Tribuna/Футбол/Блогі/Што за каманда прадула 0:50 у Д3 Беларусі: гуляюць газавік і «сілавік», няма шчыткоў і гетраў, а ўвогуле футбол у заняпадзе

Што за каманда прадула 0:50 у Д3 Беларусі: гуляюць газавік і «сілавік», няма шчыткоў і гетраў, а ўвогуле футбол у заняпадзе

«Расоны» ўпершыню вырашылі паўдзельнічаць у ЧБ – і вось.

Аўтар — bytribuna com
6 траўня, 12:43
Што за каманда прадула 0:50 у Д3 Беларусі: гуляюць газавік і «сілавік», няма шчыткоў і гетраў, а ўвогуле футбол у заняпадзе

У мінулыя выхадныя прадоўжыўся цырк-шапіто пад назвай чэмпіянат Беларусі па футболе ў другой лізе пад наглядам лукашэнкаўскага міністэрства па спорце (свой турнір на гэтым жа ўзроўні праводзіла федэрацыя футбола, але яго загадана забіць). У бліжэйшай будучыні аматарам мінору гарантаваныя несупастаўляльнасць сіл супернікаў, недаезды ўдзельнікаў і іншы трэш-кантэнт. На старце маргінальная ліга не расчароўвае і нават пераўзыходзіць чаканні.

У суботняй гульні паміж «Мёрамі» і «Расонамі» быў устаноўлены рэкорд Беларусі па розніцы мячоў у матчах чэмпіянату – мёрцы, якія практычна цалкам камплектуюцца прыезджымі футбалістамі, на сваім полі перамаглі з лікам 50:0. Вароты гаспадароў абараняў Ігар Даўгяла, на рахунку якога 175 матчаў у вышэйшай лізе, а 5+20 (гэта не штраф у хакеі, а паказнікі па «гол+пас») за матч набраў экс-хаўбек зборнай Беларусі Філіп Рудзік.

«Напэўна, мясцовыя гульцы рыхтаваліся не да такога выніку, імкнучыся ў другую лігу. Але заслон, пастаўлены [так званым] міністэрствам спорту, дазволіць убачыць такія значэнні на табло не адзін раз. І нават не два. Інакш як дыскрэдытацыяй спорту нумар адзін гэта не назавеш. І пра якую папулярызацыю ідзе гаворка!?» – задаваліся пытаннем у пабліку «Наш футбол. Віцебскі рэгіён».

У сетцы хапае абурэння праз такі лік.

У адрозненне ад суперніка, «Расоны» робяць стаўку на мясцовых футбалістаў. Каманда базуецца ў аднайменным гарадскім пасёлку. Расонскі раён размешчаны на поўначы краіны (мяжуе з Расіяй) і зʼяўляецца самым маленькім у Беларусі па насельніцтве – там жыве ўсяго 8,5 тысяч чалавек. Прыкладна палова жыхароў прыпадае на Расоны.

Каманда з райцэнтра ніколі раней не гуляла ў чэмпіянаце Беларусі. У чэмпіянаце Віцебскай вобласці яна таксама была прадстаўленая не заўсёды. Найлепшае выступленне мясцовага калектыву (пад назвай «Экстрым») – другое месца на вобласці ў 2012-м. Тады каманду фінансавалі мясцовыя энтузіясты Канстанцін Зубовіч і Уладзімір Якушэнка. Касцяк складалі пераважна футбалісты, якіх запрашалі з Полацка і Наваполацка. Вароты «Экстрыму» абараняў брамнік зборнай Беларусі па пляжным футболе Аляксандр Маслюк – зрэшты, часам ён выходзіў і ў напад. Тады расонцы на тры пункты адсталі ад віцебскай «СДзЮШАР-Дзвіны» з Сяргеем Вехцевым у складзе.

Той сезон стаў апошнім для «Экстрыму». І ад таго часу Расоны не былі прадстаўленыя ў чэмпіянаце вобласці. Каманда не зʼявілася нават пасля зліцця другой лігі з рэгіянальнымі турнірамі, хаця там было каля сотні ўдзельнікаў.

