек Ягор Мычолкін, які падпадаў пад ліміт да мінулага года.

Крыху лепшая сітуацыя ў «Смаргоні». З патэнцыйных лімітчыкаў у 2024-м гулялі толькі двое. Брамнік Іван Навічкоў бараніў вароты ў першым туры супраць мінскага «Дынама» (0:5). Ад таго часу кіпер знаходзіцца на лаўцы запасных. Такая ж гісторыя ў вінгера Арцёма Станкевіча. З дынамаўцамі ён адгуляў амаль увесь другі тайм і пакуль на полі больш не зʼяўляўся.

Іван Біёнчык у «Славіі» не давярае маладым стартавы склад, таму яго 11 першых другія па ўзросце ў вышэйшай лізе пасля «Нёмана» (27,3 і 27,5 гадоў адпаведна). Але пры гэтым у Мазыры адразу тры патэнцыйныя лімітчыкі пастаянна выходзяць на замену ў другіх таймах – паўабаронцы Юлій Кузняцоў і Павел Катляроў, а таксама нападнік Іван Грудзько. У чацвёртым туры гэтыя двое зладзілі трэці гол у вароты «Шахцёра» (3:1) – Грудзько скінуў мяч на Кузняцова, і той упершыню забіў у вышэйшай лізе.

У першых матчах сезона штаб «Тарпеда-БелАЗ» рабіў стаўку на брамніка Цімафея Юрасава, для якога 2024-ы стаў бы апошнім годам пад лімітам. Аднак у другім туры галкіпер парваў крыжападобныя звязкі. Так Юрасаў папоўніў спіс траўмаваных, дзе з восені мінулага года знаходзіцца яшчэ адзін патэнцыйны лімітчык Уладзіслаў Мялько, якому паставілі такі ж дыягназ. Акрамя Юрасава ў 2024-м на полі з футбалістаў неабходнага ўзросту зʼяўляўся вінгер Цімафей Шаркоўскі, якога двойчы выпускалі на замену.

У «Слуцка» ў чэмпіянаце-2024 з патэнцыйных лімітчыкаў па разе ў старце выходзілі паўабаронца Максім Амельянчук і форвард Ілля Цішураў. Яшчэ ў трох матчах кожны з іх выйшаў на замену. Таксама па адным разе выпускалі з лаўкі запасных у сезоне-2024 абаронцаў Івана Міхнюка і Ілью Дубінца.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты