Tribuna/Хакей/Блогі/У белхакеі хапае гульцоў, якія не ўзляцелі: ад цікавасці з НХЛ – да ЧБ, Казахстана, Польшчы і нават будоўлі

У белхакеі хапае гульцоў, якія не ўзляцелі: ад цікавасці з НХЛ – да ЧБ, Казахстана, Польшчы і нават будоўлі

Кар'ера не пайшла.

Аўтар — bytribuna com
25 красавіка, 06:13
У белхакеі хапае гульцоў, якія не ўзляцелі: ад цікавасці з НХЛ – да ЧБ, Казахстана, Польшчы і нават будоўлі

Юныя беларускія хакеісты прыцягваюць увагу ў НХЛ. 19-гадоваму Ягору Сідараву ўжо далі максімальны для пачаткоўца кантракт у «Анахайме» пасля разрыўнога сезона ў юніёрскай лізе.

А 18-гадовы Арцём Леўшуноў пагражае пабіць рэкорд для беларускіх хакеістаў на на будучым драфце НХЛ – пакуль самым высокім застаецца дзявяты выбар Руслана Салея ў 1996-м, а Леўшунова большасцю прагнозаў ставяць у топ-3.

Аднак у гісторыі белхакея было нямала прыкладаў, калі вельмі перспектыўныя юнакі ў дарослым хакеі хутка губляліся і вялікай кар'еры не будавалі. Успомнім такія выпадкі.

Міхаіл Стэфановіч

У 18 гадоў Стэфановіч набраў 25 (16+9) ачкоў у 40 матчах ЧБ за «Гомель», стаўшы найлепшым маладым гульцом Экстралігі-2006/07. У 2007-м форвард зʼездзіў на маладзёжны ЧС, дзе як мог цягнуў беларускую зборную – набраў 5 (4+1) ачкоў у шасці матчах, праўда, каманда ўсё роўна вылецела.

Улетку 2007-га Стэфановіча пад 98-м нумарам задрафтаваў «Таронта». Наступныя тры сезоны гулец правёў у юніёрскіх лігах Канады, дзе стабільна набіраў больш за ачко за матч і лічыўся топавым бамбардзірам. Аднак у АХЛ гэта не дапамагло – за фарм «Таронта» Стэфановіч згуляў усяго два матчы, пасля чаго зʼехаў у мінскае «Дынама». Аднак там трэнер «зуброў» Марэк Сікора не бачыў форварда вышэй за чацвёртае звяно.

Далей былі вяртанне ў «Гомель», некалькі сезонаў у расійскім Д2 (ВХЛ) і няўдалая другая спроба зарэкамендаваць сябе ў «Дынама». Апошнія гады Стэфановіч праводзіць у ЧБ – перад сезонам-2023/24 перайшоў у «Металург» і выйграў чэмпіёнскі тытул. У лістападзе гульцу споўніцца 35.

Сяргей Кукушкін

У 2004-м гэты 18-гадовы цэнтрфорвард дэбютаваў за зборную Беларусі, выйграў экстралігу з «Юнацтвам» і быў задрафтаваны «Даласам» пад 218-м нумарам. Кукушкiна цанiлі за разумны хакей, аднак нападаючы не заўсёды выкладваўся на трэніроўках, пра што пасля шкадаваў.

Пасля сезона ў юнацкіх лігах за акіянам Кукушкін паляцеў у Расію, але і там прабіцца на сурʼёзны ўзровень не атрымалася. Форвард вярнуўся ў Беларусь, дзе пачаў пакутаваць ад траўм. Даходзіла да таго, што за два сезоны гулец праводзіў усяго чатыры матчы. Пад канец карʼеры хакеіст выступаў у чэмпіянаце Польшчы за не самыя топавыя клубы. Пасля сезона-2020/21 Кукушкін у 35 завяршыў карʼеру.

Вадзім Карага

Сезон-2002/03 атрымаўся ўнікальным для невысокага левага вінгера – той згуляў адразу на трох чэмпіянатах свету: юнацкім, моладзевым і дарослым. На драфт НХЛ гэта патрапіць не дапамагло, аднак Карага не губляў надзею аказацца ў наймацнейшай лізе планеты. Для таго, каб быць там заўважаным, пасля дарослага ЧС-2003 Карага адправіўся ў юніёрскую лігу Антарыа, аднак пакінуў яе яшчэ да канца сезона з-за незадаволенасці трэнерскімі рашэннямі.

Хакеіст вярнуўся ў Беларусь, дзе ў яго пачаліся праблемы са спартыўным рэжымам, таму ўсяго за два сезоны нападаючы адкаціўся з «Юнацтва» да роднага «Хіміка». Паміж яго першай і другой камандамі Карага працягваў карʼеру да канца сезона-2011/12, пасля чаго ў 27 гадоў развітаўся з хакеем і пайшоў працаваць будаўніком.

Iгар Равенка

Нападаючы «Юніёра» ў 17 гадоў прыцягнуў да сябе ўвагу на юніёрскім ЧС-2008, з 3+8 у шасці матчах стаўшы другім бамбардзірам турніру. Наступныя тры сезоны Равенка правёў у «Прынс Альберт» з канадскай юніёрскай WHL, але так і не выйшаў на драфт НХЛ.

Улетку 2011-га правы вінгер вярнуўся ў Беларусь, дзе (з невялікім перапынкам на ВХЛ) гуляе да гэтага часу. Аднойчы Равенка спрабаваў прабіцца ў мiнскае «Дынама», але прагляд абмежаваўся адзіным кантрольным матчам за «зуброў».

Мінулы сезон хакеіст, якому ўжо 33, правёў у шэрагах «Дынама-Маладзечна», набраўшы 29 (7+22) балаў у 38 матчах і стаўшы другім бамбардзірам каманды.

Артур Гаўрус

Форвард у 19 гадоў згуляў на дарослым ЧС-2013. Да таго моманту Гаўрус ужо другі сезон гуляў у юніёрскай лізе Антарыа і быў узяты «Нью-Джэрсі» пад 180-м нумарам на драфце НХЛ-2012. Але клубу за першы пасля выбару сезон не спатрэбіўся.

Улетку 2013-га ў мiнскім «Дынама» абвясцілі пра стаўку на маладых беларусаў – і Гаўрус далучыўся да каманды ў КХЛ. Першы час хакеісту давяралі і нават ставілі ў верхнія звёны, але ў гульца ўвесь час здараліся траўмы. З-за іх Гаўрус наступныя пяць сезонаў не так часта гуляў за «зуброў», а калі і выходзіў на лёд, то ў нізкіх звёнах. У лютым 2019-га форвард канчаткова растаўся з «Дынама». З таго часу Гаўрус выступаў за піцерскае «Дынама» ў ВХЛ і «Металург» у ЧБ. Перад пачаткам плэй-оф-2024 30-гадовы гулец сышоў у «Брэст» – і дабраўся з камандай да фіналу.

Дзмітрый Буйніцкі

Разнапланавы нападаючы ўпершыню трапіў у мінскае «Дынама» пад канец сезона-2014/15 ва ўзросце 17 гадоў. Пасля 0+2 у 22 матчах КХЛ хакеіст зʼехаў у юніёрскія лігі Паўночнай Амерыкі, дзе правёў наступныя паўтара сезона.

Не наблізіўшыся да НХЛ, Буйніцкі вярнуўся ў «Дынама». Але і там у Дзмітрыя не атрымлівалася – перашкаджалі недавер трэнераў і траўмы. Аднак, набраўшы сціплыя 10+3 у 36 матчах сезона-2018/19, хакеіст нечакана заключыў трохгадовы кантракт з багатым магнітагорскім «Металургам» сумарна на 1,5 млн долараў. Тады зʼявіліся інсайды, што на пагадненні з Буйніцкім менеджары расійскага клуба вырашылі проста «распілаваць» грошы, што хакеіст адмаўляў.

Доўга ў «Металургу» Буйніцкі не затрымаўся і вярнуўся ў «Дынама». Апошні афіцыйны матч хакеіста датаваны вераснем 2022-га. Летам 2023-га 26-гадовы гулец падпісаў пробны кантракт з «Дынама», але не падышоў клубу. «Паглядзеў, што максімум магу выціснуць трэцяе звяно. Гэта нецікава. Задавальнення ўвогуле не атрымліваю. Вырашыў скончыць», – нядаўна падсумаваў карʼеру Буйніцкі.

Аляксандр Пальчык

Ужо ў 16-гадовым узросце гэтага форварда прыцягвалі да трэніровак з мiнскім «Дынама». З таго часу нападаючы не раз спрабаваў зʼехаць за акіян, але надоўга там не затрымліваўся, а вяртаўся гуляць за «Юнацтва». У 18 гадоў хакеіст ужо меў два чэмпіёнствы з мінскім клубам, але гэтага аказалася мала, каб выйсці на драфт НХЛ.

Зрэшты, у 2022-м форвард зноў апынуўся за акіянам – у NAHL, адной з юнацкіх ліг ЗША. Там Пальчык набраў 8+2 у 25 матчах – а летам 2023-га, незадоўга да 20-годдзя, скончыў з хакеем і перайшоў на працу ў IT.

Раман Дзюкаў

У 17 абаронца дэбютаваў за «Юнацтва», праз тры гады стаў з ім чэмпіёнам і паляцеў у Паўночную Амерыку, дзе яго хапіла толькі на адзін сезон-2016/17 у ECHL (гэтую лігу можна назваць амерыканскім Д3). З тых часоў абаронцу двойчы спрабавалі ў мiнскім «Дынама», аднак Раман выходзіў у нізкіх спалучэннях і па ходзе сезона пасля драфту адмоў зʼяжджаў у ВХЛ. Але і ў гэтай расійскай лізе Дзюкаву замацавацца не ўдавалася.

У 2022-м з Дзюкавым растаўся «Шахцёр», а новую каманду знайсці было складана. У выніку хакеіст перайшоў у кіеўскі «Сокал» – гэта здарылася за пяць дзён да пачатку вайны, якую з 24 лютага 2022-га працягвае Расiя ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. Прыйшлося з вялікай цяжкасцю выбірацца з украінскай сталіцы.

Дзюкаў збіраўся працягваць у расiйскiм «Тамбове», але па выніку за клуб у афіцыйных матчах так і не згуляў. І перайшоў ва «Унію» з чэмпіянату Польшчы, за якую і выступае два апошнія сезоны. У верасні Дзюкаву будзе 29.

Яўген Аксянцюк

Пасля дэбютнага сезона ў экстралізе гэты невысокі форвард атрымаў статуэтку найлепшага маладога гульца і адразу ж паляцеў за акіян. У сезоне-2019/20 Аксянцюк набіраў у сярэднім больш за ачко за матч у юніёрскіх лігах Канады. Беларускага вінгера, які з задавальненнем змяшчаўся ў цэнтр і валодаў добрай перадачай, заўважылі і ў 2020-м задрафтавалі пад 162-м нумарам у «Далас».

Аднак у тым жа годзе Аксянцюк вярнуўся ў экстралігу, дзе за «рэгулярку» ў «Юнацтве» не набраў нават дзясятка ачкоў, затое паспеў падпісацца за рэжым. Затым у карʼеры хакеіста былі восем матчаў у АХЛ, пасля якіх ён зʼехаў у КХЛ. Але ў расійскім «Амуры» ў Аксенцюку расчараваліся ўжо на старце сезона, заявілі пра недахоп майстэрства і адправілі ў фарм з ВХЛ. Цяперашні сезон 23-гадовы гулец праводзіць у чэмпіянаце Казахстана за «Арлан».

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты