Усе навіны

Экс-дыпламат Слюнькін: «Да спартсменаў, якія маўчалі, не падпісвалі ні праўладны ліст, ні ліст салідарнасці, у мяне пэўная доля спагады»

28 снежня 2022, 10:45

Беларускі экс-дыпламат Павел Слюнькін, які на дадзены момант з'яўляецца аналітыкам Еўрапейскай рады па міжнародных адносінах (ECFR), у інтэрв'ю «Трыбуне» распавёў, як ставіцца да спартсменаў, якія прамаўчалі, не падпісаўшы ні праўладны ліст, ні ліст за сумленныя выбары.

– Як вы ставіцеся да спартсменаў, якія кажуць, што яны ні ў чым не вінаватыя, што ў дачыненні да іх несправядліва ўжытыя абмежаванні?

– Калі казаць пра атлетаў, якія падпісвалі гэты ганебны ліст [у падтрымку рэжыму], то яны, пэўна, заслужылі тое, што заслужылі. Яны хіба не ведалі, што іх калегаў выключаюць з камандаў за выказванні меркавання, свабода якога гарантаваная Канстытуцыяй, за подпісы? Яны хіба не ведалі, што з іхніх калегаў здзекуюцца ў турмах? Усе ўсё ведалі. Але яны зрабілі свядомы выбар, падтрымаўшы рэжым і злачынствы. І да такіх людзей у мяне эмпатыі няма ўвогуле ніякай.

З некаторай дзеллю разумення стаўлюся да атлетаў, якія вырашылі, што не жадаюць спыняць свае кар'еры, не жадаюць стаць ахвярай рэпрэсій, таму абралі шлях маўчання. Маё перакананне: мы не можам патрабаваць ад кожнага чалавека, каб ён выказваўся, хаця гэта, вядома, адзіна правільныя з маральнага пункту гледжання паводзіны ў такой сітуацыі. Тым больш, ад тых, хто знаходзіцца ў Беларусі. У такой часткі грамадства ёсць і была вялікая рызыка страціць працу, свабоду ці жыццё. Рэпрэсіўная машына можа перамалоць любога, і не кожны гатовы да такога павароту падзей. Таму да тых спартоўцаў, якія маўчалі, не займалі ніякую пазіцыю, не падпісвалі ні праўладны ліст, ні ліст салідарнасці, – да такіх спартсменаў у мяне ёсць вызначаная дзель спагады. Яны ж не робяць нічога ганебнага, завошта іх можна было б моцна крытыкаваць. Аднак адначасова я ў такіх людзей хачу спытаць: «Ну вось, хлопцы, бачыце, да чаго прыводзіць маўчанне? Вы спрабавалі быць па-за палітыкай, а ў выніку палітыка закранула вас».

А вось тым, хто выказаўся і пацярпеў ад дзеянняў рэжыму, я шчыра спачуваю і цалкам падтрымліваю. Яны разумелі ўсе рызыкі, але выбралі свой шлях, па сумленні. Тая ж Аляксандра Герасіменя з ранняга дзяцінства прысвяціла сваё жыццё плаванню, трэніравалася, перамагала, трэніравала, а потым устала перад цяжкім выбарам – альбо і далей ісці да сваіх спартовых мэт і мар, альбо сказаць праўду і пазбавіцца сваёй мары. Яна выбрала другое, паступіўшы па сумленні. Да такіх людзей стаўлюся з вялікай павагай. І іх, вядома, больш за ўсё шкада. Доступ да спаборніцтваў для такіх атлетаў мусіць быць забяспечаны. Пад нейтральным сцягам, пад сцягам свабоднай Беларусі, пад алімпійскімі сцягамі – не важна, але галоўнае, каб такія спартсмены маглі свабодна трэніравацца і прымаць удзел у турнірах. Больш за тое, я ўпэўнены, што з боку міжнародных федэрацый і арганізацый такім спартсменам павінна аказвацца тэхнічная, фінансавая дапамога і падтрымка, таму што яны і так пацярпелі ад рэжыму, і найлепшым адказам на гэта будзе салідарнасць. Я выступаю і буду выступаць за гэта, – сказаў Слюнькін.