Усе навіны

Экс-форвард «Юнацтва» Пальчык: «У Беларусі з ранніх гадоў убіваюць у галовы хакеістам, што яны вінныя дзяржаве»

28 ліпеня, 13:42

Былы нападаючы «Юнацтва» Аляксандр Пальчык у інтэрв'ю «Зеркалу» падзяліўся меркаваннем пра стан хакея ў Беларусі.

– Няправільна казаць, што ў нашым хакеі ўсё дрэнна. Клубы НХЛ задрафтавалі гэтым летам пецярых беларусаў – гэта рэкорд. Але сцвярджаць, што сістэма працуе – як мінімум рана і спрэчна. Напрыклад, адзін з задрафтаваных Сцяпан Звягін – натуралізаваны расіянін. Ягор Сідараў і Андрэй Лошка вельмі моцна прыбавілі за апошнія два гады ў Канадзе. Паглядзім, як будуць выглядаць зборныя, калі беларусаў вернуць на міжнародную арэну.

Чаго не хапае нашаму хакею? Трэнерскага прафесіяналізм – раз. А другое – хлопцаў, якія займаюцца. Проста параўнайце, колькі гульцоў на душу насельніцтва ў скандынаўскіх краінах і колькі ў Беларусі. Іншая справа, што ў нас з эканомікай усё дрэнна, а грошы ідуць на хакей. Важней для грамадства, лічу, укладваць у медыцыну, добра плаціць урачам. У мяне мама працавала медсястрой. Ёй падабалася сама прафесія, але заробак быў 300 рублёў – смешна і сорамна. Я ў «Юнацтве» разоў у дзесяць больш атрымліваў.

У нас увесь час паўтараюць: дзяржава хакеістаў усім забяспечыла. Ды добра! Форму выдалі ў камандзе – выдатна. Толькі яе здаць потым трэба. У ЗША мяне адразу экіпіравалі, і ніхто і слова не сказаў, што трэба нешта вярнуць. А ў Беларусі вось гэтае навязванне з ранніх гадоў, што павінны. Убіваюць у галовы хакеістам.

Нельга кахаць сваю краіну і сцяг па загадзе. Як і хакей. На «Юнацтва», шматразовага чэмпіёна краіны і самы тытулаваны беларускі клуб, амаль ніхто не хадзіў. Звычайна некалькі сотняў чалавек, на плэй-оф крыху больш. Затое прыязджалі ў Магілёў ці Гродна – поўныя трыбуны. Яшчэ вельмі добра было заўважна гледачоў, якія прыйшлі па разнарадцы. Адразу відаць, калі чалавек ніколі не быў на хакеі. Ён проста не рэагуе на падзеі на лёдзе так, як гэта робіць балельшчык. Я да таго вяду, што не трэба нічога навязваць. Пры свабодзе выбару і любоў да хакея будзе шчырай, – распавёў Пальчык.