Усе навіны

Чупрыс пра вылет з паўфінала плэй-оф Экстралігі: «Ёсць фактары, якія не дазволілі нам дабрацца туды, куды мы хацелі. Што б я ні сказаў, гэта будзе гучаць, напэўна, як нейкія адгаворкі»

11 красавіка 2023, 12:20

Галоўны трэнер салігорскага «Шахцёра» і падпісант прарэжымнага ліста Яраслаў Чупрыс распавёў пра свае ўражанні пасля сезона-2022/23 Экстралігі і пра тое, з якімі праблемамі сутыкнулася каманда.

Нагадаем, што пад кіраўніцтвам Чупрыса «Шахцёр» выйграў «рэгулярку», але вылецеў у паўфінале плэй-оф Экстралігі пасля паражэння жлобінскаму «Металургу» (1-4 у серыі).

– Калі ў цэлым падводзіць вынікі сезона, то якім ён атрымаўся?

– Правільна будзе сказаць, што сезон падзяліўся на дзве часткі: «рэгулярка» і плэй-оф. Па выніках «рэгуляркі» было столькі пазітыву, насамрэч: столькі праведзенай добрай працы, вынік. Практычна ўвесь сезон мы не пакідалі першы радок, за выключэннем студзеня месяца. Толькі на пэўны адрэзак мы сталі другімі.

Такой вар'яцкай «рэгуляркі» я не бачыў за ўсё існаванне чэмпіянату. Мы яе выйгралі, і тым больш крыўдна было згуляць так, як мы згулялі менавіта ў плэй-оф.

Па выніках таго, што мы не выйшлі ў фінал усё і судзіцца. Вынік не дае падставы парадавацца, хаця пазітыву было шмат: самая маладая каманда ў гісторыі «Шахцёра», лепшы снайпер у камандзе. Але, на жаль, атрымалася так, што крыху мы не ўбачылі [у плэй-оф] тых якасцяў у Мішкі Стэфановіча, якія ён праяўляў увесь сезон. Не атрымалася ў яго ў плэй-оф. Будзем думаць чаму.

– Часта кажуць, што перамагае каманда, а саступае трэнер. Наколькі вы згодны з гэтым?

– На вялікі жаль так і ёсць. Усё роўна ўсё ацэньваецца па выніках і ўсе гузы ляцяць у галоўнага трэнера. Так ёсць, так прынята. Натуральна, я быў да гэтага гатовы і буду гатовы далей.

– А што адчулі, калі прагучала сірэна апошняга матчу?

– Спусташэнне, злосць, крыўду. У галаве круціцца: «Чаму?» Ёсць фактары, якія не дазволілі нам дабрацца туды, куды мы хацелі. Насамрэч, што б я зараз ні сказаў, гэта будзе гучаць, напэўна, як нейкія адгаворкі, але пэўны аналіз і пэўныя факты варта ўсё ж абмеркаваць і вымавіць.

Дзве траўмы лідараў каманды. Дзімка Знахарэнка – гэта асноўны абаронца, які мог у цяжкай сітуацыі згуляць у абароне так, як гэта патрабуецца. Плюс, адзін з найлепшых снайпераў Лігі [Павел] Мядзведзеў таксама атрымаў траўму.

Да таго ж вельмі шмат хакеістаў у камандзе ўжо не дзеці, але яны яшчэ нават не гулялі ў плей-оф. Спрацаваў, можа, і гэты фактар. Пры гэтым усё роўна мы маглі быць лепшымі, – сказаў Чупрыс.