Усе навіны

Якаўлеў пра прысуд Данілевічу: «Чалавек будзе сядзець у турме 10 гадоў за тое, што проста аказваў дапамогу людзям, якія ў 2020 годзе сказалі, што лукашэнка не перамог на выбарах»

11 красавіка 2023, 13:29

Экс-трэнер гандбольнага «Віцязя» Канстанцін Якаўлеў пракаментаваў прысуд для экс-кіраўніка федэрацыі рэгбі і спартыўнага адваката Аляксандра Данілевіча, якому рэжымны суд па горадзе Мінску даў 10 гадоў калоніі. Адзначым, што Данілевіч быў адвакатам Якаўлева, калі таго затрымалі і адправілі на суткі.

«Аляксандр быў той сувяззю, калі прыходзіў да мяне ў ІЧУ. Цяпер ён па тым боку. Складана ўявіць, што 10 гадоў чалавек будзе сядзець у турме за тое, што проста аказваў дапамогу такім, як я. Людзям, якія проста ў 2020 годзе сказалі, што лукашэнка (арфаграфія аўтара захавана – Tribuna.com) не перамог на выбарах. Гэтага аказалася дастаткова, каб дзесяткам тысяч людзей псаваць жыцці.

1. Сіл Аляксандру Данілевічу! 2. Я адмаўляюся верыць у тое, што мы не вызвалім такіх людзей, як ён! 3. Змагацца нягледзячы ні на што!

Я разумею, часам проста хочацца адысці ад праблем і пафоткацца на фоне ежы і «смачных салат з шампанскім». Але вы павінны памятаць, што ў гэты час нашыя сябры сядзяць у турмах і жыццё ў іх не такое смачнае, як на вашых фотках…

Мы дамовіліся паабедаць разам. Я хацеў падзякаваць яму за дапамогу, якую ён аказаў мне і развітацца. Падарыў гандбольны мяч і расказаў, што праз пару дзён збіраюся пакінуць краіну. Гэта была нашая крайняя сустрэча», – напісаў Якаўлеў у сваім Instagram.