Усе навіны

Аляксандр Апейкін: «Ёсць канкрэтны спіс атлетаў, якія перарвалі сваю спартыўную кар’еру і якіх мы прасоўваем як законных прадстаўнікоў Беларусі»

5 сакавіка 2023, 15:27

Выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Аляксандр Апейкін расказаў пра прасоўванне БФСС беларускіх спартсменаў, якія спынілі кар'еру праз рэпрэсіі ў Беларусі.

«Ёсць канкрэтны спіс атлетаў, якія перарвалі сваю спартыўную кар’еру і якіх мы прасоўваем як законных прадстаўнікоў Беларусі. І тады мы можам казаць, што беларуская дэлегацыя, нават гіпатэтычна, будзе мець права ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях і прадстаўляць Беларусь.

Бо гэтая дэлегацыя ад НАК, што рыхтуецца, яна ж не прадстаўляе Беларусі. Гэта проста адабраныя рэжымам людзі, прычым не паводле спартыўнага прынцыпу, а паводле лаяльнай слабасці.

НАК Беларусі не прызнаны МАК, прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту Беларусі Віктар Лукашэнка – таксама нелегітымны для алімпійскага руху», – сказаў Апейкін.

Нагадаем, што многія беларускія каманды і спартсмены былі адхіленыя ад міжнародных спаборніцтваў у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расiяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.

25 студзеня МАК дапусціў магчымасць зняцця адхілення на строгіх умовах, сярод якіх удзел у спаборніцтвах толькі ў нейтральным статусе і адсутнасць у біяграфіі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне.