Усе навіны

Еўрапарламент асудзіў намеры МАК вярнуць расіян і беларусаў да міжнародных спаборніцтваў

17 лютага 2023, 20:10

Еўрапарламент у сваёй рэзалюцыі асудзіў намеры Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) дапусціць расіян і беларусаў да міжнародных спаборніцтваў.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі. 25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.

444 дэпутаты падтрымалі рэзалюцыю, у якой гаворыцца, што дазвол расіянам і беларусам спаборнічаць пад нейтральным сцягам «супярэчыць шматграннай ізаляцыі гэтых краін і будзе выкарыстоўвацца абодвума рэжымамі ў прапагандысцкіх мэтах».

26 дэпутатаў прагаласавалі супраць, 37 устрымаліся.

Таксама Еўрапарламент заклікаў 27 краін ЕЗ і міжнародную супольнасць ціснуць на МАК, каб той адмяніў сваё рашэнне, «якое з'яўляецца ганьбай для міжнароднага свету спорту».