Усе навіны

Віктар Лукашэнка пра допуск беларускіх спартсменаў: «Дыялог з МАК вядзецца, але яны самі не ведаюць, што далей рабіць»

19 верасня, 23:55

Непрызнаны кіраўнік НАК Беларусі Віктар Лукашэнка расказаў пра перагаворы з МАК наконт допуску беларускіх спартсменаў да міжнародных спаборніцтваў.

«Ёсць такое меркаванне, што гэта [зацягваецца рашэнне пра допуск беларускіх спартсменаў] робіцца спецыяльна. Многія кваліфікацыйныя спаборніцтвы прайшлі, на многія мы не адабраліся. Таму ёсць меркаванне, што гэта робіцца спецыяльна.

Дыялог з МАК вядзецца на дастаткова сур'ёзным узроўні. Але яны самі знаходзяцца ў зоне нявызначанасці. Яны не ведаюць, што далей рабіць. Яны самі прывялі да такой сітуацыі, калі проста не разумеюць, як далей ісці», – сказаў Лукашэнка.

Нагадаем, у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022-га працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі, МАК 28 лютага 2022-га апублікаваў рэкамендацыю адхіліць прадстаўнікоў Расіі і Беларусі ад міжнародных спаборніцтваў, як i зрабiла большасць сусветных федэрацый па відах спорту.

28 сакавіка 2023-га МАК абвясцiў, што з гэтага моманту рэкамендуе дапускаць да міжнародных спаборніцтваў беларускіх і расійскіх індывідуальных атлетаў у нейтральным статусе, калі такія спартсмены не дапускалі «актыўнай падтрымкі» вайны ва Украіне, а таксама не маюць кантракта з ваеннымі або сілавымі ведамствамі Беларусі ці Расіі.