Усе навіны

«Мы прызнаем неабходнасць удзелу ўсіх найлепшых спартсменаў свету». НАК ЗША падтрымлівае ідэю МАК дапусціць беларусаў і расіян да спаборніцтваў у нейтральным статусе

2 лютага 2023, 13:58

Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага і паралімпійскага камітэта ЗША (USOPC) Джын Сайкс выступіў у падтрымку МАК наконт вяртання беларусаў і расіян у міжнародныя спаборніцтвы ў нейтральным статусе.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

«Пасля таго, як выслухалі многіх спартсменаў і заўзятараў з ЗША, мы прызнаем рэальную патрэбнасць у тым, каб у спаборніцтвах бралі ўдзел усе найлепшыя спартсмены свету.

Але гэта можа адбыцца, калі працэс будзе адбывацца з поўным забеспячэннем бяспечнай і сумленнай гульні.

Такім чынам, мы заклікалі МАК працягнуць вывучэнне працэсу, які захаваў бы санкцыі, гарантуючы, што да спаборніцтваў будуць дапушчаныя толькі нейтральныя і чыстыя спартсмены.

Гэты працэс патрабуе ўважлівага кантролю і дадатковых намаганняў, каб заваяваць давер нашай супольнасці.

Калі ўмовы нейтралітэту і бяспечнай, чыстай і сумленнай канкурэнцыі будуць выкананы, мы верым, што дух Алімпійскіх і Паралімпійскіх гульняў пераможа.

Гэта і надалей будзе заставацца нашым галоўным арыенцірам», – сказаў Сайкс.

Сайкс заявіў, што НАК ЗША застаецца салідарным з Украінай і яе спартсменамі, і выказаў «рэальную занепакоенасць, нават скептыцызм адносна таго, ці могуць быць выкананы ўмовы» для допуску расіян.