Усе навіны

Яраслаў Чупрыс: «Усё ў галовах, толькі хакеісты могуць пераварочваць гульні»

28 лютага, 11:08

Галоўны трэнер «Шахцёра» Яраслаў Чупрыс падзяліўся меркаваннем пра матч супраць «Юнацтва» (3:1).

– Выдатны матч, выдатны пачатак. Забілі гол, яго не залічылі, але нічога страшнага, рукі не апусцілі, гнулі сваю лінію. Сёння быў той «Шахцёр», які мне хацелася б бачыць і далей. Трохі эксперыментальны быў склад, два абаронцы згулялі ў атацы, шмат моладзі – але згулялі хутка, агрэсіўна, трымаліся тактыкі.

– Вы сказалі, што сёння быў той «Шахцёр», які вам хацелася б бачыць, пры гэтым шэраг лідараў прапускалі матч.

– Сёння на раскатцы сказаў хлопцам, што хакеіст павінен быць гатовы да ўсяго. Трэба нападаючым згуляць у абароне? Значыць, трэба. Згуляць абаронцу ў нападзе? Значыць, трэба. Згуляць у варотах? Значыць, трэба згуляць. Лічу, хлопцы мяне пачулі, сёння была добрая атмасфера на лаўцы, выдатнае паразуменне і выкананне гульнявога задання. Пласталіся ў меншасці, добра дзейнічалі.

Хацелі сёе-тое замуціць у трэцім перыядзе, але я зразумеў, што не трэба нічога муціць, а працягваць гуляць у той хакей, у які мы гулялі. У выніку мы прапрацавалі тое, што хацелі. Таксама быў даўжок перад заўзятарамі за 0:4 з «Юнацтвам» на хатняй арэне.

– Ліпскі ўпершыню згуляў у нападзе, а вось у Рыгоркевіча не першы матч на гэтай пазіцыі. Як ацэніце іх дзеянні?

– Грыга гуляў у атацы адзін перыяд у Гродне, а Ліпскі, калі хто не ведаў, гэта былы форвард. Высокі, малады. Тое, што ад яго патрабавалася, ён выканаў. У канцы ён вярнуўся ў абарону. Што сказаць? Будзем гадаваць Аляксеева, Аляксандр Юр'евіч гуляў і ў абароне, і ў нападзе.

Цяпер ёсць час адпачыць, але і час папрацаваць. Усё ў галовах, толькі хакеісты могуць пераварочваць гульні. Гэта іх стыхія – лёд, а мы стаім за спіной і падказваем. Каманда праяўляецца ў экстрэмальнай сітуацыі, сёння так і атрымалася. Дзякуй балельшчыкам за падтрымку, убачымся ў плэй-оф, – сказаў Чупрыс.