Наогул, футболу ў раёне не надаецца вялікай увагі. На сайце мясцовай газеты «Голас Расоншчыны» апошні раз футбольная нататка зʼяўлялася ў жніўні 2014-га, калі ў пасёлку прайшлі занальныя спаборніцтвы сярод сельскіх каманд «Залаты Колас». У мясцовага прапагандысцкага рупара куды ў большай пашане каратэ і плаванне – пра поспехі на дзіцячым узроўні прадстаўнікоў гэтых відах спорту паведамляецца даволі часта.

Галоўнае футбольнае збудаванне горада – поле фізкультурна-спартыўнага комплексу «Старт». У сетцы вы амаль не знойдзеце фатаграфій з матчаў на невялікай арэне. Калі на газон і выходзяць футбалісты, то на пасялковыя ці раённыя спаборніцтвы, якія гуляюцца не на ўсё поле. Куды часцей «Старт» выкарыстоўваюць удзельнікі фізкультурных або ведамасных спаборніцтваў.

Увосень мінулага гады на спарткомплекс прыязджаў так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук. Як паведаміла раёнка, падчас візіту чыноўнік-лукашыст абмяркоўваў лыжы і хакей, а яшчэ паспеў згуляць на стадыёне ў шашкі.

У пачатку 2024-га расонская каманда адмовілася ўдзельнічаць у чэмпіянаце Віцебскай вобласці па міні-футболе, які рыхтаваўся да старту. У рэгіянальную федэрацыю прыйшоў ліст, дзе адмова тлумачылася «масавай захваральнасцю гульцоў».

Ніхто з цяперашняга складу «Расонаў», якія так феерычна пачалі выступленне ў Д3 (матч у Мёрах адкрываў для іх сезон), не выступаў на прафесійным узроўні. Таксама сярод гульцоў не знайсці нікога з таго ж «Экстрыму», які хоць чагосьці дамагаўся на абласным узроўні.

У Мёрах у заяўцы было ўсяго 13 расонцаў. З тых, хто зʼявіўся на полі, большасць была без гетраў і шчыткоў, хаця правілы гульні ў футбол вымагаюць такую амуніцыю. На матч госці прыехалі без адміністрацыйна-трэнерскага штаба. Хаця, магчыма, ніякага штаба і не існуе.

А чым футбалісты «Расонаў» займаюцца ў паўсядзённым жыцці? Інфармацыі не так шмат, але пару гульцоў у сацсетках нам удалося адшукаць.

Сярод фатаграфій Фёдара Фёдарава ўсяго адна з мячом – ды і тая 12-гадовай даўніны.

З 2008 года Фёдараў працуе настаўнікам у адной з расонскіх школ, захапляецца рыбалкай. Менавіта ёй прысвечана большасць фатаграфій футбаліста-аматара.

Сярод падпісак Фёдарава акрамя паблікаў пра рыбалку і спорт можна знайсці суполку, якая падтрымлівае вайну ва Украіне.

35-гадовы галкіпер Арцём Кутузаў, які абараняў вароты/практыкаваўся ў даставанні мяча ў матчы з «Мёрамі», таксама захапляецца рыбалкай.

Наогул, Кутузаў працуе слесарам-газавіком. У раённай газеце яго называлі перадавіком.

Сяргей Самусенка служыць у лукашэнкаўскай так званай міліцыі. Каманда яго РАУС у 2019-м заняла першае месца на ведамасных спаборніцтвах па валейболе (Самусенка справа ў ніжнім радзе).

На іншых спаборніцтвах за сваё РАУС Самусенка выступаў у майцы 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады, якая базуецца ў Віцебску і мае асобны патрульны батальён у Полацку. Носьбіты формы гэтай брыгады бралі ўдзел у разгонах мірных пратэстаў пасля выбараў-2020.

Пасля матчу адзначыўся адзін з футбалістаў «Расонаў». У суполцы «Мёр» прапанавалі адгадаць лік суботняга матчу. Пераможцу была абяцаная фірмовы кубак ад футбольнага клуба. Праз тры гадзіны пасля фінальнага свістка гулец «Расонаў» Дзяніс Касцючэнка пакінуў вось такі запіс з дакладным лікам пад пастом.

Ці дастанецца кубак «прагназісту»?

Найлепшае ў блогах
Больш цiкавых пастоў

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты