Tribuna/Хакей/Блогі/Як Шаранговіч ішоў да рэкорду беларусаў у НХЛ: дапамога 20 асістэнтаў, любімыя брамнікі і 5 найлепшых шайб

Як Шаранговіч ішоў да рэкорду беларусаў у НХЛ: дапамога 20 асістэнтаў, любімыя брамнікі і 5 найлепшых шайб

Буліты ў статыстыку не пайшлі.

Аўтар — bytribuna com
26 красавіка, 07:07
Як Шаранговіч ішоў да рэкорду беларусаў у НХЛ: дапамога 20 асістэнтаў, любімыя брамнікі і 5 найлепшых шайб

Мы ўжо расказвалі, што ў «рэгулярцы» НХЛ-2023/24 былі перапісаныя бамбардзірскія дасягненні для беларускіх хакеістаў. Новы арыенцір па шайбах і пунктах за сезон – Ягор Шаранговіч з «Калгары», які, праўда, не патрапіў у плэй-оф.

Усяго Шаранговіч закінуў за сезон 31 шайбу. А што цікавага было ў працэсе? Паглядзелі і расказваем.

• Шаранговіч правёў усе 82 матчы «рэгуляркі», але вызначыўся толькі ў 25 з іх. Адзін раз гулец адзначыўся хет-трыкам (супраць «Арызоны»), чатыры разы дублямі (дасталася «Вегасу», «Атаве», «Пітсбургу» і «Тампе»), а яшчэ ў 20 выпадках закідваў па адной шайбе.

• З першых 10 шайб сезона Шаранговіч толькі дзве закінуў у хатніх матчах «Калгары». Але потым сітуацыя выраўнялася, у выніку ўдома хакеіст правёў 13 галявых матчаў з 15 шайбамі, а ў гасцях – 12 галявых сустрэч з 16 выніковымі кідкамі.

• Першыя шэсць шайб Шаранговіч нібыта збіраў калекцыю брамнікаў з усяго свету – ад яго прапускалі паслядоўна канадзец Джэймс Раймер, немец Філіп Грубаўэр, расіянін Ілья Сарокін, фін Юусэ Сарос, амерыканец Джэйк Отынджэр і чэх Вітэк Ванечак. Сёмага кіпера ў гэтым спісе таксама можна было занесці ў працяг шэрагу – расіянін Аляксандр Георгіеў нарадзіўся ў Балгарыі. Без такіх дапушчэнняў у выніку атрымліваем, што Шаранговіч закідваў кіперам з васьмі краін (Швецыя і Данія плюсам да вышэй пералічаных). Больш за ўсё пацярпелі канажцы – 14 разоў. Потым ідуць расіяне (5) і фіны (4).

• Усяго ад Шаранговіча прапусцілі 23 галкіпера з 20 клубаў (у пустыя вароты форвард не закідваў). Самымі зручнымі аказаліся расіянін Андрэй Васілеўскі з «Тампы», які прапусціў тры шайбы, і канадзец Конар Інгрэм з «Арызоны» – яму беларус адгрузіў чатыры. Інгрэм паўдзельнічаў і ў адзіным матчы, у якім Шаранговіч закінуў адразу двум брамнікам – кіпер выйшаў на замену чэху Карэлу Веймелке, які паспеў атрымаць ад беларускага форварда адну шайбу, і сам пусціў яшчэ дзве.

• З 31 шайбы Шаранговіч усяго тры закінуў у першым перыядзе. Далей было цікавей: у другім хакеіст адзначыўся 14 дакладнымі кідкамі, у трэцім – 13, яшчэ адна шайба прыпала на авертайм.

• У пратаколах магло быць і больш шайб Шаранговіча – тройчы (пры чатырох спробах) ён вызначаўся дакладнымі кідкамі ў серыях булітаў. Аднак кожны раз ніводны з яго партнёраў не быў паспяховы – і серыі забіралі супернікі.

• Чатыры разы Шаранговіч закідваў пераможныя шайбы – у матчах з «Тампай», «Арызонай», «Лос-Анджэлесам» і «Пітсбургам». А ўвогуле з 25 матчаў з галамі беларускага хакеіста «Калгары» выйграў 13 – 12 у асноўны час і адзін у авертайме. З 12 паражэнняў пры шайбах Шаранговіча дзевяць прыпалі на стандартныя матчы, адно на авертайм і два на буліты (якія, нагадаем, сам хакеіст закідваў).

• 22 з 31 сваіх шайбаў Шаранговіч закінуў у роўных складах. Яшчэ шэсць выпалі на большасць, а тры – на меншасць.

• Непастаянства месца Шаранговіча ў звёнах і яго выхады як у большасці, так і ў меншасці прывялі да таго, што на 31 шайбу прыйшлося адразу 20 асістэнтаў. Больш за ўсё дапамагалі швед Эліяс Ліндхольм (11 перадач, з якіх 5 першых і 6 другіх), канадзец Джонатан Юберда (8, 5 і 3) і яшчэ адзін гулец з Канады Назем Кадры (5, 3 і 2). Пры гэтым тры шайбы Шаранговіч закінуў без перадач.

• У сямі матчах з галамі Шаранговіча ён таксама аддаваў галявыя перадачы: у пяці выпадках па адной, у двух – па дзве.

• Самая доўгая серыя Шаранговіча з шайбамі – пяць матчаў запар: у снежні 2023-га ён паслядоўна закідваў «Нью-Джэрсі», «Каларада», «Вегасу» (двойчы), «Мінесоце» і «Тампе».

• Усе шайбы Шаранговіча за сезон у адным відэа можна паглядзець па спасылцы (ВІДЭА). Мы ж вылучым субʼектыўны топ-5. 22 лістапада канадзец Тайсан Бэры з «Нэшвіла» памыліўся на чужой сіняй лініі – Шаранговіч падхапіў шайбу, пакаціў да чужой брамы і бездакорна рэалізаваў момант (адзнака 9:25).

16 снежня Шаранговіч класным кісцевым у адзін дотык прашыў Васілеўскага з «Тампы». Гэтая шайба аказалася пераможнай для «Калгары» (адзнака 4:45).

11 студзеня супраць «Арызоны» Юберда і Ліндхольм зладзілі карусель у большасці і вывелі Шаранговіча на хвосткі кідок у пусты кут. Прыгожая камбінацыя дазволіла форварду аформіць хет-трык (адзнака 8:46).

Пераможная шайба 27 лютага супраць «Лос-Анджэлеса» – адзін з прыкладаў таго самага дзіўнага для многіх брамнікаў НХЛ кідка Шаранговіча, пра які кіпер «Калгары» Даніэль Уладар жартаваў, што ў Беларусі, відаць, не было «нармальных клюшак» (адзнака 8: 35).

І яшчэ адзін класны «уантаймер» Шаранговіча – з матчу з «Эдмантанам» 6 красавіка (адзнака 4:08).

Бонусам – самы лёгкі гол: 10 сакавіка дацкі брамнік «Караліны» Фрэдэрык Андэрсан падарыў шайбу Шаранговічу (адзнака 8:20).

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты