Tribuna/Гімнастыка/Блогі/На Алімпіяду адабралася пара з Беларусі: чэмпіён Токіа і тынэйджарка, якой моцна дапамаглі правілы

На Алімпіяду адабралася пара з Беларусі: чэмпіён Токіа і тынэйджарка, якой моцна дапамаглі правілы

У камісіі МАК могуць узнікнуць пытанні.

Аўтар — bytribuna com
25 сакавіка, 19:00
На Алімпіяду адабралася пара з Беларусі: чэмпіён Токіа і тынэйджарка, якой моцна дапамаглі правілы

У нядзелю закрыўся другі галоўны этап адбору на АГ-2024 у скачках на батуце. Першым быў ЧС-2023, цяпер жа батутысты правялі апошні з пяці заліковых этапаў Кубка свету. Выніковы рэйтынг складаўся па суме балаў за два найлепшыя выступленні спартсменаў на гэтых этапах.

Усе беларускія гімнасты з сакавіка 2022-га да пачатку 2024-га былі адхіленыя міжнароднай федэрацыяй (FIG) у адказ на вайну, якую з 24 лютага 2022 года працягвае Расiя ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Але сёлета іх дапусцілі да спаборніцтваў у рэкамендаваным МАК статусе індывідуальных нейтральных атлетаў (AIN) – роўна ў той момант, калі наперадзе заставалася два заліковыя этапы КС.

Згодна з правіламі, беларускія батутысты маглі ўзяць максімум дзве пуцёўкі – па адной у мужчын і жанчын. І зрабіць гэта ўдалося. У адным выпадку – вельмі ўпэўнена: Іван Літвіновіч на этапах у Азербайджане і Германіі двойчы паднімаўся на трэцяе месца, а для адбору яму хапіла б і адной бронзы. А вось у жанчын моцна дапамаглі абмежаванні – з рэйтынгу выкінулі не толькі тых, хто ўжо ўзяў алімпійскія пуцёўкі на ЧС-2023, але і іншых прадстаўнікоў іх краін, якія не трапілі ў топ-3 гэтага рэйтынгу, а таксама ўсіх, хто ў яго межах прэтэндаваў на другую пуцёўку ад адной краiны. У выніку беларуская батутыстка Віялета Бардзілоўская, якая на КМ і ў фіналы не выходзіла, па балах у рэйтынгу была толькі 19-й – але выкрэсліванні іншых паднялі яе на 9-е месца, якое стала прахадным на Гульні.

Пасля заваявання ліцэнзій Літвіновіч і Бардзілоўская выклалі сумеснае фота з нямецкага гатэля – свой поспех батутысты адзначылі пацалункам.

Так, мяркуючы па акаўнце Бардзілоўскай, яна сустракаецца з Літвіновічам з пачатку гэтага года. Ёсць і яшчэ адно фота з пацалункам.

Бардзілоўскай 18 гадоў (да АГ паспее стаць 19), яна з Магілёва. Бацькі аддалі яе ў спорт, калі дзяўчынцы было чатыры гады. Яе кумірам у дзяцінстве была мясцовая батутыстка Таццяна Пятрэня, якая станавілася чэмпіёнкай свету і Еўропы. Бардзілоўская казала, што марыць пра медаль АГ.

У маі 2021-га Бардзілоўская стала чэмпіёнкай Еўропы сярод юніёраў у сінхронных скачках, а ў пачатку 2022-га перайшла на дарослы ўзровень. Да бана Бардзілоўская паспела выступіць на адным бакінскім этапе КС, дзе стала другой у кваліфікацыі, але сёмай у фінале. Далей амаль два гады былі толькi беларускія і расiйскія спаборніцтвы.

У свае сацсеткі Бардзілоўская выкладвае дастаткова стандартныя фатаграфіі: лукі ў люстэрку, адпачынак і іншае.

Для паездкі ў Парыж Бардзілоўскую яшчэ павінна зацвердзіць спецыяльная камісія МАК AINERP, але праблем у яе выпадку не відаць – яна нават не падпісвалася за рэжым (усё ж у момант стварэння ліста ёй было 15 гадоў). А вось у 22-гадовага Літвіновіча ў тэорыі могуць узнікнуць праблемы – чэмпіён АГ у Токіа і падпісаўся за рэжым, і ўдзельнічаў у лукашэнкаўскіх актыўнасцях ужо пасля пачатку вайны ва Украіне.

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты