Усе навіны

Непрызнаны кіраўнік НАК Беларусі Віктар Лукашэнка: «Санкцыі – гэта непрыемна. А калі яны не абгрунтаваныя – вельмі несправядліва»

14 верасня, 12:58

Непрызнаны кіраўнік НАК Беларусі Віктар Лукашэнка падзяліўся меркаваннем пра міжнародны бан.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.

– Санкцыі, абмежаванні – гэта, безумоўна, непрыемна. А калі яны прадузятыя і не абгрунтаваныя – гэта вельмі несправядліва. Адзначу, да НАК Беларусі часовыя абмежаванні былі ўведзены, пачынаючы з канца 2020 года.

Знаходзімся ў кантакце з Міжнародным алімпійскім камітэтам, вядзём дыялог з Міжнароднымі федэрацыямі па відах спорту, каб гэтыя абмежаванні былі зняты. Паверце, паважаныя спартсмены, намаганні прыкладаюцца сур'ёзныя.

[Да гульняў СНД] рыхтавалася ўся краіна. Асабіста наведаў нямала спаборніцтваў у ходзе Гульняў, пагутарыў са спартсменамі, трэнерамі – усе прызнаюць, што ўсё арганізавана на высокім узроўні. Яшчэ раз пераканаўся, што беларусы не толькі любяць арганізоўваць такія турніры, але і ўмеюць іх праводзіць, – сказаў Лукашэнка.