Усе навіны

Протас, Калячонак, Клімовіч і яшчэ два беларусы прымуць удзел у плэй-оф АХЛ

17 красавіка 2023, 12:00

У АХЛ завяршыўся рэгулярны чэмпіянат-2022/23. Беларусы Ілля Салаўёў, Уладзіслаў Калячонак, Даніла Клімовіч, Аляксей Протас і Ілля Усаў, якія выступалі ў «рэгулярцы», прымуць удзел у плэй-оф – Кубку Колдэра. «Калгары», за які гуляе абаронца Ілля Салаўёў, сталі лідэрамі ўсяго чэмпіянату. У актыве 22-гадовага Салаўёва ў гладкім чэмпіянаце 18 (4+14) ачкоў у 68 гульнях пры паказчыку карыснасці «+18». Клуб стартуе ў плэй-оф з другога раунда.

У Ціхаакіянскім дывізіёне з першага раунда плэй-оф стартуюць «Тусон» абаронцы Уладзіслава Калячонка і «Абботсфард» нападаючага Данілы Клімовіча.

21-гадовы Калячонак па выніках «рэгуляркі» набраў 21 (3+18) бал ў 71 матчы пры паказчыку карыснасці «+7». 20-гадовы Клімовіч аформіў 29 (17+12) балаў у 67 гульнях пры паказчыку карыснасці «+15».

«Вашынгтон» беларускага форварда Аляксея Протаса па выніках рэгулярнага чэмпіянату НХЛ заняў 13-е месца і не патрапіў у плэй-оф турніру. Беларус працягне сезон у фарм-клубе «Кэпіталс» – «Хершы». Каманда Протаса пачне з другога раунда плэй-оф АХЛ. Сапернікам «Хершы» можа стаць «Сірак'юз» Іллі Усава, калі выйграе серыю да 3 перамог супраць «Рочэстэра». У актыве 22-гадовага Протаса 5 (2+3) ачкоў у 9 гульнях АХЛ пры паказчыку карыснасці «-4». У 21-гадовага Усава 16 (4+12) ачкоў у 57 матчах пры паказчыку карыснасці «+1».